У Камаях успомнілі Казіміра Сваяка
08:57 / 19.02.2018
Напачатку лютага ў Камаях прайшло свята ў гонар нашага слыннага земляка, паэта сярод святароў і святара сярод паэтаў – Казіміра Сваяка.
Нягледзячы на тое што лёс адмераў яму кароткае зямное жыццё, Казімір Сваяк словамі, справамі, вершамі, казаннямі і малітвамі на доўгія часы запісаў сваё імя ў гісторыю Астравеччыны, ды і ўсёй Беларусі.
На жаль, касцёл Святога Яўхіма ў Клюшчанах, куды Косцік дзіцем хадзіў разам з бацькамі на імшу, дзе падлеткам адчуў сваё пакліканне і куды праз некалькі гадоў вярнуўся святаром, загінуў у агні. Ужо ніколі не атрымаецца адчуць невымоўнае святло храма, укленчыць на драўлянай падлозе, па якой некалі ступалі ногі святара, і шчыра памаліцца ва ўнікальнай, быццам бы сатканай з самога сонца, святыні…
Тым не менш памяць пра Казіміра Сваяка жывая і зараз, дзякуючы шчырым, дзейсным людзям – у першую чаргу Іаланце Валуевіч, якая, не шкадуючы часу, здароўя, душэўных сіл, збірае на сустрэчы астравецкіх «сваякоў», рады якіх апошнім часам, на жаль, паменшыліся, запрашае гасцей з Мінска, Віцебска, Вільні і іншых гарадоў і мястэчак.
І сёлета, дзякуючы Іаланце Францаўне і ксяндзу з Міхалішак Анатолю Захарэўскаму, астраўчане змаглі трапіць у Камаі на свята ў гонар Казіміра Сваяка.
Вытокі сваякоўскіх сустрэч
Крыху больш за дзесяць гадоў назад астраўчане і камайцы дамовіліся ладзіць сваякоўскія сустрэчы два разы на год: у Камаях у лютым адзначаць дзень нараджэння Казіміра Стэповіча, а ў Клюшчанах збірацца на гадавіны з дня яго смерці.
Хоць вікарыят Казіміра Сваяка ў Камаях працягваўся менш за год, удзячныя парафіяне і да гэтага часу памятаюць святара… А гэта заслуга нястомнага, няўрымслівага, энергічнага, унікальнага ксяндза Яцэка Хутмана. Паляк па нацыянальнасці, набажэнствы ў касцёлё ён праводзіць па-беларуску, вяртае забытыя імёны дзеячаў мастацтва і рэлігіі, рэстаўрыруе касцёл і могілкі, апякуецца мясцовай моладдзю – словам, працягвае справу Сваяка…
Праз два дні пасля свайго прыбыцця ў Камайскую парафію ксёндз Канстанцін Стэповіч пісаў у дзённіку: «…Прыехаў на свой вікарыят у Камаі. Беларусь шчырая. Нават разгаварыцца іначай трудна. Касцёл падобны да нейкай крэпасці з сярэдніх вякоў. Пробашч чалавек залаты. …Наагул здаецца, што тут дрэнна ня будзе…»
Відаць, касцёл Святога Яна Хрысціцеля, як і яго парафіяне, залужылі ў Бога асаблівую ласку: Ён пасылае камайцам сапраўдных святароў.
Паяднаныя Сваяком
Нядзеля. Раніца. Камаі. Кусаецца мароз. Да імшы застаецца з паўгадзіны, а вольнага месца ў лаўках ужо не знайсці. Вернікі адмаўляюць ружанец – прамаўляючы кожную малітву шчыра, а галоўнае – па-беларуску. Тое, за што так хварэў, пакутаваў і цярпеў праследаванні Казімір Сваяк, здзейснілася! Нават бабулькі, якія з дзяцінства прывыклі маліцца на польскай мове, па-нашаму прамаўляюць «Вітай, Марыя» і «Ойча наш».
Падчас імшы, якую разам праводзілі ксяндзы Яцэк Хутман і Анатоль Захарэўскі, маліліся за вернікаў і гасцей клюшчанскай парафіі, узгадвалі Казіміра Сваяка. Богаслужэнне скончылася на настальгічнай ноце: пранізліва-шчырае выкананне песні пра маленькую радзіму Казіміра Сваяка, вёску Барані, расчуліла да слёз многіх прысутных у касцёле.
Штогод сваёй музыкай і спевамі святы ў гонар Казіміра Сваяка аздабляюць удзельнікі гурта «Балцкі субстрат» на чале з Максімам Іўкінын. У Камайскім сельскім доме культуры сёлета яны далі невялікі канцэрт. Гучалі песні на словы Казіміра Сваяка, Юлія Талбіна, Максіма Гарэцкага. Лідар гурта Максім Іўкін правёў віктарыну, прысвечаную ксяндзу Канстанціну Стэповічу. За правільныя адказы гледачы атрымлівалі прызы ад грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Па традыцыі свята прадоўжылася ў плябаніі, дзе людзей гасцінна сустракаў ксёндз Яцэк.
Мастацкую частку распачала Генавефа Дубіловіч. Яна, перайначыўшы крылатыя словы Уладзіміра Караткевіча, адзначыла, што Камаі – край адкрытых душ і гасцей, а таксама ўручыла штогадовым удзельнікам сваякоўскіх сустрэч невялікія падарункі.
Іаланта Валуевіч прызналася, што злавіла сябе думцы, што «Хаўрус сваякоў», які некалі арганізаваў і якім кіраваў Казімір Сваяк, працягвае існаванне і зараз: ксёндз Яцэк, гэтак жа як і Канстанцін Стэповіч, згуртаваў каля сябе цікавых людзей. Іаланта Францаўна прачытала верш Віктара Шніпа.
Паэтычны настрой падтрымала і ўнучка ўдзельніка «Хаўруса Сваякоў» Іосіфа Лаўрыновіча, стрыечная сястра паэта Станіслава Валодзькі Галіна Паўлава – яна прачытала верш-прысвячэнне брата Казіміру Сваяку.
…Ланцужок выступленняў пацягнуўся далей. Шмат добрых і цёплых слоў у гэты дзень было сказана пра Казіміра Сваяка, нястомных Яцэка Хутмана і Іаланту Валуевіч…
Верыцца, што ксёндз Казімір усё бачыць з вышыні і яго сэрца радуецца, што людзі моляцца на сваёй мове і не баяцца Бога, бо Ён і ёсць любоў…