История жизни воина-интернационалиста Александра Андралойть

10:28 / 15.02.2018
3513
Кажуць, што калі нараджаецца чалавек, у нябеснай канцылярыі распісваецца маршрут яго жыцця. А дарога, якая вядзе ад аднаго прыпынку да другога, завецца лёсам – і не заўсёды яна бывае роўнай і гладкай. 

…Яны сустрэліся на скрыжаванні сваіх маршрутаў – і не змаглі размінуцца. З той пары і крочаць Яўгенія Эдмундаўна і Аляксандр Аляксандравіч Андра­лойці адной дарогай, адным маршрутам – і ўсё ў жыцці дзеляць на дваіх.  

IMG_2485.jpg

Яна
Маршрут жыцця Яўгеніі Эдмундаўны складаецца ўсяго з трох асноўных кропак: Радунь – Гродна – Астравец. Аднак за кожным з іх – свая гісторыя.  

– Родам я з Воранаў­шчыны, нарадзілася і вырасла ў пасёлку Радунь, – расказвае жанчына. – Там  і школу скончыла. Не магу дакладна растлумачыць, чаму, але з дзяцінства ведала, што буду паступаць у медыцынскі. Хоць гэта не было прызваннем, поклічам душы, марай. Магчыма, гэта было нешта большае, тое, што называецца лёсам. У мяне было цвёрдае перакананне, што ў кожнай сям’і павінен быць медык. У нас ніхто дачынення да медыцыны не меў – я вырашыла "выправіць" гэтую памылку. (Усміхаецца) Бацькі выбар адобрылі і падтрымалі – магчыма, таму я не задумвалася ні аб якой іншай прафесіі. 

– Паступіла ў Гродзенскае медыцынскае вучылішча на фельшарска-лабаранцкае аддзяленне. Падчас вучобы зразумела, што зрабіла правільны выбар. Вучылішча скончыла добра. На размеркаванне ішла ў ліку першых і магла выбіраць, куды пайсці працаваць. На размеркаванні прапаноўвалі некалькі месцаў у Гродне, каля дзясятка – у Брэсцкай вобласці, па адным – у Смаргонь, Ашмяны і Астравец. На нашым аддзяленні было шмат дзяўчат з абласнога цэнтра. Многія з іх павыходзілі замуж, некаторыя былі цяжарныя. Глянеш на іх – ну куды ім па размеркаванні ехаць? Так адпала Гродна. На Брэстчыну таксама ехаць не хацелася. Вось і вырашылі мы, тры сяброўкі, падацца ў паўночны рэгіён – адна ў Смаргонь, другая – у Ашмяны, а я – у Астравец. Тым больш што тут працавала медсястрой у раённай бальніцы мая стрыечная сястра. Я прыязджала да яе на вяселле, пасёлак падаўся мне спакойным і ўтульным. Таму на размеркаванні без ваганняў сказала – Астравец. Тады гэта здавалася маім свядомым выбарам, зараз жа разумею, што гэта быў чарговы паварот лёсу. Тады яшчэ не ведала, што выбрала не толькі месца працы, а і сваю будучыню.

Хоць і падабаўся Астравец Яўгеніі Эдмундаўне, але спачатку было няпроста: сумавала па родных. 

Аднак хутка адбылося тое, што раз і назаўсёды перавярнула яе жыццё. Дзяўчына жыла ў інтэрнаце па вуліцы Зялёнай. У той вечар да кагосьці з суседак павінны былі прыйсці ў госці мясцовыя хлопцы. Жэня чытала кнігу, калі ў дзверы пастукаліся і ў пакой усунулася галава статнага, бронзавага ад загару юнака: «Прывітанне! Прабачце, я напэўна пакоі пераблытаў. Дарэчы, мяне завуць Саша!»

Ён

IMG_4435.jpg


Маршрут жыцця Аляксандра Аляксандравіча таксама складаецца з трох пунктаў: Астравец – Афганістан – Астравец. Хоць першы і апошні гучаць аднолькава, але для тых, хто вярнуўся з афганскай вайны, яны розныя: для іх гэта адрэзак зусім іншага, новага, жыцця. У той час, як Жэня вучылася ў медвучылішчы, Саша спасцігаў навуку выжывання ў Афгане. 

0.jpg


– Я быў звычайным юнаком: вучыўся ў школе, лазіў па стрэхах, ганяў галубоў, іграў на гітары. (Усміхаецца) У нас ансамбль свой быў – у Доме культуры на танцах ігралі. Я нават у армію адыходзіў, іграючы: на 9 Мая ў лесапарку адыгралі, пасля – у ДК на танцах, а затым у мяне провады... На наступны дзень, 10 мая, у ваенкамат – і на Гродна. Адтуль – у Эстонію, пасёлак Тапа. Там нас на сапёраў рыхтавалі. Вучэбку скончыў у ліку лепшых, мог нават на кастрычніцкія святы ў Таліне на парадзе маршыраваць. Ды лёс вырашыў па-свойму. 

– Там жа, у Тапе, мой аднакласнік-сусед служыў связістам – ён на паўгода раней прызываўся, – працягвае Аляксандр. – Аднойчы ён паведаміў, што заўтра прыедуць «купцы» набіраць на­вабранцаў на Афган. Давай, кажа, мы цябе ў санчасць аформім, ад бяды далей. Мы тады нават пасварыліся: ён кажа: «Не пойдзеш! А я пайду!»  Назаўтра нас на Ташкент павезлі. 

 Ужо ў Ташкенце пасадзілі на цягнік і везлі, пакуль рэйкі не скончыліся. Уяўляеце – далей няма рэек! 

Я такога ніколі не бачыў!

– Затым нас «вяртушкі» забралі: перакінулі праз гару – вось ён, Афганістан. Спёка несусветная, людзі ў чалмах, са зброяй. Такое ўражанне, што ў іншы свет трапіў. Ішлі след у след, як «старшакі» вучылі – міны ж паўсюль. Спачатку ў іншую часць трапілі. А мы ж на замену прыбылі: адслужыўшых не адпраўлялі дадому, пакуль не прыходзіла замена. Уяўляеце: салдаты сядзяць, як на іголках, чакаюць – а мы ў іншай часці! Ох і перасварыліся тады афіцэры! Але нас знайшлі і, куды трэба, даставілі.

– Служыў я ў інжынерна-сапёрным батальёне. Кожную раніцу група выходзіла на размініраванне, удзельнічалі і ў баявых атаках. Наша часць знаходзілася ў паўночным Кундузе, але перакідвалі паўсюль. Кабул, Шындант, Баграм – шмат дзе давялося пабываць. Ніколі не забуду: 8 Сакавіка, мы ў Кабуле –  рыхтуемся да перасылкі на самалёце ў Шындант, а нас заваліла снегам. Надвор’е нялётнае, палаткі знесла, есці няма чаго, на ложках – адны спружыны, холад несусветны. Цяпер, напэўна, не вытрымаў бы. А тады нічога: прыціснемся адзін да аднаго – так і грэліся.

– Яшчэ запом­ніліся псіха­ла­гіч­ныя атакі. Ноч. Пустыня. Цішыня. 

І раз за разам у розных месцах успыхваюць ліхтары, узнікае страшны гул – і складваецца ўражанне, што яны ідуць на нас. Жудасна – звар’яцець можна. Словамі гэтага не перадаць.


– Ды атакі не толькі псіхалагічныя, а і самыя сапраўдныя былі. Аднойчы трапіў у засаду. Мы, сапёры, на першай машыне ехалі: калі месца падазронае, абследвалі. Трапілі пад абстрэл, адзін са снарадаў у машыну папаў – тых, хто зверху сядзеў, раскідала ў розныя бакі, хто ўсярэдзіне знаходзіўся – згарэлі. Мне пашанцавала: адкінула далёка, толькі нагу параніла. Але тады я гэтага нават не адчуў, пасля даведаўся. А ў той момант: яны наступаюць, я адстрэльваюся – і патроны заканчваюцца. 

Разумееце: адчуваю, бачу іх – а мне няма чым страляць! Пасля мільён разоў перадумаў, што рабіў бы… Напэўна, сам палез бы на міны ці пад кулі, каб не трапіць у палон.

Хлопцы расказвалі, ды і сам бачыў, як яны здзекваліся над нашымі. Але ў той момант ні аб чым не думаў… Раптам чую – галька зверху пасыпалася. Гляджу – сябар мой, Сярога, паўзе. Я яму махаю – кінь магазін і валі адсюль, абодва ж загінем. Але тут нашы падаспелі, прыкрылі, і ён мяне выратаваў – на плячах вынес. Кулю мне ў палявым шпіталі, лічы, па-жывому дасталі – і далей служыць адправілі. Доўга пасля яшчэ рана гнаілася. 

– З Сяргеем мы дадому дабіра­лі­ся разам. Ён мяне ўгаварыў спачатку да яго заехаць – у Алма-Ату. Прыехалі: выходзяць яго маці, бабуля, сястра – усе яго абдымаюць, плачуць, радуюцца. А я стаю збоку. Хто я ім? Ніхто! Але яны тут жа кінуліся адбымаць і мяне – зусім чужога чалавека, якога бачылі ўпершыню. Гэта была такая сустрэча – усё жыццё буду памятаць!  

– Праз некалькі дзён я прыехаў дадому. Вечарам жа пайшоў у ДК – я ж адтуль, лічы, у армію адыходзіў! Сустрэўся з сябрамі, пагаварылі. Прыйшоў дадому, а мама ад мяне не адыходзіць і ўсё плача. Доўга не мог зразумець, у чым справа.   Аказваецца, «добрыя» людзі сказалі ёй, што ў мяне замест нагі пратэз. Пасля ранення я крыху накульгваў. Затое тады я ўпершыню ўбачыў слёзы радасці – мама не змагла стрымаць іх, калі ўпэўнілася, што з нагамі ў мяне ўсё ў парадку.

Жахі вайны ў Афга­ністане засталіся ва ўспамінах, пра якія ведалі нямногія. Жыццё працягвалася. Аднойчы сябар паведаміў Аляксандру, што ў інтэрнат на Зялёнай засяліліся новыя «медычкі» – а значыць трэба тэрмінова наведацца туды з «ін­спекцыяй». Мужчына і зараз не можа растлумачыць, навошта ён пастукаўся ў пакой №1, дзе ўбачыў незнаёмую сімпатычную дзяўчыну, якая чытала кнігу...

Яны
У той вечар Аляксандр угаварыў Жэню пайсці з ім да знаёмых дзяўчат у суседні пакой. І больш яны не расставаліся. 

– Як цяпер памятаю: 25 жніўня Саша першы раз праводзіў мяне з дыскатэкі, а праз 15 дзён зрабіў прапанову рукі і сэрца, – з усмешкай успамінае Яўгенія Эдмундаўна. – Я якраз дадому збіралася. Не магу сказаць, што ўсур’ёз успрыняла яго словы: мы ж толькі пазнаёміліся, але сэрца радасна затрапятала. Спачатку я не ведала, што Саша служыў у Афгане. Але калі пачула ад яго словы «мантана» і «чыкі-чыкі» – зразумела, дзе ён іх «падчапіў». Дарэчы, некаторыя мяне адгаворвалі:  паглядзі, малады хлопец, а ўжо прыкульгвае, што ж далей будзе? Толькі я, шчыра кажучы, нічога не заўважала. Я бачыла высокага, статнага, бронзавага ад афганскага сонца, усмешлівага хлопца.

– Які, акрамя гэтага, яшчэ ўмеў граць на гітары! Гэта ж мара ўсіх дзяўчат! – з усмешкай дадае Аляксандр Аляксандравіч.   

– І вельмі сціплага, – смеючыся, працягвае Яўгенія Эдмундаўна. – А калі сур’ёзна, то Саша спачатку нічога не расказваў мне пра службу ў Афганістане, хоць мне было вельмі цікава. Толькі праз некалькі гадоў, калі ўжо падрасла наша дачушка Каця, яго аднойчы вечарам прарвала: ён гаварыў, гаварыў, гаварыў.

Зараз я ведаю: распытваць не трэба, але калі Саша пачынае ўспамінаць, галоўнае – не перабіваць.
– Наогул жа, я вельмі ўдзячная лёсу, які прывёў мяне ў Астравец, дзе я сустрэла Сашу. Мы сапраўды як дзве палавінкі аднаго цэлага. У нас двое цудоўных дзяцей: дачка Каця і сын Саша. Падрастаюць ужо і ўнукі: малодшаму – дарэчы, таксама Сан Санычу – два з паловай гады. У нас агульныя інтарэсы, і нават думкі адны на дваіх.

IMG_2476.jpg

– Гэта сапраўды так! – пацвярджае Аляксандр Аляксандравіч. – Я, бывае, толькі падумаю – а Жэня гаворыць гэта ўслых. Ці наадварот: яна пачынае пра нешта – а я тут жа працягваю. Некаторыя кажуць, што за шмат гадоў сумеснага жыцця мужу і жонцы няма аб чым пагаварыць – усё перагаворана. Няпраўда! Нам заўсёды ёсць аб чым пагутарыць і што абмеркаваць. Мы можам размаўляць абсалютна на любыя тэмы: пасадзі нас у адну камеру – і мы ўсё роўна знойдзем пра што гаварыць. 

– Жэня вельмі любіць і паважае маю маму, а яна, – кожны дзень пытае, як там мая Жэнечка? Такія шчырыя і цёплыя адносіны бясцэнныя. Жэня – той самы чалавек, з якім і ў горы, і ў радасці: каханая, сябар, дарадца, падтрымка. Мне вельмі пашанцавала, што лёс звёў мяне з гэтай цудоўнай, разумнай і шчырай жанчынай.

IMG_4064.jpg

IMG_2487.jpg

Трыццаць трэці год Яўгенія Эдмундаўна і Аляксандр Аляксандравіч  дзеляць адзін на дваіх жыццёвы маршрут. І лічаць сябе шчаслівымі людзьмі. У іх цудоўныя дзеці і ўнукі, побач – родныя людзі і надзейныя сябры. А галоўнае – яны ёсць адзін у аднаго... 

Фота з архіва А.А. Андралойця.


Текст: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений