Деревенька Микшаны, как живёшь?

15:18 / 03.07.2018
1
Непадалёк ад Астраўца пакуль яшчэ жыве вёсачка Мікшаны, хоць пульс яе, як сказалі б медыкі, прашчупваецца слаба. Яна ёсць на карце Астравеччыны – але ў яе пачатку вы не знойдзеце ўказальніка з назвай населенага пункта. Тут яшчэ цепліцца жыццё – але яно даўно ўжо не віруе, а наваколле толькі зрэдзь часу чуе дзіцячы смех… 

Мікшаны ў вайну далі прытулак маім прабабулі і яе дзецям, тут вырасла мая маці і знайшла сваю другую палавінку, у гэтай вёсачцы нарадзілася я.

5.jpg

Асабістае


Вёска Мікшаны суседнічае з Трайгамі – іх раздзяляе нешырокая гравійная дарога. І адзін, і другі населеныя пункты ўяўляюць сабой адну вуліцу, таму на першы погляд здаецца, што гэта не дзве асобныя, а адна вёска. Аднак уважлівы падарожнік заўважыць, што правае і левае  «крылы» пачынаюцца з прыдарожных крыжоў – здаўна нашы продкі ставілі такія ў пачатку вёскі.

13.jpg

Крыж у Мікшанах занядбаны: да яго ўжо даўно не ідуць на «маёўкі», не аздабляюць яго кветкамі і рознакаляровымі стужкамі, не падфарбоўваюць,  – адышлі ў лепшы свет тыя, хто за ім даглядаў, хто меў у гэтым патрэбу, а перадаць клопат, мусіць, не было каму. На жаль, гэты крыж з’яўляецца ўсяго толькі своеасаблівым указальнікам пачатку вёскі.

Пры ўездзе ў вёску суст­ра­кае зарослы стары сад з напаўразваленай хацінай, якая гасцінна расчыніла насцеж дзверы, – тут даўно ніхто не жыве, а  яна нібыта запрашае зайсці, загаварыць ці хаця б крыху пастаяць побач… Гаспадар гэтай хаты ў лютым 1943 года прывёз на падводзе з чыгуначнай станцыі маю прабабулю і яе дзяцей, якіх немцы вывезлі з роднай Расіі, і даў ім дах над галавой...

6.jpg

Не, усё ж вёска гэта яшчэ жыве! Не такім, канешне, жыццём, як хаця б гадоў трыццаць таму, калі з коміна кожнай хаты курэў дымок, у хлявах кудахталі куры, рохкалі свінні і мычалі каровы, за межы і сенажаці сварыліся суседзі, па вуліцы бегалі дзеці – мясцовыя і прыезджыя, а бабулькі збіраліся вечарам, управіўшыся па гаспадарцы, на пасядзелкі… 

Цяпер у Мікшанах шмат пустых хат: ад некаторых засталіся толькі фундаменты, якія абраслі маладымі дрэўцамі; некаторыя сталі дачамі. Ёсць і такія, дзе святло ў вокнах і гучны сабачы брэх нібы гавораць: жывём і жыць будзем – лепшага месца не трэба!

...Будні дзень. Няспешна ідзём з маці па вёсцы, успамінаем, спыняемся, гля­дзім – кожная з нас узгадвае свае Мікшаны. Нашай размовы нішто  не парушае, хіба толькі залівісты брэх шчанюка, які, згледзеўшы чужых, выскоквае са двара. 

– А памятаеш, як наш Юрка сядзеў, схаваўшыся, у гэтым кусце бэзу і крычаў мінакам «Здрасце!»? А вось тут мы шчаўе збіралі…  А тут свіран стаяў – яго ўжо няма… А мы ў дзяцінстве з лесу шлях скарачалі па Фэлькавай сцежцы – а ён, убачыўшы, лаяўся, што мы траву патапталі, – мы з маці наперабой узгадваем мінулае… Успаміны ідуць-плывуць-бягуць – і так шкада таго, што адышло ў нябыт, так сумна на душы...

У дзвярах аднаго з дамоў заў­важаем старажыла гэтай вёсачкі Баляслава Станіслава­віча Гурштына. Ён, як і мы, рады сустрэчы.

22.jpg

– У нас цяпер толькі сем хат жылых, – пачынае размову Баляслаў Станіслававіч. – Ну і яшчэ пару засяляюцца на лета. Не тое, што некалі…

14.jpg

19.jpg

З кнігі «Памяць. Астравецкі раён»:


«Мікшаны – вёска ў Гудагайскім сельсавеце. У 19 ст. – у Ашмянскім павеце Віленскай губерні. Уваходзіла ў склад маёнтка Вайшнарышкі, уласнасць памешчыка Рачынскага. У 1865 годзе – 17 сялянскіх душ, 3 былых дваровых людзей і 7 аднадворцаў. У 1865 годзе вёска адносілася да Дзягенеўскай сельскай грамады. У 1897 годзе 13 гаспадарак, 77 жыхароў, хлебанарыхтоўчы магазін. У пачатку 20 ст. у Палянскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1905 годзе 87 жыхароў. З 1922 года ў складзе Польшчы, уваходзіла ў Палянскую гміну Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У 1938 годзе – 20 двароў, 112 жыхароў. Побач з вёскай знаходзіўся фальварак (2 двары, 14 жыхароў). 
З 1939 года Мікшаны ў складзе БССР. З 12.10.1940 – у Дзягенеўскім сельсавеце Астравецкага раёна Вілейскай, з 20.09.1944 года – Маладзечанскай абласцей. З 16.07.1954 года – у Слабодкаўскім сельсавеце. У 1959 годзе 44 жыхары. З 20.01.1960 года – у Гродзенскай вобласці. 
На 01.01.2004 года 16 двароў, 37 жыхароў, у складзе СВК «Палушы»(цяпер – КСУП «Гудагай». – Заўв.аўт.).»

2.jpg

Панскія землі

У канцы вёскі, крыху ўзбоч яе, на прыгорку некалі стаяла сядзіба паноў Рачынскіх. Цяпер ад яе захаваліся толькі рэшкі каменнага фундаменту. 

– Раней гэта месца вясковыя называлі Клёмбы, – наперабой узгадваюць мая маці Таццяна Нарковіч (у дзявоцтве Каваленка) і Баляслаў Гурштын. – Мы дзецьмі туды гуляць бегалі. А Клёмбы – таму што там клёны растуць.

Непадалёк ад сядзібы, у ляску, быў стары могільнік. Дзяўчаты баяліся туды хадзіць, а хлопцы бегалі, каб паглядзець на рэшткі магільных плітаў.  

У лесе захавалася панская сажалка. Расказвалі, што, каб пан дазволіў пакупацца, трэба было яму адрабіць. Гэты лес калісь называлі лесам Рачынскага.

Бліжэй да пачатку вёскі стаяла панскае гумно – на месцы яго цяпер наш сад і агарод.

– А ведаеш, што лічылася самай вялікай абразай для вяскоўцаў? – пытае маці і  тлумачыць: – Калі казалі, што твая хата, хлявы ці агароды – гэта панская зямля.

Адразу за Мікшанамі, калі звярнуць на лясную дарогу, не­калі здабывалі вапну – гэта месца атрымала назву Вапельня.

Вясковая культура

– Вось гэта была хата Амількі Вацючыхі – Нядзвецкая, здаецца, яе прозвішча было, – маці паказвае на вялікі напаўразвалены дом. – Адну палову яна заўсёды пад танцы аддавала. На танцы сюды збіралася ўся вёска – і малыя, і дарослыя. Гралі на цымбалах і бубнах. Надта мне ў памяць урэзаўся радок з песні, якую адна дзяўчына спявала: «Рыжая-рыжая, ты самая красивая…» Я ўсё не магла зразумець, чаму рыжая самая прыгожая. (Смяецца.)

17.jpg

– Музыканты былі не мясцовыя, – удакладняе Баляслаў Гурштын. – Прыходзілі аднекуль. Танцавалі мы польку, вальс, факстрот, летку-енку…

– Мае бабуля з дзядулем і цётка жылі ў Мікшанах. Кожнае лета да цёткі Рэні з’язджаліся ўсе пляменнікі. Маім абавязкам было збіраць брусніцы, а для мяне гэта было сапраўднай катаргай,  – успамінае ашмянец  Віктар Андрушойць. – Дык у нас з мясцовымі дзяўчатамі быў своеасаблівы бартар: яны збіралі для мяне ягады, а я за гэта граў ім на гармоніку танцы і спяваў. За два вядры брусніцаў я гатовы быў граць колькі заўгодна!

23.jpg

А ў хаце Ждановічаў вяс­коў­цы збіраліся вечарам на пасядзелкі. Пакуль дарослыя рэзаліся ў карты і вялі размовы, дзеці слухалі, аб чым ідзе дарослая гамонка.

– А якія бліны ў іх былі! – успамінае маці. – Бліны, якія заставаліся пасля снедання,  складвалі ў саганок, залівалі тлушчам і падагравалі на печы. Так смачна было, як пачастуюць, – здавалася, што найсмачней нічога і прыдумаць нельга.

У вёску часта прывозілі кіно. Апавяшчала пра «сеанс» самаробная афіша – вялікі аркуш паперы, на якім фарбай пісалася назва фільма. Вешалі яе на дрэве. Як дзеці чакалі гэтай афішы! Думаеце, каб даведацца, якое пакажуць кіно? І гэта таксама – але галоўнае было зняць гэтую паперчыну, каб потым абкласці ёй падручнік!

– Нават калі ўдавалася першай завалодаць афішай, старэйшыя хлопцы адбіралі яе, – расказвае маці. – Для кінасеансаў, дарэчы, «ахвяравала» сваю хату цётка Мэлька Саханоўская, а экранам была звычайная белая прасціна.

16.jpg


15.jpg


Як школа стала магазінам


У сярэдзіне вёскі стаіць драўляны будынак, абкладзены цэглай. Шыльда на ім сведчыць, што некалі тут быў магазін. 

– Гэта ўжо пазней магазін быў, а перш тут размя­шча­лася пачатковая школа, – расказвае Баляслаў Станіслававіч Гурштын. – Вучыліся па два класы: першы – з другім, трэці – з чацвёртым. Настаўнікаў шмат перабыло. Кватаравалі ў Амількі. Ганця Карвэцкая польскую мову выкладала. Працавала ў школе Надзея Васільеўна Раткоўская з Трайгоў. Пасля заканчэння чатырох класаў на вучобу дзяцей адпраўлялі ў Астравец. Мы напрасткі туды хадзілі – праз Юзуфова. Цяпер ужо гэтага хутара няма.

Раней будынак школы быў прыватным домам, яго гаспадары выехалі ў Польшчу. У школе было два пакоі – у адным вучыліся, а другі служыў падсобным памяшканнем.

Насупраць школьнага будынка быў школьны сад – ён і цяпер захаваўся, толькі стаў прыватнай тэрыторыяй. Яго яшчэ мая бабуля садзіла. 

– Частка яблыкаў ляжала ў школьнай прыбудове, – узгадвае школьную пару маці. – Сталовай, як у цяперашніх школах, у нас не было – елі за партамі. На вялікім перапынку настаўніца кіпяціла на плітцы ў чайніку ваду. Кожнаму падавалася шклянка з чаем, клалася пячэнне і яблык. А ў доме Вацючыхі быў магазін – мы туды на перапынках бегалі цукеркі-падушачкі купляць.

Пасля ў будынку школы зрабілі бібліятэку, а пазней – гэта ўжо было і на маёй памяці – тут быў магазін. І, вядома ж, ён быў «інфармацыйным» цэнтрам вёскі. Другім такім цэнт­рам была студня ў сярэдзіне вёскі – вяскоўцы, стоячы  там у чаканні адкрыцця магазіну або выгрузкі тавару, абменьвалі апошнімі навінамі.

– Усяго хапала ў магазіне, – прыпамінае асартымент Баляслаў Станіслававіч. – Хлеб, макароны, цукеркі, віно, водка, каўбасы, мука... Муку разбіралі нахаду!

Магазін даўно закрыты – да вяскоўцаў прыязджае аўталаўка, пра дзень і час свайго прыбыцця яна «апавяшчае» жыхароў, як не­калі тая афіша, з аднаго з дрэў Баляслава Гурштына. Дарэчы, пад ім, на плоце, вісіць і старая паштовая скрынка на чатыры адсекі…

11.jpg

18.jpg

21.jpg

20.jpg

Грыбаварня


Наводдаль ад вёскі стаяла грыбаварня – цяпер на гэтым месцы расце малады лясок.

– Яе  трымала Кузына – Вікця Мядзвецкая. – расказвае Баляслаў Гурштын. – Грыбаварняй служыла невялікая пабудова, збітая з дошак. Там варылі грыбы і засольвалі іх у вялізных бочках. А потым адвозілі ў нарыхтоўчую кантору. 

Грыбы тут перапра­цоў­валі розныя. Як пачынаўся сезон, вяскоўцы стараліся за дзень збегаць у лес не раз – ранкам ды ўвечары, вярнуўшыся з работы. Дзеці ад дарослых не адставалі. Прыйшоўшы з лесу, грыбы перабіралі і неслі на грыбаварню.

– Нарыхтоўвалі мае маці з бабуляй грыбы і для сябе, – успамінае маці. – Але чамусьці найсмачнейшымі яны здаваліся на грыбаварні. Мы бегалі туды, каб цішком запусціць руку ў бочку – пачаставацца.

– Вікця перапрацоўвала грыбы разам са сваім мужыком. Імпаліт яго звалі, – успамінае Баляслаў Станіслававіч. – Яго яшчэ Абараннікам клікалі – бо ён абаранкі пёк і прадаваў.

4.jpg

8.jpg

Гаспадарскія справы


– Раней усе трымалі хатнюю гаспадарку. А як жа інакш – з яе і карміліся, – успамінае Баляслаў Гурштын. – Лес, канешне, дапа­магаў: грыбы, ягады. Вяскоўцы ў асноўным працавалі ў калгасе. А кароў пасвіць наймалі пастуха з Астраўца.

Пастух па чарзе начаваў у хатах, там яго кармілі і давалі ежу з сабой на пасьбу. У дапамогу яму ішлі яшчэ два чалавекі: дзеці ці дарослыя. Расплачваліся натурай: за адну карову за лета – тры пуды збожжа, яйкі, малако.

7.jpg

10.jpg

3.jpg

Ідучы па вёсцы, заўважаю: дзе-нідзе з-пад пяску выглядвае брук – ён таксама нагадвае пра былое жыццё. Брукаваная дарога пракладзена паўз усе Мікшаны. Цяпер гэтыя камяні схаваны пад слоем гравію. Гэты брук быў пакладзены яшчэ пры панскім часе і падтрымліваўся ў належным стане і тады, і пазней. Кожны год дарогу рамантавалі. Для гэтага выдзялялі камяні, давалі падводы іх прывезці. Абавязкова кожную суботу  брук вымяталі, чысцілі ад каровіных «ляпёшак», каб перад святой нядзелькай парадак быў не толькі ў дварах, але і ва ўсёй вёсцы.

9.jpg

Мянушкі


– Вяскоўцаў звалі не па імёнах ці прозвішчах, а па мянушках, – узгадваюць мае «экскурсаводы». – Чаму? Ды хто яго ведае. Мы нават маглі імені не ведаць – а па мянушцы адразу разумелі, пра каго ідзе гаворка.

Жаночыя мянушкі давалі па мужчынскіх імёнах: Раманіха, Ясюліха, Караліха, Антоля. Часам па прозвішчу: Міхніха, Стругачыха. А калі і словы-паразіты «прыпячатвалі»: выкарыстоўваў часта ў размове мужык слова «Божа»,  значыць яго жонка і дзеці – Божавыя, «пасябравала» жанчына са словам «кузын» – будзе Кузынай. І род заняткаў мог даць новае імя: пёк абаранкі – значыць, Абараннік. А калі і называлі каго па імені, то абавязкова дадавалі «прыналежнасць»: Танька Фросіна.

Так жыла вёска. Паступова моладзь стала выязджаць, старыя  – хто памёр, каго дзеці забралі да сябе. Хаты сталі пусцець, апрацаваная і некалі дагледжаная зямля зарастаць –  Мікшаны апусцелі... 

Апусцелі Мікшаны – ды не памёрлі! Год таму тут узяла ўчастак пад будаўніцтва дома астравецкая сям’я. Па суседству адбудоўваюць бабуліну хату ўнукі. Яшчэ адзін дом купілі – праўда, пакуль што пад дачу, але маюць намер падрамантаваць – і пераехаць. Вёска будзе жыць?! 

12.jpg

1.jpg

Можа, праз дзясятак-другі гадоў мы будзем успамінаць, як некалі прыгожыя, утульныя, сучасныя Мікшаны ледзь было не памерлі… Няхай бы так і было!

Фота з сямейных архіваў аўтара і В. Каспяровіч.


Текст: