Уладзіслаў Ляховіч атрымаў падарункі ад калектыву «АП» і байкераў

11:41 / 26.12.2017

Вы памятаеце Улада Ляховіча? Таго самага сонечнага рыжавалосага хлопчыка, які мужна змагаецца з цяжкай хваробай – пра яго расказвала “Астравецкая праўда” у №60 ад 9 жніўня 2017

Каб дапамагчы Уладзіку справіцца з бядой, сотні людзей прыйшлі ў жніўні на дабрачынны канцэрт, які ладзіла грамадская арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У наступным годзе хлопчыку, якому вясной зрабілі аперацыю па перасадцы коснага мозгу, трэба будзе прайсці доўгатэрміновую і дорага каштуючую рэабілітацыю.

Потым, даведаўшыся, што запаветная мара Улада – матацыклы, у вёску Слабада завіталі байкеры з Астравецкага, Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў – арганізавала іх на добрую справу байкерская фея (якая, аказваецца, умее пераўвасабляцца ў Снягурку!) Рэната Яфімава. Матацыклісты ў той раз прыехалі не проста з падарункамі – яны дапамаглі хлапчуку дакрануцца да мары: ён пасядзеў і “пагазаваў” на кожным матацыкле, прымерваючыся, які ж з іх стане ягоным, калі хлопец вырасце і атрымае правы… Улад нават пакатаўся з байкерамі па вясковай вуліцы на самых крутых байках!

Цяпер зіма, байкеры паставілі сваіх “жалезных коней” на прыкол… Але гэта не азначае, што жыццё спынілася: у байкераў ёсць свой Дзед Мароз і Снягурка, якія, як і ўсе чараўнікі, здольны здзяйсняць запаветныя жаданні – праўда, адметныя, байкерскія…

…У той дзень каля дома Ляховічаў прытармазілі… не, не матацыклы, як летам, а некалькі аўтамашын – і адзін мікрааўтобус. З чэрава якога тут жа выкаціўся самы сапраўдны матацыкл, а неўзабаве выйшлі і Дзед Мароз са Снягуркай.

IMG_20171223_162040.jpg

Улад і яго малодшы брат Вальдэмар вачам сваім не верылі: матацыкл на заснежанай вуліцы – гэта прыкладна тое ж, што пралескі пад навагодняй ёлкай. Не, байкерскі Дзед Мароз не стаў парушаць правілы і ганяць на матацыкле па заснежанай вуліцы – байкеры ўвогуле людзі законапаслухмяныя. Ён проста завёў матацыкл, і Улад “пакатаўся” на ім, не кранаючыся з месца…

Былі ў той дзень і іншыя падарункі ад байкераў, таксама адпаведныя: Вальдэмар атрымаў цацачны матацыкл, якога не выпускаў з рук, а Улад – амаль сапраўдны байк ручной работы – толькі паменшаную яго копію.

IMG_20171223_161732.jpg

Вядома, былі і салодкія падарункі – ад байкераў і калектыву рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда”, а таксама матэрыяльная дапамога, якую сабралі для хлопчыка журналісты.

…А затым усе пілі духмяную гарбату з тортам, размаўлялі пра паўсядзённыя справы і навагоднія мары – і планавалі новыя сустрэчы.

Калі загадаць пад нешта пад Новы год – жаданне абавязкова спраўдзіцца, праўда ж? Так што да сустрэчы, Уладзік!


 

Текст: Нина Рыбик