Как преодолеть бордюр?

09:39 / 19.07.2019
Дзень добры, шаноўныя астраўчане! 

Я жыву ў Гомельскай вобласці, але сярод вас – мае родзічы і добрыя знаёмыя, таму ў вашым горадзе я бываю часта. Кожны раз, калі прыязджаю, прыкмячаю нешта новае, радуюся, што Астравец на вачах расце, мяняецца да лепшага: узводзяцца новыя дамы, адкрываюцца крамы, будуюцца школы і дзіцячыя садкі. А пра тое, што не бачу, «раёнка» расказвае – я «Астравецкую праўду» выпісала, каб сачыць за падзеямі, што адбываюцца на Астравеччыне. Дарэчы, «Астравецкая праўда» мне вельмі падабаецца – я, каюся, аднойчы не вытрымала і патэлефанавала ў рэдакцыю нашай раённай газеты, параіла землякам, каб павучыліся ў астравецкіх калег, як рабіць фотаздымкі і пісаць артыкулы.

Але ёсць адна рэч, якая мне ў Астраўцы вельмі не падабаецца – і «Астравецкая праўда», здаецца, пра гэта ніколі не пісала. Ваш прыгожы горад вельмі непрыстасаваны для людзей, якім цяжка хадзіць: паміж тратуарамі і праезджай часткай усталяваны вельмі ж высокія бардзюры. На пешаходную дарожку ў большасці месцаў трэба не ступаць, а караскацца!  І нават на пешаходны пераход не ўсюды можна ступіць бесперашкодна. 

Не раз бачыла, як мучаюцца мамачкі з дзіцячымі каляскамі, спрабуючы перайсці вуліцу ці нават прайсці па тратуары. Ды і пажылым людзям нялёгка такія перашкоды пераадольваць. А як з гэтым спраўляюцца інваліды-калясачнікі, нават не ведаю, бо не бачыла іх на вуліцах горада. Можа, таму яны і не выязджаюць, што бардзюры гэтыя для іх непераадольныя?

Неяк дзеці падарылі мне экскурсійную паездку ў Еўропу, і я звярнула ўвагу ў Стакгольме, як там прадумана адносяцца да людзей, якім цяжка хадзіць. Бардзюры там зусім не высокія, а на пешаходных пераходах іх увогуле няма. І светлафор там не толькі колерам, але і гукам падказвае, ісці трэба ці стаяць. І нават на тратуарах сцёкі ад вадасцёкавых труб абсталяваны плаўным жалабком, на любой калясцы можна праехаць – і не заўважыць перашкоды. Не тое, што ў Астраўцы, – сапраўдныя канавы, і далёка не ўсе з іх закрытыя спецыяльнай рашоткай. Ногі паламаць можна – не толькі каляску! Напэўна, таму на вуліцах у Стакгольме так шмат пажылых і нямоглых людзей на калясках ці з мыліцамі і палачкамі: для іх гэта не праблема – прагуляцца па горадзе.

Ведаю, што Астравец прэтэндуе на зван­не самага маладога, прыгожага і зручнага для жыцця горада. І хочацца, каб ён сапраўды быў такім, без усялякіх «але»! І што бардзюры ў вашым цудоўным горадзе таксама будуць адпавядаць гэтаму статусу.

Марыя ХАРЛАНЧУК, г. Мазыр


Текст: Главный администратор