Родам з СССР: Як дзед ёлку выратаваў

13:30 / 09.01.2018
Калядных і навагодніх цудаў Юрка  чакаў з асаблівым пачуццём – матуля паабяцала прывезці з Вільні новыя ёлачныя цацкі і свечкі для ўпрыгожвання навагодняга дрэўца. І хлопчык  цэлы дзень «дзяжурыў» ля акна – нават абед папрасіў прынесці ў пакой, што выходзіў на дарогу, па якой вярталася маці.

4187.jpg

Бацька са  старэйшым братам з раніцы выправіліся ў лес за елачкай. Ужо ў абед дрэўца стаяла ў качагарцы і паступова вызваляла свае зялёныя гнуткія  лапкі са снежнага палону.

Дом між тым напаўняўся чароўнымі пахамі каляднай вячэры – на кухні шчыравалі бабуля з цёткай. Справа перад імі стаяла няпростая – прыгатаваць 12 посных страў. 

Юрка ж сядзеў перад акном і спрабаваў па пахах вызначыць, што ж робіцца на кухні. Хоць напярэдадні Калядаў у сям’і захоўвалі строгі пост, малому далі перакусіць. Толькі на гэты раз яму было не да ежы. Уяўленне малявала прыгожыя цацкі, шкляныя пацеркі і  свечкі, якімі яны з матуляй вечарам  упрыгожаць елачку.

І вось гудок цягніка абвясціў, што хутка маці будзе дома –  хлопчык што ёсць сілы рвануў да дзвярэй, каб першым сустрэць яе.
Маці паволі  зайшла ў хату.

– Мама, ты цацкі купіла? – загляд­ваючы ёй  у вочы, прашаптаў Юрка.
– Ну канешне, – адказала тая і дастала з адной сумкі цукеркі і мандарыны, а з другой – вялікую кардонную скрынку. Юрка ведаў: там – цацкі! У іншы раз ён перш за ўсё кінуўся б да цукерак – але цяпер яго позірк застыў на скрынцы з Дзедам Марозам. 
– Дзякуй, дзякуй! – затанцаваў ён вакол матулі, стараючыся схапіць скрынку.
– Цішэй, вісус, –  строга спыніў яго радасць бацька. – А то зараз не будзе чым елку ўпрыгожваць.

Маці паставіла скрынку з цацкамі на стол і адкрыла яе. Юрка быў побач.
Залатыя і серабрыстыя шышкі, жоўтыя, зялёныя і чырвоныя грыбочкі, аранжавыя і ружовыя шары, зайчыкі, вавёркі, фігуркі  касманаўтаў, шкляныя лялькі – у хлопчыка перахапіла дыханне… А якія прыгожыя шкляныя пацеркі! Такіх не было ні ў Віцькі, ні ў Сашкі. А свечкі! На спецыяльных прышчэпках – вось сябры будуць зайздросціць. 

oboik.ru_10094.jpg



Адна за другой цацкі са скрыначкі перамяшчаліся на елачку. Потым матуля развесіла пацеркі і  цукеркі, расклала на калючых зялёных лапках белыя шматкі ваты і прычапіла  маленькія  свечкі – іх сям’я запальвала, калі садзілася за калядны стол.

Юрка не адыходзіўся ад ёлкі. Нават расстаўляючы талеркі, адным вокам касіўся на цацкі, якія пераліваліся рознымі колерамі.

… «Ойча наш, які ёсць у небе…» – пачаў дзядуля, як старэйшы ў сям’і, словы малітвы. Сямейнікі, стоячы за калядным сталом,  паўтаралі за ім. 
І раптам пачуўся трэск… Адна са свечак, што гарэла на навагодняй ёлачцы нахілілася, ад яе ўспыхнула вата, яшчэ крыху – і ёлачку ахопіць полымя!

Дзядуля выскачыў з-за стала, падбег да ёлкі, паваліў яе на падлогу і стаў таптаць.
Што было далей, Юрка бачыў нібы праз сон. Ад цацак  засталіся толькі танюсенькія аскепкі шкла. Уцалела некалькі лялек на прышчэпках... Юрка асцярожна падняў іх з падлогі, паклаў на стол і перавёў позірк на маму – яе вочы набрынялі слязьмі.

А дзед з выглядам пераможцы, падняў дрэўца з падлогі, глянуў на сямейнікаў і з гонарам прамовіў: «Затое ёлка не згарэла!».

...На наступны дзень дзеці з мамай паўдня рабілі ёлачныя ўпрыгожанні: клеілі з каляровай паперы ланцужкі і фанарыкі, звязвалі саломку ў зорачкі, а потым развешвалі іх. Сярод гэтай самаробнай прыгажосці былі і тры ацалелыя шкляныя лялькі...


Леся ВЕЦЯРОК, фота аўтара.


Текст: Главный администратор