Астраўчане падзяліліся дабром

15:51 / 04.12.2019

Калі ў жыцці наступаюць моманты цемры, дапамагае святло веры, надзеі, любові. Калі душу разрывае нясцерпны боль, дапамагае цяпло людзей, што знаходзяцца побач. Калі ўсё навокал здаецца нямілым і халодным, выратуе дабрыня… Працягнутая рука не дазволіць растварыцца ў пустэчы адзіноты, жорсткасці і смутку.

«Запалі дабрыню ў сваім сэрцы» – дабрачынны канцэрт пад такой назвай прайшоў у кінаканцэртнай зале «Астравец».

5.jpg

Кожны год у пачатку снежня сектар культуры райвыканкама і Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва праводзяць дабрачыннае мерапрыемства, каб дапамагчы матэрыяльна дзецям і маладым людзям з інваліднасцю, а таксама нагадаць, што вакол нас шмат тых, каму патрэбны клопат і ўвага.

1.jpg

Сёлета сродкі ад дабрачыннага канцэрта будуць перададзены сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці з захворваннямі сэрца і эндакрыннай сістэмы. Падтрымаць іх маральна і матэрыяльна на канцэрт прыйшлі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў і спагадлівыя астраўчане.

– Цудоўна, што канцэрт праводзіцца ў першыя дні Адвэнту – гэта час роздуму, пераасэнсавання, радаснага чакання і маленькіх цудаў, якія можа рабіць кожны з нас, – сказаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла. – Нераўнадушных людзей у нашым раёне шмат – не ўсе яны сёння змаглі прыйсці сюды, але ўнеслі свой уклад у агульную добрую справу. Я дзякую ўсім, хто ўдзельнічае ў дабрачыннасці і тым самым дорыць надзею на шчаслівае здаровае жыццё. І спадзяюся, што гэтая традыцыя будзе працягвацца.

2.jpg

– Побач з намі жывуць маленькія і дарослыя людзі, чые мужнасць, імкненне жыць і радавацца жыццю выклікаюць павагу і захапленне, – падкрэсліла старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Ірына Раткевіч.

4.jpg

– Грамадскія арганізацыі заўсёды з задавальненнем адгукаюцца на просьбы падтрымаць людзей з рознымі захворваннямі. Таму звяртайцеся – і мы пастараемся дапамагчы.

Настаяцель царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла Георгій Савіцкі пажадаў усім здароўя і божай міласці, а таксама парадаваўся, што на мерапрыемства людзі прыходзяць не паасобку, а сем’ямі.

3.jpg

Артысты Астравеччыны распалілі дабрыню ў сэрцах гледачоў чуллівымі і пранікнёнымі песнямі. Аляксандр Юргелянец, Вольга Рабкоўская, Ганна Кавалёва, Анастасія Козар, Аляксандр Комар, Анастасія Ляховіч спявалі, здавалася, душой і сэрцам. Прыгожымі танцамі парадавалі харэаграфічныя калектывы Варнянскага філіяла Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў і Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а Капіталіна Пятроўская рассмяшыла гледачоў сваімі байкамі. Завіталі на дабрачынны канцэрт і госці – артысты Воранаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці.

6.jpg

8.jpg

7.jpg


Самыя шчырыя і бурныя апладысменты выклікалі выступленні наведвальнікаў аддзела дзённага знаходжання для маладых людзей з інваліднасцю – Алёны Рэкець і гурта «Смайл».

9.jpg

10.jpg

Запаліўшы аднойчы дабрыню ў сваім сэрцы, не спяшайцеся яе тушыць. Далучаючыся да добрых спраў, дорачы камусьці веру і надзею, вы дапамагаеце не толькі іншым, вы дапамагаеце сабе.

Текст:
Фото: Марина Мацкевич