Родом из СССР: танцевальный кружок в островецкой школе №2

10:42 / 30.05.2018
Я вучылася ў астравецкай сярэдняй школе №2. І адзін з самых яркіх дзіцячых успамінаў майго савецкага дзяцінства – наш школьны танцавальны калектыў. Ім кіравала Тамара Іванаўна Батура, якая да таго ж была нашым выхавацелем у 1 класе. Да яе на гурток мы хадзілі амаль цэлым класам. 

12.jpg

Гурток праводзіўся ў актавай зале, яна не была спецыяльна абсталяванай, таму станкамі нам служылі спінкі драўляных складных крэслаў, расстаўленых па перыметру пакоя літарай «Г». Хадзіла на гурток шмат хлопчыкаў – мы амаль усе стаялі ў парах. 

Мы часта гастраліравалі з канцэр­тамі па раёне і вобласці, выступалі ў Мінску, а калі ўдзельнічалі ў конкурсах, то амаль заўсёды прывозілі прызавыя месцы. А нашы шыкоўныя сцэнічныя касцюмы шылі дзесьці ў спецыяльных майстэрнях. На рэпетыцыях Тамара Іванаўна нам спуску не давала: не атрымоўваецца штосьці – да позняга вечара будзем «тачыць». Мы заўсёды шчыра лавілі яе кожны рух і погляд, каб толькі навучыцца правільна і прыгожа танцаваць. 
Калі сабіраліся на чарговыя «гастролі», нам загадзя выдавалі касцюмы – колькі везлі танцаў, столькі было і касцюмаў да іх, – якія мамы павінны былі падшыць, перамыць, адпрасаваць, кожны павесіць на асобную вешалку. Як сабраць валасы, якога колеру стужкі, колькі косак заплесці – усё гэта мы ведалі загадзя. Какошнікі прычаплялі да валасоў так, што здавалася, невідзімкі ў скуру ўпіваліся. А вось макіяж, як цяпер робяць маленькім танцорам – дзеля яркасці вобразу, не дазваляўся. Як і не дазвалялася сыходзіць з «пазіцыі» ці губляцца пад час выступлення ў той момант, калі з цябе зляцеў какошнік ці здрадніцкі з’ехаў падспаднічнік. 

63.jpg

А як калацілася ўсё ўнутры, яшчэ па дарозе да месца «прызначэння»: танцавалі ж не адну кампазіцыю, а чатыры-пяць – едзеш, хвалюешся, каб не зблытаць рухі, каб стаць, дзе трэба, па некалькі разоў у думках ператанцуеш.

Выконвалі мы ў асноўным народныя танцы – беларускія, украінскія, рускія і польскія. Калі падраслі – у сярэдніх класах, – развучвалі і сучасныя. Асабліва запомнілася ламбада. Мы адзявалі чорныя легінсы, яркія майкі, спадніцы-ламбады – і так запальвалі!

У Тамары Іванаўны быў не адзін танцавальны калектыў. Вядома, ёй было складана, але акрамя штодзённых рэпетыцый і частых выступленняў, яна для ўсіх сваіх «птушанятаў» знаходзіла час на культурны адпачынак: вазіла на экскурсіі ехалі ў некалькі аўтобусаў!

Цудоўныя былі часы! Шмат дзе пабывалі, шмат чаго ўбачылі, сябе паказалі, яшчэ і «падарунак» ад танцавальнага мінулага застаўся: заўсёды прамая постаць.

Ірына ФЕДАРОВІЧ, г. Астравец.


Текст: Главный администратор