Что островчане вспоминают о студенческих годах?

09:56 / 21.11.2017
Што ўспамінаюць жыхары і госці нашага горада пра сваё студэнцкае жыццё? Гэта высвятляў наш карэспандэнт.

vxv.jpg

Алег Сцепаненка, будаўнік:

– Студэнцкае жыццё памятаюць усе, хто вучыўся ў каледжах, інстытутах ці ўніверсітэтах. Гэта зусім новы для былых школьнікаў лад жыцця, часам бесталковага, але такога вясёлага.
Самая вясёлая пара – гэта здача экзаменаў. Напэўна, ва ўсе часы са студэнцкіх вокнаў у ноч перад экзаменам чуліся крыкі «Халява, прыйдзі!». 
Пра халяву і ў мяне ёсць цудоўны ўспамін. Я звычайна да экзаменаў сур’ёзна рыхтаваўся, а аднойчы заматаўся і па геадэзіі толькі тры білеты вывучыў. А калі на экзамене выцягнуў білет, то атрымалася, што ён якраз з тых трох, што я ведаю. Пашанцавала!

Ларыса, пенсіянерка 
(без фота):
– Студэнцкія гады перш за ўсё запомніліся вернымі сябрамі і добрымі выкладчыкамі. Падчас навучання я знайшла сваю другую палавінку. Вучылася ў Віцебску, а ўжо потым сюды, у Астравец, да мужа па размеркаванні прыехала.
У наш час вучыцца было прэстыжна: тыя, хто быў выдатнікам у вучобе і актывістам у студэнцкім жыцці, атрымлівалі нядрэнныя заахвочванні. Памятаю, за тое, што малявала ў студэнцкую сценгазету, мне далі пуцёўку ў вандроўку па залатым кальцы Падмаскоўя. Я, праўда, туды адправіла сваю сястру, а сама паехала вандраваць па Прыбалтыцы: Талін, Рыга, Вільнюс.

Ірына Крэз, тэхработнік:
– Пасля 8 класа я вырашыла, што трэба ісці набываць прафесію – выбрала Гродзенскае вучылішча. Атрымала там спецыяльнасць майстра па пашыву абутку. Вучыцца было цяжка, аднак мы з аднагрупніцамі заўсёды знаходзілі час для адпачынку: выбіраліся на прыроду, ладзілі канцэрты. Тады і часу хапала, і здароўя.
sc.jpg

Вяслаў Мятлеўскі, качагар:
– Я пасля Варнянскай сярэдняй школы паехаў у Мінск вучыцца на токара. Паспрабуйце ўявіць пачуцці вясковага хлопца, які прыехаў у вялікі горад: кіно, тэатры, дыскатэкі: усё новае, вялікае, яркае – зусім іншы свет.  Самы запамінальны момант з вучобы – гэта калі ўпершыню ўбачыў, як працуюць за станком па металу: пах металічнага пылу, стружка ідзе лёгка, бы драўляная…
dgb.jpg

Гутарыў Антон ЧЫК, 
фота аўтара.


Текст: