Родом из СССР: 1 мая демонстрации был настоящим праздником

12:21 / 01.05.2018
1 Мая… Цяпер для нас гэта проста чырвоны дзень календара, а раней гэта было сапраўднае свята.

Сямейны Першамай
Бацькі нас з братам заўсёды бралі на дэманстрацыю. Помню, з якой радасцю і хваляваннем я, тады васьмігадовая дзяўчынка, рыхтавалася да ўдзелу ў святочным шэсці! 
Мы з бацькам рабілі з аксамітнай чырвонай паперы сцяжкі: тата загаддзя рыхтаваў драўляныя палачкі, мы выразалі двайны сцяжок і наклейвалі яго на дрэўка. Гэты зменшаны стылізаваны – вертыкальны бок абавязкова быў раз­дво­ены, нібы ён павявае ў паветры, – сімвал нашай дзяржавы мы з братам неслі разам з паветранымі рознакаляровымі шарыкамі. Некаторыя прывязвалі шарыкі і сцяжкі да высокай тонкай палачкі, каб у калоне яны былі бачны здалёк. Рабілі яшчэ кветкі з каляровай гафрыраванай паперы: у залежнасці ад «сорту» – часцей гэта былі півоня, гваздзіка ці ружа – наразаліся пялёсткі. Потым тонкім дроцікам па чарзе іх прымацоўвалі да драўлянай ці металічнай «сцяблінкі» і, калі таго патрабаваў від прыдуманай кветкі, пялёсткі «падкручваліся» нажніцамі: па нацягнутай паперы праводзілі лязом.
Па-святочнаму апра­нуў­шыся, са сцяжкамі, шарыкамі і кветкамі ў руках наша сям’я выходзіла з дому… Колькі шчасця было ў дзяцей, калі  ідучы ў святочнай калоне, бацькі  садзілі іх на плечы, а тыя віталі ўсіх – і Першамай! Майму брату шанцавала больш, чым мне: ён, трохгадовы, «ехаў» на бацьку, а я ішла збоку, стараючыся падняць як мага вышэй свае самаробныя «транспаранты».

Рыта ДРЭМА. 



Маці расказвала, што дарослыя вельмі чакалі гэтага свята. Бацька і маці прыгожа апраналіся, убіралі і нас з братамі. 
Разнарадак пра колькасць удзельнікаў ад арганізацыі не было. Людзі з радасцю ішлі – сустрэцца, прайсці, павітаць Першамай, а потым і на пікнік схадзіць у лесапарк з суседзямі ці калегамі. 
Мы ж з братамі чакалі такія дэманстрацыі, каб прайсці са звязкай рознакаляровых паветраных шары­каў па Астраўцу і абавязкова купіць марожанага і цукерак – толькі так можна было па-сапраўднаму адчуць свята.

Святлана КУЦЬКО.



Школьны Першамай
Мой муж успамінае, як ішла на свята іх вучнёўская калона. Яны таксама рыхтавалі сцяжкі, кветкі, шарыкі. У той час усе дзеці насілі аднолькавую школьную форму: хлопчыкі былі ў сініх школьных касцюмах, дзяўчынкі  – у карычневых сукенках з белымі каўнерыкамі і ў белых фартушках (белыя насілі толькі па святах, а ў буднія дні – чорныя), з акцябрацкімі ці камсамольскімі значкамі, чырвонымі піянерскімі гальштукамі, калонай ішлі на плошчу. 
Ля помніка Леніну ў гэты час ужо стаяў ганаровы каравул – піянеры, выцягнуўшыся ў струнку, аддавалі салют.
Удзельнікаў шэсця З рэпрадуктараў віталі і віншавалі са святам Працы. «Да здравствует 1 Мая!», – даносілася з рэпрадуктараў.  «Ура!!!» – адказвалі дэманстранты, махаючы рукамі, шарыкамі, кветкамі і сцягамі.
Калі падчас дэманстрацыі праходзілі каля рынку – ён быў там, дзе і цяперашні, толькі значна меншы, – самыя спрытныя выбягалі да радоў з самаробнымі ледзянцамі на палачках і вялікімі цукеркамі-карандашамі. Але настаўнікі хутка варочалі салодкаежкаў на месца.

Кацярына ГАМАНКАЯ.



Працоўны Першамай
Я працаваў у МПМК-158. На першамайскую дэманстра­­цыю мы спачатку збіраліся ў сваёй арганізацыі, а потым усе разам ішлі да плошчы. Каля помніка Леніну праводзіўся мітынг, выступала раённая ўлада, а потым калоны ішлі па цэнтральных вуліцах Астраўца. Кожная арганізацыя несла наперадзе сваёй «каробкі» шыльду з назвай. 
З плошчы ішлі па вуліцы Кастрычніцкай, паварочвалі на Савецкую, праходзілі па Новай, міма рынка, выходзілі на Ленінскую і, дайшоўшы да плошчы, разыходзіліся. Гулянняў на 1 Мая ніякіх не было. Але ад гэтага святочны настрой не губляўся: сцягі неслі, кветкі, шарыкі, дзяцей з сабой стараліся ўзяць, малых на плечы садзілі...

Уладзімір ІГНАТОВІЧ.


Текст: Главный администратор