Аптымізацыя Слабодкі

10:39 / 10.05.2018
Кожны горад ці вёска, вялікая ці маленькая – чыясьці маленькая радзіма. Я нарадзілася і вырасла на Дзятлаўшчыне, але ў вёсцы Слабодка пражыла тры чвэрці свайго жыцця – амаль паўвека. Тут нарадзіліся мае дзеці і ўнукі. Таму я па праву лічу гэтую вёску сваёй малой радзімай.

51.jpg

Першы пісьмовы ўспамін пра Слабодку адносіцца да 16-га стагоддзя. Прыгожая, дагледжаная, крыху шляхетная, ганарлівая – і вельмі любімая сваімі жыхарамі вёска. Але цяпер яе няма! Ніводзін сучасны тапанімічны слоўнік не раскажа вам пра вёску Слабодка. Не, яна не знікла: дамы стаяць, людзі жывуць. Але вёска з 400-гадовай гісторыяй стала вуліцай горада Астраўца. 

…Настальгічныя ўспаміны ад­носяць мяне ў той час, калі Сла­бодка была яшчэ вёскай і жыццё тут віравала.Тут была пачатковая школка са сваімі традыцыямі. Каля школы рос яблыневы сад. Вучні яго даглядалі: вясной бялілі ствалы, восенню зграбалі лісце, збіралі яблыкі. Вядома ж, пад кіраўніцтвам настаўніцы А.Ч. Русецкай. А як жа інакш – да працы трэба прывучацца змалку! Можа, з гэтага і пачынаецца любоў да сваёй малой радзімы? А яшчэ ў школе быў свой лялечны тэатр: лялькі рабілі з гліны самі вучні і іх улюбёная ў сваю справу настаўніца. Але… Аптымізацыя – і школу закрылі. Можа, так і трэба было – хто яго ведае?

Быў у вёсцы і клуб-бібліятэка, у якім працавала вялікі патрыёт сваёй радзімы Г.С. Замара. Гэта яе стараннямі была створана кніга-буклет «Мая зямля… Мае землякі» – яна ёсць амаль у кожнага жыхара Слабодкі. У клубе таксама былі свае традыцыі – да прыкладу, кожны год адзначаць свята вёскі: збіраліся аднавяскоўцы, успаміналі сваіх знакамітых зем­лякоў, ушаноўвалі лепшых працаўнікоў, выступалі самадзейныя артысты… Але зноў – аптымізацыя. І стаіць закінуты, недагледжаны будынак былога клуба, успамінае лепшыя часы…

Быў у вёсцы і фельчарска-акушэрскі пункт, а пры ім – аптэчны пункт. Тут можна было набыць лекі, якія рэалізуюцца без рэцэпта, атрымаць працэдуры, сюды прыязджалі ўрачы з раённай бальніцы, каб агле­дзець хворых. Зручна было! Як вы разумееце, ФАП таксама аптымізавалі… 

У Слабодцы быў цэнтр адной з самых багатых і паспяховых гаспадарак у раёне – калгаса «Шлях Леніна», якога таксама ўжо няма.
Вёска жыла сваім звыклым жыццём. Прачыналася з усходам сонца і заціхала пасля яго заходу. Жыццё яе суправаджалі адвечныя вясковыя гукі і пахі: гамонка людзей, рыканне кароў, што ішлі на пашу ці вярталіся з яе, тарахценне тэхнікі, водар сенакосу і жніва…
Цяпер вуліца Слабодка па-ранейшаму прыгожая – але сумная і маўклівая: пройдзеш з канца ў канец – і павітацца няма з кім. Хоць тут стаіць 50 дамоў – ніводнага пакінутага! – і жыве каля паўтары сотні жыхароў. І ўжо шмат гадоў колькасць насельніцтва не змяншаецца!

Жыхары Слабодкі спадзя­валіся, што разам са статусам гараджан яны набудуць і гарадскія выгоды. Ну, як у Астраўцы: на кожнай вуліцы крамы, аптэкі, цырульні… Усё – у крокавай даступнасці. Але статус памяняўся, за гэта – унясенне адпаведнага запісу ў свае пашпарты – жыхары нават заплацілі, а жыццё іх засталося вясковым, больш таго – пагоршылася. 

Калі Слабодка была вёскай, мы ўсе свае справы вырашалі ў Гудагайскім сельсавеце – цяпер за ўсім-усялякім трэба ехаць у Астравец. А як ехаць?  Раней нас звязвала з Астраўцом асфальтавая дарога. Тры разы на дзень, а ў лепшыя часы – нават чатыры, у тым ліку і ў выхадныя, да нас прыходзіў аўтобус. А не, дык і пешшу можна было прайсціся ці на веласіпедзе праехаць. Цяпер гэтай дарогі няма – яе разбурылі, перакапалі: на ёй трэці мікрараён горада энергетыкаў. Ёсць аб’яздная дарога праз станцыю Гудагай – гэта больш чым 10 кіламетраў: пешшу не пойдзеш, ды і на веласіпедзе не кожнаму такую адлегласць пераадолець па сілах. 

Сітуацыю мог бы паправіць аўтобусны маршрут з разумна складзеным раскладам руху і маршрутам, калі б ён прыязджаў у нашу вёску – ах, прабачце: на нашу вуліцу Слабодка! – хаця б разы тры на дзень, у тым ліку і ў выхадныя дні. Пакуль жа аўтобусам, што ідзе па нашай вуліцы, зручна дабірацца толькі на працу: ранкам – у Астравец, вечарам – назад.  А што рабіць з 7 гадзін раніцы да паловы шостай вечара, калі трэба толькі нейкую даведку ўзяць ці да ўрача схадзіць? Пытанне… 
Трэба ўлічваць і пажаданні дачнікаў з Каменкі – зараз жа якраз адкрыўся сезон! Непадалёк знаходзяцца вёскі Дзягенева, Індрубка – іх жыхарам таксама трэба дабірацца ў Астравец і таксама праз Слабодку. 

З гэтым пытаннем мы неаднойчы звярталіся да розных службовых асоб, у адказ – толькі ветлівы «адпіхач». 
За гады свайго існавання вёска Слабодка перажыла многае: адступленне напалеонаўскіх войск, кайзераўскую акупацыю, першую і другую Сусветныя вой­ны, калектывізацыю, індуст­рыя­лізацыю і іншыя «…цыі» – і заха­вала свой твар і назву. 
Не перажыла толькі аднаго – аптымізацыі…

  Ірына Ярашэвіч, 
жыхарка колішняй вёскі, 
а зараз – вуліцы Слабодка.



Официально
На обращение жительницы улицы Слободка И.В. Ярошевич, а также учитывая положение других жителей улицы Слободка,  администрация филиала «Автомобильный парк №4» г. Островец» ОАО «Гроднооблавтотранс» информирует, что принято решение организовать движение дополнительного рейса по маршруту Автовокзал – ул. Слободка в обеденное время в тестовом режиме с 15 мая 2018 года по рабочим дням.
Для установки таблички с расписанием движения по улице Слободка необходимо оборудовать остановочный пункт. На сегодняшний день табличка укреплена на металлическом столбе.

РАСПИСАНИЕ 
движения автобусов по городскому маршруту Автостанция – Слободка

Приб. Отпр.
13.15 Автостанция
13.17 13.18 Центр
13.20 13.22 ул. Октябрьская
13.24 13.25 Каменка
13.27 13.28 Слободка
13.30 13.31 Каменка
13.33 13.34 ул. Октябрьская
13.36 13.37 Центр

13.39 Автостанция




Текст: Главный администратор