Развагі АПэшкі пра цюбінгі і выхаванне дзяцей

07:30 / 17.01.2019
Прывітанне, мае юныя і дарослыя сяб­ры! Ой, як даўно мы з вамі не бачыліся-не чуліся – цэлы год! Развіталіся ж яшчэ ў 2018-ым, а ўжо палову месяца 2019-га прайшло…
АПэшка радость.jpg
Скажыце, а што вам на Новы год Дзед Мароз падарыў? Вось мне – тое, што я папрасіла: цюбінг! Летась я не паспела на ім пакатацца, то ўжо сёлета, вырашыла, што трэба абавязкова праверыць, што гэта такое. Аднойчы Палінка, як першы снег выпаў, дазволіла мне адзін разок на ім з горкі з’ехаць. Так класна! І з’явілася ў мяне мара: займець уласны цюбінг, каб з горкі катацца, калі захачу, а не тады, калі Палінка дазволіць. Дзяўчынка я, мне здаецца, выхаваная і таму не стала бацькам-журналістам галаву дурыць, а  Дзеду Марозу пісьмо напісала і ў лядоўню на ноч паклала. І ўяўляеце: ранкам 1 студзеня прачынаюся, а пад ёлкай – новенькі цюбінг!

Толькі на Новы год снегу не было, і падарунак свой я не змагла праверыць у справе. Затое зараз – сапраўдная зіма: і снег, і мароз. А з імі – і горкі, і каткі, і лыжы! Раздолле! Але на каток мне пакуль рана: канькі я ў Дзеда Мароза на наступны год папрасіць збіраюся – нельга ж усё адразу, праўда? Ён хоць і чараўнік, але калі ўсе дзеці пачнуць па сто падарункаў заказваць, то і ў чараўніка могуць грошы скончыцца. А да лыжаў я пакуль не дарасла... Так што з усіх зімовых забаў у мяне адна засталася – горка!

Але на горку адной мне бацькі-журналісты хадзіць не дазваляюць. А самі вечна занятыя: у адной газетны дзень, другая дзяжурыць па нумары, трэцяя на нараду пабегла, чацвёртая ў рэйд паехала, пятая – па фермах, шостай матэрыялы на конкурс трэба рыхтаваць… А мне што, сядзець ды глядзець, як яны працуюць? Узяла я ціхенька свой дзедмарозаўскі цюбінг і на горку пабегла – я ўжо ж амаль дарослая!

На горцы так класна: ляціш на цюбінгу, як птушка! Адзін раз я так разагналася, што ледзь у палонку не ўляцела. А другі раз спусцілася з горкі і не паспела адысціся, як Андрэйка на санках з’язджае – і прама на мяне! Я адскочыць не паспела, дык ён у мяне ўрэзаўся: я ў адзін бок павалілася, Анд­рэйка з санкамі –  у другі. Вельмі моцна стукнуліся, у мяне сіняк потым на назе з’явіўся, а Андрэй бараду абдзёр. Але мы не плакалі – самі ж вінаватыя. 

А дома бацькі-журналісты мне добрага прачуханца далі за тое, што адна на горку пайшла. Скажу па сакрэце: ад мамы Рыбік нават плескача атрымала. Толькі вы нікому не расказвайце, а то яе за гэта могуць бацькоўскіх правоў пазбавіць – а яна ж харошая, хоць часам і злуецца! Да таго ж пляскач балеў не так, як нага, і я, па праўдзе кажучы, яго заслужыла… 

Толькі зразумела я гэта не адразу, спачатку плакала і крыўдавала на ўсіх, асабліва на маму Рыбік. А потым па тэлевізары пачула і ў газеце прачытала, колькі дзяцей, катаючыся на цюбінгах, рукі-ногі паламалі. А адзін дарослы хлопец нават загінуў! Во які страх!

Але ж на горку ўсё роўна хочацца! І тады мама Рыбік сказала: хто ідзе рабіць здымкі для «Астравецсёння», той і АПэшку на горку вядзе! Такое вось у журналістаў атрымалася дадатковае заданне – а я і радая. Найлепш, скажу я вам, з Антончыкам катацца: ён у мяне, бывае, цюбінг просіць, каб самому з горкі скаціцца. І не баіцца, што будзе, як з тым хлопцам…

А потым прыеха­лі нейкія дарослыя дзядзькі і цёткі і сказалі, што на нашай горцы катацца на санках і цюбінгах забаронена, бо гэта небяспечна. І бацькі, што прыводзілі сюды сваіх дзяцей, сталі абурацца маім бацькам – нібыта яны гэта самі прыдумалі: маўляў, чаму забаронена, мы ў сваім дзяцінстве зімой тут увесь час  прападалі і нічога з намі не сталася. А што нашым дзецям цяпер рабіць – у камп’ютарах днямі сядзець? 

467.jpg

Яны абураліся, журналісты спрабавалі апраўдвацца – я заўважыла, што маім бацькам, ледзь што здарыцца, першым перападае. 
А я слухала і думала: дзіўныя гэтыя дарослыя. Яны, вядома ж, пра нас, дзяцей, клапоцяцца, пра нашу бяспеку і дзеля гэтага  стараюцца ўсё небяспечнае забараніць. Але калі і сапраўды непакояцца, то хай бы зрабілі горкі там, дзе гэта бяспечна, праклалі там трасу для  катання на санках і цюбінгах, зрабілі ўзбоч яе снежныя агароджы, каб хто, разагнаўшыся, не вылецеў туды, дзе дрэва стаіць, ці шыльда «Астравецкі лясгас» – гэта я пра Ліпковую гару каля Гудагая чытала, што там дзеці, спускаючыся з горкі, часта ў гэтую шыльду ўразаюцца і тады – бяда-бяда... Зрэшты, лясгас мог бы і сапраўды тую шыльду ў іншае месца пераставіць – няўжо ім цяжка?

 Вы, дарослыя, занадта моцна за нас баіцеся. Можа, так і трэба – але і нас, дзяцей, зразумейце: вы ў сваім дзяцінстве і на санках каталіся, і ў рэчцы плавалі, і ў лес бегалі, і на калгасным збожжатаку працавалі –  вам усё можна было! А як выраслі, то нам усё забараніць стараецеся – нам нельга ўсё, што вам дазвалялі і нават хвалілі за гэта! Самі пазбаўляеце нас нармальнага дзяцінства, а потым абураецеся, што мы расцём не такімі, як вам хочацца, кветкамі аранжарэйнымі, да жыцця непрыстасаванымі…

Дык вось, хоць і кажуць, што яйкі курыцу не вучаць, я ўсё ж хачу даць вам, дарослыя, адну параду: зрабіце для дзяцей бяспечныя горкі, а потым ужо забараняйце катацца там, дзе небяспечна.
І дзецям хачу параіць: не рабіце так, як я, не ўцякайце самі на горку, бо матчын пляскач – гэта самае малое, што можа чакаць вас увечары. А  можа здарыцца так, што і бальнічны ложак… Яно вам трэба? Лепш з бацькамі ў выхадны дзень ідзіце на горку!
Усё, пайшла я нагу мазаць, каб сіняк хутчэй сышоў. А заўтра з Антончыкам зноў на горку рванём! Калі, вядома, снег не растане – сіноптыкі ж зноў абяцалі пацяпленне…


Ваша АПэшка.


Текст: Главный администратор