Не па загаду – па сумленню пражыў жыццё Васіль Волкаў
12:47 / 11.05.2019
Пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Кузьміча Волкава, ураджэнца Віцебшчыны, які шмат гадоў жыў і працаваў на Астравеччыне, расказала яго нявестка, ветэран педагагічнай працы Таццяна Нікіфараўна Волкава.
Васіль Волкаў, 1944 год
Васіль Кузьміч Волкаў нарадзіўся ў 1908 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсцы Кузьмянцы Багушэўскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў школу-сямігодку, навучыўся ў аднавяскоўца шыць абутак – і восем гадоў зарабляў гэтай справай сабе на хлеб.
З 1927 па 1930 гады займаўся грамадскай работай: узначальваў мясцовы камітэт беднаты. А ў 1930 годзе Васіля Волкава прызвалі ў Чырвоную армію: служыў малодшым камандзірам сапёрнай роты Вялікалукскай вобласці (Расія).
Пасля дэмабілізацыі ў 1932 годзе Васіль Кузьміч вярнуўся на радзіму – і адразу ж уступіў у бальшавіцкую партыю.
У 24 гады Волкаў ужо ўзначальваў кузьмянцоўскі калгас «Чырвоны бераг». Маладога і ініцыятыўнага старшыню заўважыла кіраўніцтва райкама партыі – і ў 30-гадовым узросце Васіля прызначылі інструктарам райкама партыі, затым – упаўнаважаным камітэта нарыхтовак, дырэктарам раймаслапрама Багушэўскага раёна.
– Наш татка быў дабрэйшай душы чалавекам – але вельмі прынцыповым, умеў пераконваць, – успамінае свайго свёкра – бацькоў мужа яна заўсёды называла таткам і мамкай, а яны яе – дачушкай – Таццяна Нікіфараўна Волкава. – А мамка якая добрая была, клапатлівая!
– У 1940 годзе Васіля Кузьміча накіравалі памочнікам сакратара і прапагандыстам райкама партыі ў Дзісненскі раён Маладзечанскай вобласці. Там ён і сустрэў вайну.
«Забраніраваны»
– У нашага таткі была браня: ён не падлягаў прызыву з-за язвы страўніка, – тлумачыць Таццяна Волкава. – Аднак усё адно пайшоў на фронт – дабраахвотнікам.
– Пакінуў у хаце жонку і двое сыноў – не мог інакш. Да 44-га родныя пра яго нічога не ведалі… Трэці сын нарадзіўся ў Волкавых ужо пасля вайны, – працягвае жанчына.
Васіль Волкаў з жонкай, сынам, нявесткай, унукамі
У ліпені 1941 года дабраахвотнік Васіль Волкаў апынуўся на Заходнім фронце – у раёне Ярцава, Дарагабужа, Смаленска. Спачатку быў радавым, потым – намеснікам палітрука, палітруком кулямётнай роты…
У жніўні пад Смаленскам Васіль Кузьміч атрымаў першае раненне – у плячо.
Даведка аб раненні
– Татка расказваў, як параненых у санчасць сплаўлялі па рацэ на плытах. Цэлыя караваны плытоў ішлі – адзін чаплялі за другі – плылі па рацэ. Часам параненых суправаджалі разведчыкі, але часцей плыты «ішлі» самі. Хто даплываў да шпіталя, хто – не, – узгадвае ўспаміны свёкра Таццяна Волкава.
Пасля першага ранення, «падлатаўшыся» крыху ў шпіталі, Волкаў ізноў вярнуўся ў строй.
– Тата ўдзельнічаў у баях пры абароне Смаленска і Арла, – расказвае Таццяна Нікіфараўна. – Пад Арлом павёў салдат у атаку – камандзір быў паранены. Тады яны адбілі ў немцаў высотку.
У 1943 годзе Васіль Кузьміч ізноў атрымаў цяжкае раненне, на гэты раз – у жывот. Год праляжаў у шпіталі і на фронт ужо не вярнуўся – яго камісавалі.
За гэты час Беларусь вызвалілі ад немцаў. І Волкаў з заміраннем сэрца адправіўся ў родныя Кузьмянцы, дзе жылі яго жонка з дзецьмі. Пасля ўзгадваў, што вырашыў скараціць шлях да вёскі і пайшоў праз поле – і ніяк не мог зразумець, чаму яму здалёк махала хусткай незнаёмая жанчына. Толькі калі прайшоў праз усё поле, даведаўся: яна хацела папярэдзіць, што поле замініравана...
Але яго «браня» і ў гэты раз яго ўратавала!
З УСПАМІНАЎ
«Баявыя сто грам перад атакай давалі ўсім. Хто выпіваў, хто – не…»
«У 41-м галадалі вельмі – цяжка было з правіянтам. Добра, што ў калгасах запасы зерня былі – на палявой кухні пяклі ляпёшкі».
«Часта з атакі вярталася менш паловы байцоў…»
«У Смаленску вельмі жорсткія баі былі – ваявалі з немцам твар у твар, так блізка, што ў вочы яго глядзеў».
«Спачатку, калі страляў – заплюшчваў вочы. А потым нянавісць да ворага страх перамагла».
«Хавалі сваіх таварышаў прама на месцы бою: выкапаеш яму каля ног – і кладзеш цела. Па магчымасці крыжы ставілі – каб бачна было, што на гэтым месцы – магіла».
На Астравеччыне
– Татка не мог сядзець склаўшы рукі і чакаць перамогі і поўнага выздараўлення ў той час, калі аднапалчане гналі ворага на захад, – гаворыць Таццяна Нікіфараўна. – Ён стаў прасіцца, каб яго накіравалі на адказны ўчастак – і дапрасіўся: адправілі на аднаўленне мірнага жыцця ў толькі што вызваленых ад ворага раёнах Беларусі.
Спачатку Васіля Кузьміча прызначылі загадчыкам аддзела па кадрах Віцебскага аблвыканкама. А ў снежні 1944-га накіравалі ў Астравец, дзе ён працаваў да 1957 года другім сакратаром партарганізацыі па зоне МТС (механізаванай трактарнай станцыі), загадчыкам аргаддзела райкама, інжынерам па дарожнаму будаўніцтву, трэцім сакратаром райкама.
Камсамольская канферэнцыя
– Гэта быў складаны ўчастак работы: у раёне тады дзейнічалі банды, якія намагаліся перашкодзіць устанаўленню тут савецкай улады, – узгадвае ўспаміны свёкра Таццяна Волкава.
Васіль Кузьміч дапамагаў праводзіць калектывізацыю, арганізоўваць выкананне народнагаспадарчых планаў. У адной з вёсак, дзе Волкаў разам з першым сакратаром райкама Максімам Язычэнкам праводзілі сход і агітавалі за калектывізацыю, яму ўваткнулі нож пад лапатку – неабачліва стаў падчас выступлення ля акна. Але і тут «браня» ўратавала: Васіль ацалеў – і працягваў даручаную дзяржавай і партыяй справу.
Ля будынка Астравецкага райкама партыі
– У тыя неспакойныя часы ўсім партработнікам выдавалі пісталеты, – расказвае Таццяна Нікіфараўна. – Наш тата свой толькі ў 1958-м здаў.
…Ішлі гады, адраджалася краіна, наладжвалася жыццё ў раёне – лёс больш не выпрабоўваў свайго байца на трываласць… А вайна яго не адпускала: баявыя раны нагадвалі пра сябе – загаіць іх Васілю Кузьмічу дапамагалі медыкі, а вось душу падлячыць не мог нават час – па начах старшы лейтэнант Волкаў «ішоў» у атакі, кагосьці клікаў, аддаваў загады…
Васіль Волкаў мог пражыць больш спакойна – але ён увесь час выбіраў барацьбу: адпраўляўся на абарону Радзімы, устанаўліваў савецкую ўладу ў пасляваенныя гады. Неаднойчы глядзеў у твар смерці – і ішоў у бой з несправядлівасцю.
І яго «браня» захавала яго, не, не ад выпрабаванняў – але ад смерці.
Васіль Кузьміч пражыў 82 цікавыя і насычаныя гады. І ніколі ні аб чым не шкадаваў. Бо жыў не па загаду – па сумленню.
Пасведчанне аб узнагароджанні ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені