Сэнс Божых запаведзяў тлумачыць Казімір Варановіч

10:27 / 28.02.2018
Вялікі пост – той самы час, калі трэба спыніцца, азірнуцца і задумацца: ці так я жыву? Ці ўсё раблю правільна?
Праз прарока Маісея Бог перадаў людзям дзесяць наказаў, дзесяць запаветаў – ланцужок з пацерак, якія абараняюць нас ад злых сіл…
Многія з нас з дзяцінства памятаюць іх – і з гадамі разуменне наказаў Усявышняга не змяняецца.
Разабрацца ў рэлігійных тонкасцях Божых запаветаў, растлумачыць іх сэнс праз прызму сучаснасці нам дапамог адданы вернік, старшыня касцёльнага камітэта парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках Казімір Варановіч.

IMG_8676.jpg

10 Божых запаведзяў (наказаў):

1. Не май іншых багоў апроч мяне.
2. Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна.
3. Памятай святы дзень святкаваць.
4. Шануй бацьку свайго і маці сваю.
5. Не забівай.
6.  He чужалож.
7.  He крадзі.
8. He сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго.
9.  He пажадай жонкі бліжняга твайго.
10. He пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму.

Усе гэтыя наказы аднолькавыя ва ўсіх веравызваннях. Каб людзі іх выконвалі, то жылі б, напэўна, як у раі, бо Пан Бог стварыў на Зямлі ўсё неабходнае для жыцця. Але шмат стагоддзяў назад першыя людзі Адам і Ева не паслухаліся Бога і пакаштавалі забаронены плод. З таго часу мы, іх нашчадкі, прыходзім у гэты свет з першародным грахом, які змываецца падчас хрышчэння. І на працягу жыцця, імкнучыся не проста існаваць, а жыць па Божых запаветах, можам наблізіцца да страчанага Раю…

Першы наказ: не май іншых багоў, апроч мяне

«Я ёсць Альфа і Амега – пачатак і канец» – гаворыць Пан Бог. Гэта запаведзь загадвае верыць Богу, спадзявацца на Яго, любіць Яго і патрабуе не прызнаваць іншых багоў, створаных рукою, пыхаю ці шаленствам чалавека.
Веруючы чалавек павінен няспынна паглыбляць і ўмацоўваць сваю веру праз удзел у імшы, слуханне казанняў, частую споведзь, святую камунію, чытанне Святога Пісання, іншых рэлігійных кніг і пакорную малітву. Інакш вера будзе слабець, а чалавек – падвяргацца цяжкім спакусам.

Грахі супраць Божага наказу:
* Добраахвотнае сумненне ў веры – абыякавасць да таго, што аб’явіў Бог і ў што верыць Касцёл, ці адмова прызнаць гэта праўдзівым;
* Нявер’е. Хрыстос казаў: «Хто ўверуе і прыме хрышчэнне, бу­дзе збаўлены, хто не ўверуе будзе асуджаны».
* Ерась – упартае аспрэчванне ці сумненне ў веры. Апастазія – поўная нязгода з хрысціянскай верай. Схізма – адмова прызнаць найвышэйшую ўладу біскупа Рыма ў Касцёле.
* Роспач – грэх супраць надзеі, калі чалавек перастае чакаць ад Бога асабістага збаўлення або адпушчэння грахоў.
* Забабоны – скажэнне рэлі­гійнай скіраванасці чалавека. Напрыклад, вера ў тое, што лічба 13 прыносіць няшчасці, што не пашанцуе, калі дарогу перабяжыць чорны кот.
* Вера ў сны становіцца грахом, калі чалавек кіруецца ў сваім жыцці імі, а не верай у Бога і розумам.
* Варажба і магія: выкліканне сатаны, дэманаў, душаў памерлых і іншыя дзеянні, якія маюць пад сабой мэту даведацца будучыню.
* Чары, замовы – імкненне авалодаць таямнічымі сіламі і карыстацца імі з намерам нашкодзіць людзям або, наадварот, даваць абяцанне чалавеку з дапамогай іх вярнуць здароўе. Насіць амулеты – таксама грэх.
* Спакушэнне Бога – калі чалавек выпрабоўвае Усявышняга словам ці ўчынкам.
* Сіманія – грэх, які вынікае з імкнення прадаць або купіць духоўныя рэчаіснасці.
* Святатацтва – нягоднае ўдзя­­ленне ці прыманне святых сакра­мантаў, а таксама прафана­цыя (ганьбаванне) літургічных дзеянняў, духоўных асобаў, святых рэчаў.
* Ідалапаклонства – абагаў­лен­не таго, што не з’яўляецца Богам, калі чалавек ушаноўвае і ўсхваляе якое-небудзь стварэнне, бажкоў, дэманаў, грошы, золата, пачуццёвыя задавальненні і іншае. Мы павінны памятаць, што служыць павінны Богу, а не багаццю.

Любое зло вяртаецца назад бумерангам, і расплачвацца за яго можа не сам чалавек, а яго нашчадкі – ажно да сёмага калена.

source.jpg




Другі наказ: не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна

Аб’явіўшыся прароку Маі­сею, Бог назваў сябе «Я Ёсць, які Ёсць», што па-яўрэйску гучыць як «Яхвэ». У часы Маісея нікому, апроч найвышэйшага святара, не дазвалялася вымаўляць гэтае слова.

Як мы павінны шанаваць імя Божае?
* Моваю. Словы «Бог», «Езус Хрыстус», «Марыя» мы павінны вымаўляць з пашанай.
* Веравызнаннем: мы не па­вінны саромецца прызнавацца, што мы – хрысціяне.
* Хрысціянскім прывітаннем «Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!» і адказам на яго «На векі вечныя, амэн» ці «Хвала Хрысту!» – «Хвала на вякі». Гэтыя прывітанні і адказы адначасова з’яўляюцца малітвай праслаўлення Зба­віцеля.
* Прысягаю – калі заклікаем Бога за сведку праўдзівасці нашых слоў.
* Шлюбам – калі мы свядома і добраахвотна абяцаем Богу рабіць нешта добрае ў яго гонар. Урачыстае абяцанне любові, вернасці і пашаны даюць нарачоныя падчас заключэння суджэнскага шлюбу. Урачыстае абяцанне цнатлівасці да смерці дае юнак, прымаючы святарскія пасвячэнні, ці дзяўчына ў адказ на манаскае пакліканне.
Чым зневажаецца Божае імя?
* Фальшывай ці легкадумнай прысягай.
* Блюзнерствам, якое пра­яўляецца ў выказванні ў словах ці думках нянавісці, дакораў, выклікаў, злых слоў у адрас Бога, Касцёла, святых.
* Легкадумным прызываннем Бога. Грашыць той, хто жартуе з святых слоў, рэчаў ці ўжывае іх у гневе або ў нікчэмнай гутарцы; калі абяцае Богу нешта зрабіць узамен на яго ласку і дапамогу і беспрычынна адкладвае выкананне гэтага ці ўвогуле не выконвае.
* Праклёнам. Другі Божы запавет парушае той, хто ненавідзіць ці жадае зла Богу, сабе, іншаму чалавеку, жывёлам або рэчам. Так праклялі сябе і сваіх дзяцей яўрэі, калі дамагаліся смерці Хрыста, гаворачы: «Кроў яго няхай спа­дзе на нас і на дзяцей нашых».
* Вераломствам грашыць той, хто пад прысягай дае абяцан­не без намеру яго выканаць або не стрымлівае слова, шчыра прысягнуўшы.
*Нараканнем. Калі нешта складваецца не так, як хацелася б ці ў сітуацыі цярпення. Часам мы просім у Бога штосьці, але гэтага так і не атрымліваем. І толькі праз многа гадоў упэўніваемся ў тым, што ўсё склалася як ма­га найлепш і што Бог сваёй прадбачлівасцю збярог нас.

nrsN7TwxF5M.jpg


Трэці наказ: памятай святы дзень святкаваць
Пасля сваёй смерці на крыжы Езус з мёртвых паўстаў у першы дзень пасля суботы. Таму мы, хрысціяне, святкуем нядзелю.

 Акрамя гэтага хрысціяне святкуюць:
* Дзень Божага нараджэння
* Аб’яўленне Пана, ці Тры каралі
* Унебаўшэсце Пана
* Дзень Найсвяцейшага цела і крыві Хрыста
* Дзень святой Багародзіцы Марыі
* Дзень святога Юзафа
* Дзень святых апосталаў Пятра і Паўла
* Дзень усіх святых

 У нядзелю і вялікія хрысціянскія святы варта ўстрымлівацца ад цяжкай працы і работы з мэтай заробку.
Цяжкая праца ў нядзелю толькі тады не бу­дзе лічыцца грахом, калі яна выконваецца па вельмі важнай прычыне: стыхійнае бедства (пажар, навадненне), збор ураджаю пасля працяг­лых дажджоў.

Правільнаму святкаванню нядзелі таксама перашкаджаюць забавы, якія паслабляюць дух і прыводзяць да граху. Грахоўным лічацца свавольства моладзі на Каляды: цяганне варотаў, падпіранне дзвярэй, закладванне коміну і іншыя.

У нядзелю і святыя дні вернікі павінны ўдзельнічаць у святой імшы, калі толькі не маюць істотных апраўданняў, напрыклад, хвароба ці догляд дзіцяці.

Варта памятаць сэнс вялікіх касцёльных урачыстасцей, якія мы называем фэстамі. З некалькіх тысяч вернікаў шчыры ўдзел у святой імшы прымаюць не ўсе. Некаторыя ў час, калі адбываецца святая імша, гуляюць па парку ці сярод гандлёвых радоў. Задайце сабе пытанне: навошта я ўдзельнічаў у фэсце? Хачу наблізіцца да Бога? Жадаю ахвяраваць шчырую споведзь і камунію за збаўленне кагосьці з памерлых сваякоў? Ці я прыйшоў пагаманіць са знаёмымі, сустрэцца з сябрамі? Паглядзець на людзей?

Калі ўдзяляецца найсвяцейшы сакрамэнт – цела і кроў Езуса, усе павінны моўчкі ўкленчыць, хто не можа гэтага зрабіць, то, стоячы ці седзячы, лёгка схіліць галаву ўперад.
Падчас працэсіі, тыя, хто прысутнічае на вуліцы, павінны ўкленчыць.

Пасля працэсіі не спяшайцеся дамоў, а вярніцеся назад – у касцёл, таму што ў гэты момант адбываецца самае галоўнае на фэсце – Божае Благаславенне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

…Нядзеля – гэта дзень цішыні, разважання над Святым Пісаннем і рэфлексіі.

Не лянуйцеся ісці ў касцёл, бярыце з сабой дзяцей, бо толькі праз прыклад бацькоў яны вучацца верыць, спачуваць, дапамагаць бліжняму.
Калі вы раптам палянуецеся ісці на імшу, успомніце, што Бог настолькі палюбіў лю­дзей, што дзеля іх збаўлення аддаў на смерць адзінага сына… А вы шкадуеце ўсяго толькі некалькі гадзін свайго выхаднога дня.

IMG_3630.jpg



(Працяг будзе)

Текст: