Об истории вымирающей деревни Большое Село рассказали её жители

12:18 / 10.09.2018
5193

Пра колішняе і цяперашняе жыццё Вялікага Сяла расказваюць яго старажылы Вераніка Аляшкевіч, Юзэфа Каванская, муж і жонка Анастасія і Іван Каванскія і іх дачка Алена Кусойць.

IMG_5623.jpg

Кожная вёсачка мае сваю ўнікальную гісторыю – і яна не менш цікавая, чым тая, пра якую расказваюць падручнікі гісторыі. Вёска заўсёды жыла жыццём сваіх жыхароў: разам з вяскоўцамі няньчыла іх дзяцей, бачыла іх сталенне і развітанне з гэтым светам; працавала і вучылася з імі; даглядала гаспадарку; святкавала  і пакутвала… Усё, што адбывалася ў лёсах дзяцей вёскі і засталося ў  іх памяці, фотаздымках, рэчах, звычаях, гэта і ёсць яе адметная гісторыя.

IMG_5735.jpg

Адкуль пайшло Вялікае Сяло?

– Ішоў неяк мужык праз нашу вёску, – расказвае Анас­тасія Каванская легенду пра назву вёскі. – І запытаўся ў мясцовай бабулькі, што гэта за сяло. А тая недачула і кажа: «Так гэта вялікая вёска!».

Невялічкая вёска Вялікае Сяло суседнічае з такімі ж нешматлюднымі Клюшчанамі. Можа падацца, што гэта адна вёска: яны стаяць бок у бок – вуліца нібы працягваецца, указальніка з назвай ні ў пачатку, ні ў канцы Вялікага Сяла няма. Пра тое, што гэта асобны населены пункт, не лічачы мясцовых людзей, «падкажа» крыж у пачатку вёскі, які ўжо «спачывае» на траве і, бачна, падняць яго няма каму. «Раскажуць» і абвесткі з графікам прыезду аўталаўкі, прымацаваныя на двух хатах ў сярэдзіне і ў канцы вёскі, а таксама падпісаныя маслянай фарбай паштовыя скрынкі на сцяне аднаго з дамоў.

Цяпер у Вялікім Сяле толькі чатыры жылыя дамы, а два выкарыстоўваюцца як дачы. Непрацуючыя воданапорная вежа і колішняя ферма «адасобіліся» – трапілі ў пагранічную паласу.

Раней на працу ў калгас вяскоўцы хадзілі ў суседнія Клюшчаны, дзе таксама працаваў  магазін,  школа-васьмігодка і комплексна-прыёмны пункт – бытоўка. У Клюшчаны хадзілі на набажэнствы ў касцёл.

Вяскоўцы на калгасным полі.jpg

Калісьці ў Вялікім Сяле было 32 двары. У 60-х гадах людзі пачалі выязджаць – вёска пакрысе пусцела.

Цяпер нешматлікія жыхары Вялікага Сяла сустракаюць два разы на тыдзень аўталаўку; у панядзелак, аўторак, сераду і пятніцу могуць з Клюшчан да­ехаць на аўтобусе ў Астравец. Калі дрэнна сябе адчуваюць, вяскоўцы выклікаюць «хуткую» з Міхалішак і па некалькі разоў на дзень сустракаюць пагранічныя патрульныя машыны. Больш, акрамя дзяцей і ўнукаў, сюды ніхто не едзе.

– Чужых тут няма, – гаворыць Вераніка Аляшкевіч. – Толькі свае. Нават Бог на нас забыўся – не забірае…

– У нашай вёсцы амаль усе былі Каванскія, – расказвае Анастасія Каванская. – Толькі ў бабы Веры – Аляшкевіч. (Усміхаецца.)

Прозвішча Каванскі сугучнае слову «каваць», у Вялікім Сяле стаяла кузня – магчыма, адсюль і пайшлі Каванскія?

IMG_5716.jpg 

Жыццё на мяжы

– У савецкія часы затаварвацца мы ездзілі на цягніку з Гелядні ў Новую Вільню – планавалі так, каб прыехаць, закупіцца і паспець назад на гэты ж цягнік, – расказвае Іван Каванскі. – Там у магазінах нас ужо ўсе ведалі, і, як мы заходзілі, чарга расступалася – уперад прапускалі.

У Гелядню да цягнікоў мясцовыя жыхары насілі прадаваць ягады. Дзяцей пасажыры частавалі цукеркамі, а з фанцікаў потым вяскоўцы рабілі дыванкі для сцен.

– У Астравец нашы вяскоўцы рэдка ездзілі – на аўтобусе гэта займала больш за тры гадзіны, – успамінае дачка Івана і Анастасіі Каванскіх Алена Кусойць. – Прасцей і хутчэй было дайсці да Гелядні: два з паловай кіламетры дарогі – і ты на месцы. А там цягніком – у Пабрадзе, Швянчоніс ці ў Вільню. Да нас у вёску і аўталаўка літоўская прыязджала. Надта хлеб смачны прывозіла.

Не толькі за літоўскімі прадуктамі ездзілі вяскоўцы ў Вільнюс – вазілі туды прадаваць лішкі з уласнай гаспадаркі: гандлявалі яйкамі, малаком, смятанай, тварагом.

Некаторыя вяскоўцы працавалі на чыгунцы,  многія ездзілі на работу ў Вільню.

– Амаль у кожнага з нашай вёскі ў Літве жыў нехта з родных, – расказвае Алена Кусойць. – Таму ў суботу з боку Гелядні цягнуўся доўгі ланцужок: дзеці-браты-цёткі прыязджалі ў Вялікае Сяло на выхадныя. 

 – Кароў у поле мы выганялі не па гадзінніку, а па «цягніку», – працягвае  Алена. – Цягнік прайшоў – час гнаць кароў!

Так было раней – без межаў, віз, пашпартнага кантролю, аб­межавання на ўвоз-вываз прадуктаў і з аднолькавай валютай, – пакуль вялікая дзяржава не раз­валілася.

Цяпер усё па-іншаму: каб тра­піць нам у Вялікае Сяло, трэба мець пры сабе пашпарт; каб схадзіць у ягады-грыбы, муж і жонка Каванскія бяруць з сабой пропускі – без іх нельга знаходзіцца ў пагранічнай паласе.

 

Жыхары

Цётка Юзэфа

З 90-гадовай Юзэфай Каванскай сустрэліся ля яе дома – яна «палітыкавала» са сваёй сястрой Ганнай, якая прыйшла ў госці з Клюшчан. Пакуль маці была занятая госцяй, у хаце і на панадворку завіхаліся яе дзеці. Яны жывуць у Літве і прыязджаюць у родную вёску, каб маці адведаць.

Юзэфа Каванская (2).jpg

– Навязуць усяго, парадкі мне навядуць – глядзяць мяне! – гаворыць цётка Юзэфа. – Я, дзякаваць Богу, яшчэ рухаюся сама.

Манера гаварыць, позірк, постаць, рухі цёткі Юзэфы выдаюць валявы характар – бачна, і цяпер сярод родных галоўная – яна. Гады адабралі спрыт, але не нораў, і нават валасы сівізна кранае, нібы баючыся, – толькі дзе-нідзе…

– Нарадзілася я тут, у Вялікім Сяле… У адным класе ў школе два гады сядзела! – працягвае цётка. – У нас школы не было – усе ў Клюшчаны хадзілі. Вучылі на польскай мове – тут жа Польшча была. Я адвучылася ў 1 класе – а тут Расія заступіла, і мяне зноў у 1 клас – вучыць па-беларуску! Я сем класаў скончыла.

– З 67-га года ў калгасе паляводам працавала, – расказвае Юзэфа Каванская. – І мужык мой там жа працаваў. Аплата была сабачая – 20 рублёў! Ну і натурай давалі яшчэ…

Да 1967 года цётка Юзэфа ся­дзела ў хаце – дзяцей гадавала, бо дапамагчы не было каму.

– У мяне іх чацвёра: Стась, Анд­рэй, Ядзя і Гражына, – гаворыць жанчына. – Як прыедуць –  так добра, так вясёла! А як паедуць – такі сум нападае… Сяджу тады з коткай ды кацюкамі і чакаю… Нават з хаты выходзіць не хочацца!

 

Баба Вера

Непадалёк ад цёткі Юзэфы жыве яшчэ адна ўраджэнка гэтай вёскі – 95-гадовая Вераніка Аляшкевіч. Яна сустрэла мяне на парозе сваёй хаты. Светла-блакітныя вочы невысокай, крыху прыгорбленай сімпатычнай жанчыны вылучалі такую дабрыню і цеплыню, што яе міжволі захацелася абняць.

Вераніка Аляшкевіч (2).jpg

Баба Вера жыве адна. Да яе не прыязджаюць дзеці і ўнукі – іх няма.

– Хата, у якой я жыву, бацькоўская, – гаворыць бабуля Вера. – Замужам ніколі не была: маладая была, дык не хацела, потым не хацела за абы каго. Вось так і сяджу... Пляменнікі ў Літве, рэдка прыязджаюць – у іх свае справы. А да мяне прыходзіць апякунка з Клюшчан – Галя Пецюлевіч (сацыяльны работнік. – Заўв. аўт.). Дапамагае тое-сёе, ды Таіска часта наведвае (Анастасія Каванская. – Заўв. аўт.).

Бацька бабы Веры, Антон Аляшкевіч, быў солтысам. Кожную пятніцу ён едзіў у Жукойні на сход. Калі вяскоўцы хацелі на базары прадаць жывёлу, павінны былі атрымаць у яго даведку.

– Бацькі мае багатыя былі, валочнікі, – гаворыць баба Вера. – У таты толькі сёстры былі, таму ўся дзедаўская зямля – яе было многа – перайшла яму. На сезон бацькі наймалі парабкаў.

Вераніка Аляшкевіч скончыла ў Клюшчанах 7 класаў польскай школы.

– А тады ў Карольці ў хаце пасля вайны курсы арганізавалі па беларускай мове – настаўніца з Клюшчан прыходзіла, – узгадвае жанчына.

У 17 гадоў бацька аддаў Вераніку да міхалішкаўскай швачкі на навуку. Акрамя дачкі Аляш­кевічаў, у яе вучылася яшчэ трое дзяўчат. Такіх «настаўніц» трымалі на кантролі мясцовыя ўлады – калі прыходзіла праверка, «вучаніц» швачка хавала.

– Была адразу ў калгасе звеннявой па льну – на ВДНГ у Маскву нават ездзіла. Потым пяць гадоў пошту разносіла, цялят паіла на ферме, рабіла на клюшчанскай малочнай кухні – смятану ў Свір вазілі, казеін рабілі, – пералічвае баба Вера свае «работы». – Апошнія дзесяць гадоў у клюшчанскай бытоўцы швачкай рабіла.

Вялікая Айчынная вайна за­помнілася бабе Веры голадам.

– Нямецкія салдаты лавілі людзей, збіралі ў адну хату, а потым вывозілі. Мы хаваліся ў лесе, – узгадвае бабуля. – Хто мог, выкупляў сваіх, астатніх вывезлі. Пасля вайны некаторыя вярнуліся.

Баба Вера расказала, што пасля вайны яны ездзілі ў літоўскі Панявежыс выменьваць пярсцёнкі і саматканыя дываны на збожжа.

– Ездзілі на цягніку, – гаворыць баба Вера. – А вагон пера­поўнены – не ўбіцца! Дык мы, ды і многія, каму месца не хапала, на дах залазілі – і так ехалі.

Вяскоўцы ўзгадваюць, што раней у кожнай хаце па 5-7 дзяцей было, а як прыйшлі саветы, людзі пачалі ціснуцца да гарадоў.

– Зямлю адабралі, касіць нават у сваіх садах не давалі, – успамінае баба Вера. – У нас забралі коней, свіран, малатарню. Людзі хавалі жывёлу. Норму масла і малака абавязкова ў калгас трэба было здаваць… Во як жылі! Цяпер гаспадарка нікому не патрэбная, а раней мы толькі з гэтага жылі.

 

Анастасія і Іван Каванскія

Маладая настаўніца Анастасія Канстанцінаўна прыехала ў Клю­ш­чанскую школу са Слонім­шчы­ны  – і засталася на Астра­веччыне назаўсёды. Тут яна спаткала Іва­на Каванскага. Ажаніўшыся, маладыя сталі жыць разам з бацькамі Івана ў Вялікім Сяле. Выгадавалі трое дзяцей: Алену, Веру і Рамана – назвалі іх імёнамі сваіх бацькоў.

Анастасія і Іван Каванскія.jpg

– У мяне залатая свякроўка была: дзяцей глядзела – за работай я часу на іх асабліва не мела, ды і гаспадарку вялікую трымалі, – расказвае Анастасія Каванская. – Свякроў заўсёды гарой за мяне стаяла, калі якія спрэчкі здараліся. Мы з Іванам так у бацькоўскай хаце і жывём.

Муж і жонка Каванскія адзі­ныя, хто зараз трымае ў вёсцы гаспадарку: куры, авечкі, козы, а яшчэ каты ды сабака. А за ўласнаручна сплеценым з лазняку плотам ра­­дуюць вока кветкі і  дагледжаныя градкі.

На маё пытанне, навошта столь­кі жывёлы – усё ж людзі ўжо немаладыя, – Анастасія смеючыся адказвае:

– Дык гэта ж каб рухацца.

– Мы як адно цэлае – не можам адзін без аднаго, – гавораць усміхаючыся Каванскія. –  І без гэтай вёскі…

Муж і жонка і сапраўды як дзве палавінкі аднаго цэлага. Іван і Анастасія нават знешне падобныя адзін да аднаго. Ён –  стрыманы, памяркоўны ў раз­мове і рухах, з пачуццём гумару, гаспадарлівы. Яна – усмешлівая, гаваркая. Пяшчота, цеплыня і любоў да людзей і навакольнага свету бачны ва ўсім, што робіць і гаворыць гэта жанчына. І разам з тым, у ёй адчуваецца ўнутраны стрыжань: Анастасія Каванская хутка змяніла пасаду настаўніцы  на дырэктарскую. Працавала ў літоўскіх Ропішках, а потым без роздуму перайшла ў Клюшчаны настаўніцай, калі дачка пайшла ў школу. Затым кіравала Спондаўскай школай. 

– Было шмат прапаноў пераехаць у горад, але мне хацелася жыць толькі тут, хоць я і не мясцовая, – дзеліцца жанчына. – Мужу, калі ён працаваў у Вільні, нават кватэру абяцалі – толькі пераязджай. Але мы гэтаму месцу не здрадзілі, – усміхаецца Анастасія і пачынае чытаць на памяць свой верш-прысвячэнне Вялікаму Сялу:

Роднай вёсцы

Вяліка Вёска, родна вёска,

Цябе ніколі не забыць!

Устала сёння раным-рана –

Наўкола цішыня стаіць.  

Расце на ўзгорку дуб рагаты,

Нібы старэйшы патрыярх,

Пад дубам пасвіцца сахаты

З пучкамі моху на рагах.

Крыху далей ад нас – граніца:

Яскрава бачны два слупы.

Стаяць так мірна…

Ім сварыцца ніяк не можна:

Мы ж – сябры!

І цішыня стаіць такая,

Што ажно ў вушах звініць!

Стаю я, думаю, гадаю:

Як можна без цябе  пражыць?

Усім тым, хто тут вось нарадзіўся,

І тым, адсюль  хто выйшаў у свет,

Хто свайму лёсу не скарыўся,

Зазнаўшы быў нямала бед.

Вяліка Вёска, родна вёска!

Стаіш, маўкліва гледзючы,

І аджываеш так – у цішы…

IMG_5544.jpg

Bolshoe Selo.jpg

Bolshoe Selo1.jpg

Bolshoe Selo2.jpg

Bolshoe Selo3.jpg

Bolshoe Selo4.jpg

Bolshoe Selo5.jpg

Bolshoe Selo6.jpg

Bolshoe Selo7.jpg

Bolshoe Selo8.jpg

Bolshoe Selo9.jpg

Bolshoe Selo10.jpg

Фота Лізаветы ДРЭМЫ.

Текст: Рита Дремо
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений