Вярнулі забыты кашалёк. Выпадковасць – ці заканамернасць?

12:08 / 09.12.2018

У апошні час толькі і чуеш: людзі сталі злымі, жор­сткімі, сквапнымі, акрамя грошай, іх больш нічога не цікавіць, за капейку на злачынства пойдуць, цераз роднага чалавека пераступяць. «Не, раней такога не было, раней людзі былі больш добрымі, спагадлівымі, сумленнымі, шчырымі – не тое, што зараз», – гэта гучыць рэчытатывам. 

66.jpg

Хоць, вядома ж, было – хапала і хцівасці, і зайздрасці, і подласці, і здрады – пачытайце сусветную гістарычную літаратуру, і не абавязкова мастацкую, дастаткова дакументальнай. Мне здаецца, што людзі за тысячагоддзі сваёй эвалюцыі ніколькі не змяніліся – іншымі сталі толькі ўмовы іх існавання, а ўсе іх заганы – зрэшты, як і даброты, – эвалюцыяніруюць разам з чалавецтвам: калі раней біліся за межы, то зараз – за машыны, калі раней дапамаглі кавалкам хлеба ці жменькай мукі, то цяпер – грашыма…

Тым не менш, многія – мне здаецца, што большасць! – перакананы, што людзі цяпер горшыя, чым раней, што іх раз’ядае іржа карыслівасці, ілжывасці, подласці, зайздрасці – і ратунку ад гэтага няма. Апакаліпсіс! 

656838_U_kazhdogo_uchastnika_rynka_svoya_rol_.jpg

І так часта я пра гэта чую і чытаю, што міжволі пачынаю задумвацца: сапраўды гэта аксіёма, не патрабуючая доказу, – ці яе зрабіла такой колькасць паўтарэнняў? Ну, як у казцы: калі ніхто не хоча заўважаць, што кароль голы і ўсе сцвярджаюць, што на ім новы прыгожы ўбор – то, можа, так яно і ёсць? 

Але ж атрымліваецца нела­гічна: калі пераважная большасць лю­дзей  упэўнена, што людзі злыя і карыслівыя – то пра каго ж тады яны гавораць?  Адно з двух: альбо самі пра сябе, апраўдваючы тым самым уласныя грахі – маўляў, якія ўсе, такі і я. Але ў такім выпадку навошта асуджаць тых, хто такі ж, як і ты? Ці большая і лепшая частка грамадства такім чынам кляйміць меншую – а гэта азначае, што ўсё не так і дрэнна ў гэтым самым грамадстве. 

Са сваім адвечным апты­мізмам я схіляюся да другога варыянту. Мо, таму, што мне шанцуе  ў жыцці на добрых і шчырых людзей, і я пераканана, што іх на самой справе больш, чым дрэнных, злых, зайздрослівых – якія, вядома ж, таксама неаднойчы білі мяне «з нагі» і, неабачліва дапушчаныя ў даверлівую душу, таленавіта, натхнёна і шчодра гадзілі ў самыя патаемныя яе куточкі.

…Самы свежы прыклад з майго асабістага жыцця, які сведчыць, што добрых людзей нашмат больш, чым мы думаем, і неабавязкова гэта нехта з тых, каму ты сам зрабіў нешта добрае. Ранкам да работы хацела праведаць у бальніцы хворага бацьку, забегла ў магазін дакупіць што-кольвечы – і, разлі­чыўшыся, пакінула кашалёк на прылаўку. Здагадайцеся, калі гэта высветлілася? Гадзіны праз дзве, калі з магазіна патэлефанавалі ў рэдакцыю. А ў кашальку, між іншым, былі не толькі банкаўскія карткі – у тым ліку і бескантактныя, якімі можна разлічвацца без увядзення пін-кода, але і прыстойная сума наяўных грошай. І ніхто не паквапіўся! І гэта, дарэчы, не першы раз, калі ў магазіне «Анастасія» мне вяртаюць лішне ўзятыя грошы – памылкі ж здараюцца ва ўсіх! – ці недададзеную рэшту. Дзякуй, дзяўчаты!

…Здаецца, на свае вушы чую, як нехта з чытачоў хмыкнуў: ну вядома, у кожным магазіне ведаюць вас, ведаюць, дзе і кім вы працуеце – чаму б і не вярнуць той кашалёк? Пакінуць – даражэй будзе. А вось калі б гэта быў нехта іншы…

Але падобныя выпадкі неаднойчы здараліся і тады, калі я была «іншай»: нікому невядомай студэнткай, практыканткай, маладым спецыялістам, у самых розных гарадах і вёсках, установах, магазінах.

Зрэшты, што я ўсё пра сябе? Нядаўні выпадак пра «некага іншага», нават не астраўчаніна, расказалі міліцыянеры. Разліч­ваючыся ў магазіне за нейкую дробную пакупку, нехта з прыезджых падаў прадаўцу 200 расійскіх рублёў – у пераразліку гэта прыкладна 6,5 беларускіх. Цяжка сказаць, чаму: мо, выпадкова, ці не разабраўся, ці не ведаў, што ў Беларусі свая валюта. А расійская двухсотрублёўка падобная на беларускую купюру ў 200 рублёў. І стомленая прадаўшчыца дала яму рэшту як з беларускіх грошай – па сутнасці, «падарыла» незнаёмцу амаль сто долараў. Відэакамер ў тым магазіне няма, так што вызначыць, каму дзяўчына зрабіла такі «падарунак» са сваёй невялікай зарплаты, як любяць пісаць у афіцыйных паперах, «не ўяўлялася магчымым». 

Вы не паверыце – але пакупнік, зразумеўшы, што незнарок ашукаў прадаўшчыцу, не пабег з радасці ў рэстаран, каб «замачыць» удачу – а вярнуўся ў магазін і вярнуў грошы. 

Напэўна, той незнаёмы чалавек, як і прадаўцы з «Анастасіі», і магілёўская жан­чына-дворнік, якая аднесла ў міліцыю пакет са знойдзенымі пятнаццацю тысячамі долараў, ведаюць ці падсвядома адчуваюць галоўны закон Сусвету: усё – і дабро, і зло, і незаконна прысвоенае, і бескарысліва аддадзенае, і праклён, і светлае пажаданне – УСЁ вернецца бумерангам: не сёння, дык заўтра, не да цябе, дык да тваіх блізкіх… Той Самы Галоўны Бухгалтар, які вядзе падлік нашых добрых і дрэнных учынкаў, ніколі не памыляецца, і ён абавязкова выведзе правільны баланс… І тыя прыклады, што ўспамінаюць, загінаючы пальцы, ша­ноў­ныя чытачы-скептыкі, пад­­лічваючы, як і колькі разоў у іх ці ў іх знаёмых укралі, не ад­далі пазыку, ашукалі, не абвяргаюць, а толькі пацвярджаюць: добрых людзей у свеце больш! 

78.jpg

А злыя людзі і справы існуюць, каб дабро заўважалі, цанілі, не забываліся гаварыць «дзякуй» – і таксама рабіць дабро. Неабавязкова ў адказ, а – для балансу: сусветнага і свайго ўласнага.

Текст: Нина Рыбик