Калядныя традыцыі і звычаі сям’і Варановіч з Дайлідак

09:00 / 26.12.2017

Больш за дзве тысячы гадоў назад у Віфліеме нарадзілася Божае Дзіцятка. І ні ў адным доме, ні ў адной сям’і для маленькага Езуса не знайшлося месца – святая сям’я знайшла прытулак толькі ў стайні сярод жывёл…

IMG_8714.jpg

Для добра вядомай на Аст­равеччыне сям’і Варано­віч з Дайлідак: Казіміра Ста­ні­сла­вавіча, Тэрэсы Іосі­фаў­ны і іх дачкі Вікторыі – дзень Божага Нараджэння і Вялікдзень – самыя галоўныя святы… Не толькі на Каляды, але і на працягу ўсяго жыцця сэрцы гэтых людзей, як і іх гасцінны дом, адкрыты для Дзіцяткі Езуса і кожнага, каму патрэбна дапамога: не раз падчас вігілійнай вячэры разам з гэтай сям’ёй ламаліся аплаткай адзінокія суседкі…

Справамі славяць Усявышняга

Дваццаць гадоў Казімір Ста­ніслававіч узначальвае камітэт касцёла Апекі Найсвя­цей­шай Панны Марыі ў Дайлідках. Дзякуючы намаганням гэтага нястомнага, шчырага ў веры і ўчынках чалавека, цалкам адноўлена гісторыя парафіі, сабраны багаты фотаархіў, занатаваны імёны і прозвішчы ўсіх, хто прыдачыніўся да аднаўлення Дайлідскага касцёла і захавання веры ў мястэчку. 

IMG_8711.jpg

– Пані Байкоўская, Адэля Іосіфаўна Пятроўская, Ядвіга Іосі­фаўна Матыяшкойць, Стані­слаў Юстынавіч Барташэвіч і многія іншыя стараліся вярнуць касцёл, – расказвае Казімір Ста­ніслававіч. – Дзякуючы дазволу першага сакратара Гродзенскага абкома партыі і дэпутата ад Астравецкага раёна Кляцкова гэта адбылося ў 1989 годзе. 

Казімір Станіслававіч тры дзесяцігоддзі, не шкадуючы часу і сіл, збіраў матэрыялы, занатоўваў сведчанні людзей старэйшага веку, звяртаўся ў архівы Літвы і Польшчы… Факт да факту, як пацерка да пацеркі, – і ружанец Найсвяцейшай Панны Марыі, апякункі Дайлідскага касцёла, быў цалкам адноўлены: гісторыя парафіі і святыні склала больш за пяцьдзясят таўшчэзных рукапісных тамоў…

 Але на гэтым праца Казіміра Станіслававіча не спынілася: ён дапамагае ксяндзу-пробашчу Алегу Шпеню ва ўсіх касцёльных справах – а іх заўсёды хапае. У жыхароў станцыі Ашмяны, якая адносіцца да Дайлідскай парафіі, з’явілася капліца Божай Міласэрнасці і благаславёнага ксяндза Міхала Сапоцькі – афармленнем дакументаў, іх узгадненнем з рознымі службамі таксама займаўся Казімір Станіслававіч.

IMG_8676.jpg

Яго жонка Тэрэса Іосіфаўна – мастачка ад Бога, якую добра ведаюць не толькі на Астравеччыне, але і далёка за яе межамі, – прымала ўдзел у аднаўленні святынь, роспісе касцёлаў, рэ­с­таў­рацыі і напісанні абразоў… Ніводнага разу яна не адмовіла ксяндзам, якія звярталіся за дапамогай.

–  Мая самая першая касцёль­ная работа – афармленне харугваў у Сольскім касцёле, – з цеплынёй у голасе расказвае Тэрэса Іосіфаўна. – Самая складаная – роспіс-рэстаўрацыя прэзбітэрыя ў Солах. Даводзілася праца­ваць на вышыні каля дзевяці метраў. Але стомы, на дзіва, не адчу­вала. Калі пісала абліччы святых, нібыта нехта вадзіў маёй рукой – атрымалася з першай спробы. Што гэта, калі не Боская дапамога? 

– Дзякаваць Богу, мне пашанцавала з жонкай. Столькі касцёлаў аформіла, а колькі абразоў напісала! – далучаецца да размовы Казімір Ста­ніслававіч. –  Тысячы людзей клен­чаць перад імі і моляцца – гэта самае важнае…

IMG_8688.jpg

Летась Тэрэса Іосіфаўна ра­зам з дачкой Вікторыяй па просьбе айцоў-кармялітаў з мястэчка Гудагай рэстаўравалі фігуру Маці Божай…

Вікторыя, як і маці, таленавітая і глыбокая мастачка, да таго ж – цудоўны педагог. У Астравецкай дзіцячай школе мастацтваў дзяўчына вучыць маляванню больш за сто дзетак – яна заўсёды знаходзіць добрыя словы для кожнага хлопчыка і дзяўчынкі, дапамагае на малюнку выправіць хібы і шчыра дзеліцца з маленькімі мастакамі прафесійнымі сакрэтамі. Углядаючыся ў дзіцячыя вочкі, у якіх свеціцца непрыхаваная цікавасць да фарбаў, яна ўспамінае сябе маленькую, калі размалёўвала падрыхтаваныя да навучальнага года сшыткі, канспекты бацькі… 

IMG_8683.jpg

…Варановічы заўсёды разам – дома, на пленэрах, у касцёле. У іх сям’і пануюць згода, вера і любоў. 


Час радаснага перажывання і дарога да Бога

Нараджэнню Дзіцяткі Езуса папярэднічае Адвэнт – час, калі людзі рыхтуюцца да сустрэчы з Божым немаўляткам, прыво­дзяць у парадак дамы і душы, імкнуцца не толькі слухаць, але і чуць.

IMG_8708.jpg

– Адвэнт – час радаснага чакання Езуса. Задача кожнага веруючага ў гэты перыяд – пад­рыхтавацца найперш духоўна да Божага Нараджэння. Дапамагае гэта зрабіць і пост для цела. Мы грашым  у думках, мовай, учынкамі, занядбаннем… Трэба больш часу прысвячаць малітвам і ўчынкам міласэрнасці: дапамагаць тым, каму горш за нас. Не на словах, а праз уласны прыклад паказваць моладзі, якім павінен быць сапраўдны чалавек, – лічыць Казімір Станіслававіч. – Над жыццём трэба задумвацца цяпер, асабліва тым, хто жыве толькі сённяшнім днём: на змену атэізму прыйшла куды больш страшная з’ява – матэрыялістычны практыцызм. Людзі ставяць матэрыяльныя каштоўнасці на першы план. А так быць не павінна…

І Казімір Станіслававіч, і Тэрэса Іосіфаўна з веруючых сямей.  

– Для мяне прыкладам былі не толькі бацькі, але і хросны тата, які паслугаваў ксяндзу ў Жупранах. Мама ў часы атэізму праводзіла ў касцёл людзей з чорнага ўваходу, – успамінае Казімір Станіслававіч.

– Настаўнікі стаялі ля касцёла і запісвалі прозвішчы, – да размовы далучаецца Тэрэса Іосіфаўна. – Перад першай камуніяй мы з сястрой Ірэнай ішлі, хаваючыся, нібыта злодзеі ці ворагі, у Гервяты ў касцёл на споведзь. Як добра, што нашым дзецям пашчасціла адкрыта вызнаваць веру, а нам, бацькам, разам з імі раздзяляць радасць першай камуніі, біжмавання…

– Падчас вучобы па ўсіх прадметах у мяне стаяла «выдатна», акрамя атэізму, – працягвае гаспадар дома. – На экзамене задаў выкладчыку такія пытанні па рэлігіі, што ён не змог адказаць. За гэта мой партрэт знялі з Дошкі гонару і ўвогуле хацелі выключыць. Дзякаваць Богу, за мяне заступіўся старшыня экзаменацыйнай камісіі – і мне ўсё ж уручылі чырвоны дыплом. Шмат гадоў адпрацаваў ветэрынарам. Імкнуўся добразычліва адносіцца да людзей, ніводнага разу нікога не аблаяў і не прынізіў: ні чалавека, ні жывёліну… Як бы цяжка ні было, у любых сітуацыях трэба заставацца чалавекам. 

IMG_8696.jpg


Прывітаем  Маленькага!

На Каляды на хутары ў Ажуройсцях збіраліся ўсе дзеці ра­зам з сем’ямі. Па традыцыі да бацькоў ехалі і Варановічы. 

– Пакуль бацькі былі крапчэй­шымі, Божае Нараджэнне свят­кавалі ў іх. Сястра з Вільні прыязджала, – успамінае Тэрэса Іосіфаўна. – Мая мама Яўгенія Станіславаўна, светлая ёй памяць, нарадзілася, як і Дзіцятка Езус, 24 снежня. Мы яе віншавалі, дарылі падарункі – а цяпер у гэты дзень замаўляем імшу. 

IMG_8700.jpg

– Дзякуючы бацькам Тэрэсы Іосіфаўны, якія сваіх дзяцей давялі да Бога і гадавалі ў веры, іх унук, а наш пляменнік Андрэй Авен выбраў дарогу служэння Богу – стаў айцом-кармялітам, – працягвае Казімір Станіслававіч. 

– Ужо з дзяцінства ведаў, кім стане, жартавалі ў нашай сям’і, – расказвае Тэрэса Іосіфаўна. – Бабулін малітоўнік, пакуль тая была занятая, Андрэйка па лісточках разабраў. 

Калядныя традыцыі бацькоў перанялі і дзеці. Калі на небе з’яўляецца першая зорка, Варановічы сядаюць за стол, пакрыты паверх сена белым абру­сам, запальваюць свечку – і пачынаец­ца сямейная малітва. Затым ламаецца аплатка, складаюцца віншаванні і пажаданні, усе сілкуюцца поснымі стравамі, якіх заўсёды на стале дванаццаць, – па колькасці апосталаў. А вечарам уся сям’я ідзе ў касцёл на пастэрку, каб прывітаць маленькага Езуса.

…З вігілійнай вячэры і да самай раніцы Варановічы не прыбіраюць стол і дадатковую талерку на выпадак візіту нечаканага госця… У выгля­дзе падарожніка можа завітаць і Езус, які больш за дзве тысячы гадоў назад стукаў у многія дзверы – але яго так ніхто і не ўпусціў у свой дом. 

Два пытанні аб галоўным

1. Якое Ражаство вам найбольш запомнілася і чаму?

Казімір Станіслававіч:

– Часцей за ўсё прыгадваю свята Божага Нараджэння 2002 года. На вігілійнай вячэры ў нашым доме было  аж тры святары. 

Тэрэса Іосі­фаўна:

– Каляды – гэта дзень нараджэння не толькі Дзіцяткі Езуса, але і светлай памяці маёй мамы… Яе няма побач з намі, але яна жыве ў нашых сэрцах.

Вікторыя: 

– Самыя цёплыя ўспаміны звязаны з дзяцінствам, калі ўсе збіраліся ў Ажуройсцях, віншавалі бабулю з днём нараджэння і дарылі ёй падарункі. Напярэдадні Калядаў бабуля рыхтавала розныя стравы, у тым ліку і клёцкі, а спецыяльна для мяне рабіла клёцку ў выглядзе качачкі.

2. Што б вы сказалі Дзіцятку Езусу?

Казімір Станіслававіч:

– У касцёле я пачынаю малітву з падзякі за атрыманыя Божыя ласкі і блаславенне. У Езуса таксама прашу прабачэння за грахі і правіны людзей, і малюся, каб Бог умацоўваў сем’і.

Тэрэса Іосіфаўна:

– Хацела б падзякаваць Езусу, за тое, што заўсёды апякуецца нашай сям’ёй і ніколі нас не пакідае. 

Вікторыя:

– Дзякуй табе, Дзіцятка Езус, што кожны год прыходзіш у гэты свет: умацоўваеш веру, дорыш надзею і павялічваеш любоў.

З днём нараджэння, Маленькі!




Текст:
Фото: Алена Гануліч