Па хвалях памяці Ядвігі Трумпакаіс

14:09 / 23.11.2017
Адна са старэйшых працаўніц культуры раёна Ядвіга Іосіфаўна Трумпакаіс дзеліцца з чытачамі газеты і сайта ўспамінамі пра культурнае жыццё Каранят, свой шлях у культуру і выправанні, якія ёй давялося перажыць

IMG_2422.jpg


Восеньскае неба апранулася ў свінцовыя хмары. Раззлаваны вецер трапаў пачырванелыя чубы высачэзных клёнаў і без кроплі шкадавання гнуў долу маладыя пажаўцелыя бярозкі. Вёска маўчала…

Развітальнае курлыканне журавоў у гэтую слатлівую раніцу прымусіла часцей біцца толькі адно сэрца – Ядвігі Іосіфаўны Трумпакаіс, якая ўсё жыццё пражыла тут, у Каранятах. У гэты восеньскі дзень жанчына развітвалася не толькі з вёскай, але і з роднай хатай: на зіму яна заўсёды пераязджае ва ўтульную добраўпарадкаваную кватэру ў Немянчай.

Жанчына няспешна выйшла з дому і вагаючыся, павесіла на ўваходныя дзверы вялікі жалезны замок. Марудзячы, нібыта свядома адцягваючы развітанне не толькі домам, а з чымсьці больш значным і блізкім, некалькі разоў павярнула ключ.

– Бывай, родненькая. І не сумуй, – быццам з жывым чалавекам жанчына развітвалася з домам, непрыкметна для чужога вока змахваючы няпрошаныя слёзы. – Вясной сустрэнемся!

Хуткай хадой яна накіравалася да машыны, дзе чакала дачка. Цеплыня, якая панавала ў салоне аўтамабіля, адразу агарнула жанчыну. За вакном змяняліся далягляды, а перад вачыма – успаміны…

З кожным годам расставанні з роднай старонкай, няхай толькі і на зіму, даюцца Ядвізе Іосіфаўне ўсё цяжэй, хоць па характары яна ніколі не была плаксівай. Наадварот, весялуха і аптымістка, яна заўсёды прыцягвала і згуртоўвала каля сябе людзей – нездарма ж адпрацавала ў раённай культуры больш за трыццаць гадоў.

Гэтая прыродная жыццесцвярджальная ўнутраная сіла неаднойчы ратавала і яе саму, калі хацелася бегчы ў поле і выць воўкам, качаючыся па траве…
“Па жыцці трэба ісці з усмешкай, нават калі яна праз слёзы,” – узгадвала свой дзявочы дэвіз жанчына, якую ўсё далей ад родных мясцін адвозіла машына…

– З’явілася на свет, як раней сказалі б, у старых людзей: маці было пяцьдзясят, а бацька на тры гады за яе старэйшы… Яны сышліся ўдаўцамі. Са зводным братам па маці Тэлесфорам у нас вялікая розніца ва ўзросце. У 18 гадоў яго забралі ў армію, дамоў ён так і не вярнуўся: ажаніўся і застаўся жыць у Магадане. Са стрыечным братам па бацьку, Губертам (і чаму братоў не назвалі па-просту? – не разумею!) мы сталі падтрымліваць стасункі, на жаль, толькі ў сталым узросце…

…Лічы, сіратой расла: ні бабулі, ні дзядулі – нарадзілася, калі іх ужо не было. Мне было чатыры гады – не стала і таты – я яго дрэнна помню. Мама не расказвала, куды ён падзеўся, ужо потым, калі падрасла, даведалася, што ён не загінуў, а вымушаны быў ратавацца ў Польшчы. Ад людзей пасля дазналася, што па першым часе ён хацеў нас з мамай да сябе забраць. Але што потым здарылася – чаму ён ніводнай вестачкі не прыслаў, не прыехаў за намі? – не ведаю. Відаць, на тое былі свае прычыны…

У школе навукі мне даваліся лёгка – але скончыла толькі сем класаў. Далей вучыцца мама не пусціла: маўляў, чытаць, пісаць і лічыць умею – а большай навукі вясковай дзяўчыне і не трэба. Я марыла стаць ветэрынарам, але супраць матчынага слова не пайшла: засталася пры ёй у вёсцы. Ды, відаць, прага дапамагаць жывому і любоў да жывёл нікуды не дзеліся і з гадамі не зніклі.
Спецыяльнай адукацыі я так і не атрымала, але ўсё жыццё дапамагала і ратавала ад смерці жывёл. Прыляціць, бывала, збялелы сусед: Іосіфаўна, укалі ты быка! Ну як я адмоўлю? І кароўцы не раз дапамагала ацяліцца, і свінцы апарасіцца. Дзе б я ні была, увесь век да мяне жывёла туліцца.

Ад зводнага брата толькі сёлета даведалася, што наш тата ў Пецярбурзе ці то быў, ці то вучыўся за ветэрынарнага ўрача… Можа, па крыві мне гэтыя здольнасці перадаліся? Хоць і не ведала бацькі, але на ўсё жыццё ён пакінуў пра сябе ўспамін.

…Пасля школы ад мары стаць урачом: не адмовілася і некалькі гадоў загаворвала з маці пра вучобу. Яна, бывала, прытуліць мяне пяшчотна, як маленькую: “Дачушка, чым жа я табе дапамагу? Гады ўжо не тыя. Замуж табе пара”. А іншым разам заплача: “Памру, а ты застанешся сірацінкай! Адна – у цэлым свеце!” Тады я яе не разумела і нават крыўдзілася – а з гадамі ўсвядоміла, што мама мела рацыю.

Ледзь мне споўнілася васямнаццаць, як сватоў заслалі. Думаю: чаго цягнуць? Ну і што, што жаніх на восем гадоў старэйшы – такой бяды! Генрыха ведала добра: ён у калгасе працаваў шафёрам – на добрым рахунку ў кіраўніцтва быў і да працы гарнуўся. Замуж ішла за каханага.
Зладзілі з дзяўчаткамі зборную суботу. Я ледзь не ўвесь вечар праплакала: гляну на маму – і сэрца зойдзецца: такая старэнькая, як я яе адну пакіну? Але пакрысе весялосць дзяўчат перадалася і мне: сплецены з мірты вянок аддалі маці, каб раніцай яго да вэлюма прычапіла, а самі весяліліся і песні спявалі. Некаторыя дзяўчаты жартаўліва піхалі адна адну: маўляў, не сядзі доўга ў дзеўках – замуж ідзі! (Усміхаецца).

У нядзелю было вяселле. Мама плакала, калі я з хаты выходзіла. Шлюб бралі ў Міхалісным касцёле. Едзем, помню, у кузаве грузавой машыны, а вецер так і свішча – ажно ссінела ўся ад холаду. (Усміхаецца)

IMG_2415.jpg

Спачатку жылі ў Страчы. Муж працаваў шафёрам у Камарове, а потым, калі перайшоў у Падольскае МТС, пераехалі ў Караняты.
У нас нічога не было, хата – і тая працякала. А я была на сёмым небе ад шчасця! Усё ж такі ў сваім доме і сцены грэюць. Грошай нам хапіла на ложак, ворак мукі і начоўкі, каб дзіцятка купаць – у нас ужо з’явілася Анечка. І нічога – не прапалі, абжыліся.

Але не доўга цешылася я сваім шчасцем: праз паўтара года перад самымі Калядамі не стала мамы… Кажуць, калі чалавек адыходзіць на той свет у вялікія святы, дык адразу ў рай пападае. Мама гэтага заслужыла, цяжкае ў яе жыццё было, гаротнае…

Неўзабаве ў Анечкі з’явілася сястрычка Люда. Гэта зараз у дэкрэце можна тры гады сядзець, раней такога не было. А тут з бібліятэкі Сцяпанаўна звальнялася і прапанавала мне заняць яе месца. Ну я і пайшла, хоць адной дачушцы яшчэ трох не было, а другая ледзь ад лаўкі адскочыла. 2 кастрычніка 1962 года –на ўсё жыццё запомніла гэтую дату – мяне прызначылі загадчыцай клуба-бібліятэкі. Калі б мне ў маладосці сказалі, што 33 гады адпрацую ў культуры – ніколі б не паверыла!

…У нас у клубе пекла было, інакш не скажаш: столькі людзей збіралася на танцы, што не расказаць! Моладзь прыязджала з Міхалішак, Кямелішак, Падольцаў, Рытані, Свіры, Рымдзюнаў – яблыку не было дзе ўпасці. А як весела! І ніводнай бойкі не здарылася за ўвесь час маёй працы… Мо таму, што раней так не пілі?

Работа мне падабалася. Дачушкі пакрысе падрасталі. Паслаў Бог і сына. Калі Алега нарадзіла, не было часу ў дэкрэце сядзець. Другі месяц сыночку зышоў – а я ізноў на рабоце. Маладая была, энергічная. Думаю зараз: як жа мае дзеці выгадаваліся? Мусіць, Божачка іх гадаваў: добрыя яны ў мяне выраслі, кемлівыя, сумленныя.

Семінары па культрабоце раней працягваліся тры дні і прысутнічаць трэба было абавязкова. Нікому ж не пажалішся, што дзеці малыя чакаюць, свінні не кормленыя… Адзін з такіх семінараў праходзіў напярэдадні Вельканца ў Ашмянах. Наш начальнік адпусціў з нарады мяне і яшчэ некалькі дзяўчат. Колькі радасці было! Пешшу ішлі: куды ні паставіш нагу – хлюпае. А мы смяёмся, цешымся, што дома будзем свята сустракаць. У Вароне разышліся хто куды.

Дадому ў Караняты прыйшла апоўначы. Муж незадаволена буркнуў з ложка: маўляў, ва ўсіх хатах яйкі пафарбаваныя, пірагі спечаныя –толькі я швэндаюся невядома дзе. Спаць так і не клалася: нягледзячы на стому, напякла пірагоў і яйкі пафарбавала – і ў нашай хаце было свята, як і ва ўсіх…

Хоць і цяжка прыходзілася, а жыла работай у клубе. Колькі спектакляў мы з аднавяскоўцамі паставілі! Колас, Купала, Макаёнак – усіх аўтараў цяпер і не ўспомню...

Зіма, мароз цісне пад трыццаць градусаў – не тое, што зараз! Снегу ў клуб праз шчыліны намяло... Прыбіральшчыца вырашыла печку зацепліць. Зацепліла на сваю бяду –дым пайшоў на залу. А мы якраз чакалі камісію з раёна… Нічога – на “выдатна” “Паўлінку” паставілі!

IMG_2413.jpg



Асабліва мне запомніўся спектакль “Папараць-кветка”. Сцэнарый сама пісала, бегала па хатах людзей упрошвала. Лёгкімі на пад’ём аказваліся жанчыны, хоць у кожнай – работа, дзеці, гаспадарка. Што вы думаеце – дзевятнаццаць чалавек ігралі ў пастаноўцы! У Каранятах! Увесь раён са спектаклем аб’ездзілі, нават абласное начальства яго бачыла. За гэта нашу трупу ўзнагародзілі паездкай у Хатынь і на Курган Славы.

А яшчэ мы ладзілі святы вёскі. Ніводнай вёсачкі не абмінулі! Гадзілуны, Белая Вада, Варзяны, Буйкі – усюды даехалі і кожнага жыхара ўважылі. Цяпер летам у Каранятах пятнаццаць чалавек жыве, і ўсе старэйшага веку – вось бы хто да нас прыехаў… Напэўна, іншыя раней людзі былі: і работу рабілі, і весяліліся, і гаравалі разам. Нашы, караняцкія, любілі ў клубе сабрацца, пагаманіць, паспяваць… І з іншых вёсак людзі прыходзілі.

Любіла рыхтаваць вечарыны ў гонар юбіляраў, якія разам пражылі многа гадоў. Такіх сямейных свят у нашым клубе шмат прайшло, нават тэматычную назву мерапрыемствам прыдумала: “Ад вяселля да вяселля”.

На ўсё жыццё запомніла сямейную пару з Варзянаў: Міхаіла і Саламею Тубісаў, якія адзначалі 70-годдзе сумеснага жыцця. Прыехала запрашаць, а яны, напэўна, праз сваю сарамлівасць і сціпласць, усё ніяк не згаджаліся: маўляў, хто мы такія, каб у наш гонар цэлае свята ладзілася! Ды я б не я была: упрасіла… (Усміхаецца). Як хораша ўсё атрымалася! Дзеці з Вільні прыехалі, аднавяскоўцы прыйшлі. І нашы з вёскі падцягнуліся: у лаўках сядзелі не чужыя людзі, усе былі сваякамі – роднымі…

…Што самае складае было за гады маёй працы? (Задумваецца). Нічога так у знакі не далося, як лозунгі пісаць! Па некалькі разоў выводзіла літару за літарай – а прыгожа не атрымлівалася, толькі паперу псавала. Але ў рэшце навучылася! (Усміхаецца).
Больш за дваццаць гадоў была дэпутатам сельскага Савета. Тройчы ўдзельнічала ў перапісе насельніцтва. Добра, калі якога коніка дадуць, а больш сваімі нагамі даводзілася гразь мясіць. Па Стрыпішках як пойдзеш – а там семдзесят хат сярод балот па хутарах раскідана – невядома, калі дахаты вернешся. Але ва ўсіх маіх паперах быў толк і парадак.

Мінула ўжо столькі гадоў, як працавала ў клубе, а да гэтага часу захоўваю сцэнарыі святаў, спектакляў, пастановак: кожны з іх у асобнай папцы ляжыць, і год пазначаны. Не раз хацела распаліць імі печку – але рука ўсё ніяк не падымаецца. Усё ж сама прыдумвала, запісвала, начэй недасыпала – жыла гэтым, а тут у адно імгненне пусціць у агонь? Не магу… Спалю – нібыта і не было гэтага ўсяго. Але ад сябе, як і ад успамінаў, не ўцячэш і не схаваешся…

Саракоўка мне яшчэ не сышла, як засталася ўдавою. Загінуў мой Генрых – у адно імгненне свет чорным стаў. Не ведала, як далей жыць. Дзякаваць Богу, дзеці мяне падтрымалі. Думала, нехта з іх застанецца жыць у Беларусі, але і дочкі, і сын на Літве знайшлі свой лёс, там і засталіся.

IMG_2426.jpg


З Бярнардам – другім мужам – яны мяне і пазнаёмілі. Удавец, працавіты, спакойны – ён прыязджаў сюды на вёску і дапамагаў па гаспадарцы – так і сышліся.

З той пары разам з ім з ранняй вясны і да позняй восені мы жылі ў Каранятах: гародчык і кветкі каля хаты садзілі, хадзілі ў грыбы, а на зіму перабіраліся ў Немянчай. Няма больш Бярнарда, але па нашай з ім завядзёнцы штогод на зіму еду ў Літву. І не магу дачакацца вясны, калі вярнуся ў Караняты: тут нават былінка пры дарозе – і тая прыгажэйшая.
…Караняты – гэта мае карані, якія трымаюць у гэтым свеце.




Текст:
Фото: Алёна Гануліч