Россып радзімак Вольгі Хацяновіч

16:37 / 30.07.2018

Радзімка, як і Радзіма: у некага – адна вялікая, значная. А ў некага – цэлы россып. І ўсе свае, родныя…


Мая радзіма – Астравеччына, на карце якой маленькімі кропачкамі-радзімкамі пазначаны месцы, дзе мне давялося нарадзіцца, расці, вучыцца, жыць і працаваць. Кожнае з іх жыве ў маёй душы цёплымі ўспамінамі, пачуццямі, дзеяннямі, стасункамі з людзьмі…

ЛІПКІ – мая калыска

Гэтая вёска – месца майго нараджэння і летняга адпачынку школьнай пары. 
Мая ліпкоўская радзімка – гэта бабуля Рэня, якая ў квяцістай хусцінцы, ціха, каб на разбудзіць любімую і пакуль адзіную ўнучку, шаркаючы хворымі нагамі, завіхаецца ля печы.  
Гэта дзядуля Іван, перакінуўшы праз плячо звязаныя анучкай сеткі, выпраўляецца на работу. Да станцыі Гудагай, дзе ён працуе, нават напрасткі – свет няблізкі. 

Ліпкі. Дзядуля Іван і бабуля Рэня.jpg

Ліпкі. Дзядуля Іван і бабуля Рэня

Гэта рыжая рагуля; глыбокі, у дванаццаць кольцаў, калодзеж – і прыгажуня бярозка каля плоту ў аздабленні невысокіх гнуткіх вішняў…
Гэта вясковыя каровы, пасвіць якіх даводзілася па некалькі разоў за лета, і першыя сяброўкі. Гэта аўталаўка ў цэнтры вёскі, якая прывозіла толькі мне – я была ў гэтым упэўнена! –  прысмакі адзін-два разы на тыдзень. 

Ліпкі. Першыя вясковыя сяброўкі.jpg

Ліпкі. Першыя вясковыя сяброўкі

Гэта старыя ліпы на ўзгорку пры ўездзе ў вёску. Яны, здаецца, зусім не пастарэлі – і сёння гэтаксама ветліва сустракаюць жыхароў і гасцей невялікай, але вельмі ўтульнай вёсачкі. І вялізны валун пад імі, які невядома колькі дзесяцігоддзяў хаваецца ў густой траве…
Тут, у роднай хаце майго бацькі, я зрабіла свой першы крок…

СЛАБОДКА – мая душа

Кожнае лета і такія кароткія, як мне тады падавалася, выхадныя,  мяне «камандзіравалі» ў Слабодку да бабулі Ірыны і дзядулі Рышкі, мой дзень пачынаўся з «пры­вітання» радыёкропкі, што га­дзінамі навылёт «вяшчала» ў бабуліным доме. 

Я памятаю водар травы, якую раненька, пакуль яшчэ не высахла раса, касіў за хлявом дзядзька, пах пілаваных дроў, якія ён на зіму складваў у падпаветку, смак позніх, кіслых і такіх сакавітых яблыкаў – колькі іх, яшчэ зелянухамі, было згрызена ўпотай ад дарослых!..  

Памятаю паходы ў лес – за грыбамі і ў чарніцы. Ой, як жа не любіла я збіраць гэтую чорную і, як мяне старалася ўпэўніць матуля, карысную ягаду! Але я збірала, бо гэта быў наш лес – мой і дзядулі Рышкі. Не дзеля грыбоў браў ён мяне, малую, з сабой – дзеля асалоды і, як высветлілася пазней, цёплых успамінаў…

Слабодка. Крыничка пры лесе.jpg

Слабодка. Крынічка пры лесе

Памятаю, як бабуля Іра – Фё­дараўна, як называлі яе  аднавяскоўцы, –  на свята прыно­сіла ад суседкі пірагі, смачнейшых за якія я да гэтага часу не каш­тавала. Як гатавала верашчаку і запякала ў печы кішку...
А яшчэ былі доўгія пасядзелкі на лаўцы каля хаты бабы Галі, мясцовы магазін з перавернутай рускай літарай «И» ў назве і калгасныя «соткі» бульбы і буракоў,  якія кожны год трэба было спачатку апалоць, а потым выкапаць…

Слабодка. Святочныя пасядзелкижыхароу.jpg

Слабодка. Святочныя пасядзелкі жыхароў

Тут, у слабодкаўскім лесе, за бабуліным сталом, з дзядулевай мудрасцю і парадамі, у квецені дрэў, што зялёнай коўдрай абдымаюць вузкую вясковую дарогу, засталася мая душа. 

Слабодкка. Дарога праз вёску и сёння не змянилася.jpg

Слабодка. Дарога праз вёску і сёння не змянілася


ГАЗА – маё незразумелае

Мы пражылі там нядоўга, і хата была калгасная, не родная ні мне, ні маім бацькам. Але чамусьці я ўсё яшчэ ўспамінаю гэты цагляны дамок з жоўтым франтонам. 
Ён і цяпер першым па вуліцы стаіць за прыдарожнымі елкамі. А можа, таму і прыцягвае ён мяне, што першы? Гэта быў першы дом нашай сям'і, дзе я каля сябе ва ўспамінах бачу маму і тату. А яшчэ – кацянят на маленькай коўдрачцы ў куце – там іх ад чужых вачэй хавала маці-кошка…
Тут, у сонечных промнях, якія прабіваюцца скрозь густую лі­стоту высокіх ліп, застаўся мой першы дзіцячы сад і першая кніга, і маміна крыштальная ваза, якая невядома як раптам выслізнула з маіх рук…

  ВАРОНА – маё дзяцінства

Яна мне сніцца – з усімі дробязямі: што дзе стаяла ў кватэры, якая тады здавалася мне велізарнай,  колер маміных вяргіняў і адзенне, якое шыла сваім лялькам…
Сніцца школа, якая сваімі цяжкімі металічнымі дзвярыма на жорсткай спружыне, здавалася, падпіхвала: ідзі на заняткі – не лянуйся! Сняцца настаўнікі, якіх памятаеш не таму, што яны былі першымі, а таму што яны БЫЛІ ў тваім жыцці – і вучылі жыць. Першыя мае аднакласнікі – варонскія, як і першая двойка ў дзённіку, першы падняты на калгасным полі падчас восеньскіх «школьных» работ лён і зрэзаная капуста… 
Мая Варона – гэта  мае пачуцці, эмоцыі, пахі – усё тое, чым напоўнена дзяцінства.  Яна навучыла мяне працаваць і сябраваць…

Варона. На калгасным поли.jpg

Варона. На калгасным полі


АСТРАВЕЦ – маё жыццё

Ты малады – значыць, ты шчаслівы. 
І нават не заўважаеш, як кожнае дрэва, кожны паварот дарогі або лесвічны пралёт у шматпавярхоўцы, дзе жывуць твае бацькі, кожны закуточак у роднай школе, дзе распраўляла крылы тваё першае каханне, становіцца родным і блізкім. Не разумела і я – нават тады, калі вярнулася на радзіму пасля вучобы ў сталіцы. 

Астравец. Тут мае вокны тут мой дом.jpg

Астравец. Тут мае вокны, тут мой дом

Што люблю свой Астравец, зразумела толькі калі стала жонкай і маці. Дзе пабудаваць дом? Хочацца, каб месца падабалася. Але ж у нас і тут прыгожа, і там утульна. У які садок аддаць сына? Ды без розніцы: выхавацелі ўсюды добрыя – свае ж, мясцовыя. Як і калегі, сябры, суседзі…

З кожным днём я ўсё больш прарастаю душой у месца, дзе жыву. Яно таксама стала яшчэ адной маёй радзімкай. Уся россып маіх маленькіх радзімак – гэта я. Без іх я – не я…


Текст: