Яна Галіна: як каталіся на “казе” і спраўлялі баль без ёлкі

10:19 / 22.01.2018
Зімовыя доўгачаканыя канікулы! Для нас, школьнікаў 40-50-х гадоў, яны былі першыя ў  вучэбным годзе – восеньскіх тады не існавала.

Закончана першая чвэрць – і наперадзе два тыдні дома, з мамай і татам. І мне не трэба было ў панядзелак спяшацца на кватэру на цэлых шэсць дзён – наша сям'я жыла далёка ад школы. Якое шчасце! З 31 снежня і ажно да 11 студзеня для нас наступаў вольны час. 

Радыё ў нас не было, а пра  тэлевізар увогуле ніхто не чуў. Ды мы не сумавалі: вечарам зачытваліся айчыннай і замежнай літаратурай, аж пакуль бацькі спаць не пагоняць, ушчуваючы, што газу выпальваем. 
maxresdefault (1).jpg

Днём мы коўзаліся на самаробных нартах, а як захоплівала дух, калі, узбіўшыся гуртом на «казу» – вялікія санкі для перавозу бярвенняў, несліся з горкі!

У маім пасляваенным дзя­цінстве ёлак у школе не ставілі – гэта было забаронена, лічылася перажыткам мінулага. А вось для старэйшых вучняў  – 8 – 10 класы –  ладзілі навагодні баль. Хоць і без ёлкі, але як нам было весела: мы спявалі, танцавалі вальс, факстрот, польку, танга, кракавяк… Завяршала вечарыну кадрыля. Тады нам здавалася, што нічога лепшага за гэты баль быць не можа...


Яна ГАЛІНА, г. Астравец.


Текст: Главный администратор