Пётр Крупеньчык: верце ў цуды – яны збываюцца!
11:49 / 04.01.2019
– Нарадзіўся я ў вёсцы Ілья, што ў Вілейскім раёне. Бацька працаваў рабочым у сельскагаспадарчым тэхнікуме, мама – паштальёнам. У мястэчку жылі пераважна праваслаўныя, яны, як і мы, каталікі, хаваючыся, каб ніхто не даведаўся, адзначалі Ражаство.
Ёлку з лесу заўсёды прыносіў бацька. А калі мы з братам падраслі, то выбар навагодняга дрэва быў нашым клопатам. Колькі кіламетраў праходзілі пешшу па заснежаным лесе ў пошуках галоўнай гераіні свята! Хацелася выбраць самае прыгожае, з пушыстымі лапкамі дрэўца.
Калі вырас, гэтая традыцыя была і ў маёй сям’і, пакуль можна было выпісаць у лясгасе і самому выбраць у лесе дрэва.
Цяпер навагодняе дрэва можна ўпрыгожыць, як толькі душа пажадае – былі б грошы. У маім дзяцінстве ёлку ўпрыгожвалі шарамі, яблыкамі, але асаблівай спакусай для нас, малых, былі цукеркі. Бацькі забаранялі іх есці да Новага года. А дзе ж ты ўцерпіш! Тады мы з братам ішлі на хітрыкі: штодзень цягалі па цукерцы, а ў абгортку закручвалі хлебны мякіш.
Падарункі ад Дзеда Мароза – звычайна гэта былі цукеркі – я атрымліваў кожны год. Акрамя ранішніка ў школе, бываў на ёлцы і ў сельгастэхнікуме.
Перад святамі я дапамагаў маці развозіць на санках пошту. Шкада, што пакрысе адышла ў нябыт традыцыя слаць паштоўкі – у маім дзяцінстве колькі мы іх з мамай разносілі! Ледзь не ў кожнай хаце мяне частавалі салодкімі прысмакамі і аддавалі з канвертаў маркі – у мяне іх была цэлая калекцыя.
…У дзяцінстве не толькі дрэвы былі вышэйшымі, чым цяпер, але і цукеркі саладзейшымі. А вось непрыхаванае чаканне і прадчуванне свята і чагосьці чароўнага я захаваў і пранёс пра гады.
Верце ў цуды – яны маюць адну цікавую ўласцівасць: збывацца!