Регина Дремо: родина вдохнула вторую жизнь

16:01 / 23.06.2018
Я нарадзілася на Астравеччыне, а жыццё завяло ў Літву: у Вільнюсе нарадзілася мая дачка, там я атрымала жыллё. І чужы горад хутка стаў амаль родным.

SDC11643.jpg

Я часта прыязджала да бацькоў. Калі цяжка захварэла маці, забрала яе да сябе. Бацька застаўся ў Беларусі. Работа, паўсядзённыя клопаты, догляд за маці, якая амаль не хадзіла, не давалі магчымасці часта наведвацца ў родныя мясціны. Матуля вельмі сумавала па Астравеччыне – з цягам часу і я зразумела, што мне не хапае сустрэч з радзімай: часта сніліся дзяцінства, наш хутар, вёска… Імкнулася пераключыць свае думкі, не хацела пускаць сум у душу: спявала, пісала вершы, фатаграфавала, займалася грамадскай дзейнасцю, вучыла польскую і літоўскую мовы. Побач са мной заўсёды былі надзейныя сябры, у мяне была добрая работа – усё, здавалася, складвалася так, як хацела... А мне ўсё роўна нечага не хапала!

І тут лёс нібы падпіхнуў мяне туды, аб чым шчымела маё сэрца. Праўда, штуршок гэты быў рэзкі і балючы: памерла маці, злёг бацька, я засталася без работы. Пераехала ў Беларусь даглядаць бацьку. Было вельмі цяжка – але чамусьці дыхаць стала лягчэй.

Вярнуўшыся на радзіму, я перш за ўсё выпісала «Астравецкую праўду», каб ведаць мясцовыя навіны і асвяжыць у памяці прызабытую родную мову – і адразу паўдзельнічала ў рэдакцыйным конкурсе, дзе стала пераможцай. Мяне прыкмецілі, прапанавалі пісаць для газеты. І я стала выплёскваць на старонкі любімай «Астравецкай…» усё, што сабралася ў душы за шмат гадоў. Нечакана з’явіліся прыхільнікі маёй творчасці.  

А потым тут, на радзіме, я сустрэла  каханага чалавека, з якім шчаслівая ўжо 23 гады, і адчула радасць жыцця. У мяне адкрылася другое дыханне – тут, на радзіме.
Дзякуй табе, Астравеччына!

Рэгіна ДРЭМА, фота аўтара.

Текст: Главный администратор