Сустрэчы ў школьным музеі

08:46 / 25.06.2018
Год малой радзімы –  найлепшая магчымасць паглыбіць веды аб сваім краі, сфарміраваць  пачуццё гонару і ад­каз­насці за Бацькаўшчыну. Менавіта гэтымі прынцыпамі і  кіруецца музей Гудагайскай сярэдняй школы.

1.jpg

Радзіма пачынаецца з сям’і,  та­му было вырашана звярнуц­ца да сва­іх каранёў – і скласці радавод з вы­карыстаннем найноўшых тэх­налогій. Дапамог у гэтым школьны ін­жынер-праграміст Юрый Івана­віч Шыхаўцоў: ён  пра­вёў майстар-клас і навучыў з дапа­могай камп’ю­тарнай прагра­мы «сістэматызаваць»   свае род­насныя сувязі. 

Школьнікі  з цікавасцю ўзяліся за працу. Яніна Мацкевіч за гадзіну склала свой радавод да пятага калена, астатнія ўдзельнікі майстар-класа адправіліся дадому за звесткамі пра   родзічаў. А нехта  вымушаны будзе звярнуцца ў  архівы, бо без каранёў чалавек – што перакаці-поле… 

Зацікавіла школьнікаў і сустрэча з бібліёграфам  раённай бібліятэкі Аленай Ягораўнай  Мінкевіч. Большасць  не маглі сабе ўявіць, колькі ў бібліятэцы кніг, дзе можна знайсці звесткі пра  Астравеччыну. У гэтым моры адно з першых выданняў – кніга прафесара А.І. Мальдзіса «Астравеччына, край дарагі», выдадзеная ў 1977 годзе, якая ўжо можа лічыцца гісторыяй  –  і пры гэтым з’яўляецца толькі маленькім астраўком у вялікім мностве выданняў, з якімі пазнаёміла Алена Ягораўна. 

Сустрэліся мы і з Уладзімірам Прыхачам, які вядомы  жыхарам  Астравеччыны па публікацыях у «Астравецкай праўдзе», –  упэў­нена, многія звярнулі ўвагу на яго артыкул  «Як Слабодка стала Гудагаем» і іншыя краязнаўчыя даследаванні.

Настаўнік матэматыкі Смаргонскай гімназіі Уладзімір Уладзі­міравіч не пашкадаваў часу, каб сустрэцца з края­знаўцамі зямлі Гудагайскай. 
Ён увесь свой вольны час скіраваў на пошукі новых звестак з гісторыі Смаргонскага, Аш­мян­скага і Астравецкага раё­наў. На працягу двух апошніх дзеся­цігоддзяў Уладзіміру Прыхачу  ўдалося зрабіць нямала адкрыццяў, бо супрацоўнічае ён з вядомымі ў Беларусі вучонымі і даследчыкамі. 

Уладзімір Уладзіміравіч рас­казаў дзецям пра  электроўню ў Сяржантах, гісторыю пабудовы і развіцця чыгункі, асаблівасцях школ Пілсудскага – дарэчы,  такая функцыянавала і ў мястэчку Гудагай. 

Цяпер  даследчык збірае ма­тэрыялы пра  геадэзічныя знакі ча­соў Рэчы Паспалітай на будынках і іншых аб’ектах. Да пошукаў ён запрасіў далучыцца гудагайскіх школь­нікаў і настаўнікаў. 

Сустрэчы ўзбагацілі вучняў новымі ведамі аб сваёй малой радзіме, падарылі  незабыўныя ўражанні і  пазнаёмілі  з новымі экспанатамі школьнага музея.

Марыя ВАСІЛЁНАК, кіраўнік музея Гудагайскай СШ.


Текст: Главный администратор