Редакция "Астравецкай праўды" переехала

10:00 / 13.01.2016
7
Новое здание редакции


Радасная для калектыву рэдакцыі – і, спадзяёмся, для нашых шматлікіх сяброў, чытачоў і няштатных аўтараў – навіна: рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда” змяніла адрас “пастаяннага месца жыхарства”: зараз пісаць лісты і заходзіць да нас у госці варта на вуліцу Энгельса, дом 2А (насупраць дзіцячай бібліятэкі, былы будынак раённай пракуратуры).
Такі шыкоўны навагодні падарунак журналісцкі калектыў атрымаў ад раённага выканаўчага камітэта ў сімвалічны час Калядных свят.

За сваю амаль 75-гадовую гісторыю (нагадаю: у маі гэтага года газета адзначыць сваё 75-
годдзе) рэдакцыя змяніла некалькі адрасоў.
Цяжка сказаць, дзе яна размяшчалася ў 1941 годзе, – ёсць падставы меркаваць, што ў будынку райкама партыі. Зрэшты, праіснавала тагачасная раённая газета нядоўга: да пачатку вайны выйшла толькі сем нумароў, якія наш зямляк прафесар Адам Мальдзіс здолеў адшукаць у Маскоўскай “ленінцы”.
Больш памятныя астраўчанам старэйшага пакалення будынкі рэдакцыі, якія размяшчаліся на вуліцы Валадарскага (за будынкам падатковай інспекцыі) і на вуліцы Кастрычніцкай па суседству з сённяшняй прыватнай цырульняй “У Таццяны” – праўда, маладыя людзі ўжо не ўспомняць ні адзін, ні другі: гэтыя трухлявыя драўляныя “хаткі” ўжо знесены.

Первое здание редакции Первое здание редакции


Второе здание редакции Второе здание редакции


А вось трэці будынак рэдакцыі “Астравецкай праўды” і колішняй друкарні, дзе ў тыя гады выходзіла ў свет раённая газета, спадзяёмся, яшчэ доўга паслужыць гораду і гараджанам: у ім зараз размешчана цэнтральная раённая бібліятэка.

Третье здание редакции Третье здание редакции


Потым нейкі час рэдакцыя “кватаравала” ў будынку райкама, затым – райвыканкама, апошнія амаль 17 гадоў – ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі. Мы ўдзячны сваім суседзям за мірнае і дружнае, можна сказаць, сяброўскае шматгадовае суіснаванне пад адным дахам.

Четвертое место прописки редакции Четвертое место прописки редакции


Пятое место прописки редакции Пятое место прописки редакции


Але ж нездарма кажуць у народзе: “Свая хатка – як родная матка”. І, напэўна, кожны калектыў, як і кожная сям’я, марыць пра ўласны дом.
Мара рэдакцыі збылася. Раённы выканаўчы камітэт да Новага года зрабіў царскі падарунак газеце “Астравецкая праўда”, заснавальнікам якой ён з’яўляецца на працягу ўсіх гэтых 75 гадоў, – новы офісны будынак.
“Які ж ён новы? – магчыма, хмыкне нехта са скептыкаў, хто меў нагоду некалі бываць на вуліцы Энгельса, 2А, калі там яшчэ размяшчалася раённая пракуратура. – Яму ж гадоў, напэўна, не нашмат менш, чым самой газеце.”
Скептыкі памыляюцца! Ад ранейшага будынка засталіся хіба што сцены – ды і тыя кардынальна змянілі сваё аблічча. Ва ўсім астатнім гэта – камфартабельны сучасны офіс з усімі выгодамі цывілізацыі.
Наперадзе нас чакае яшчэ ўрачыстае адкрыццё нашага новага офіснага будынка. Але калектыў рэдакцыі ўжо працуе на вуліцы Энгельса, 2А, асвойваючыся ў новых памяшканнях, напаўняючы іх своеасаблівай творчай атмасферай, – каб кожны наш чытач і падпісчык атрымаў газету ў тэрмін і была яна насычанай і цікавай для ўсіх і кожнага.
Зрэшты, даўно вядома, што лепш адзін раз пабачыць, чым сто – пачуць. Таму – “Вы прыходзьце ў наш дом – нашы дзверы адкрыты”. Прыходзьце з навінамі, лістамі, са сваімі творамі, з пытаннямі, з аб’явамі і віншаваннямі – ды і проста так, як прыходзяць у дом да добрых сяброў.
Мы заўсёды будзем рады бачыць вас!

-------------------
Ніна РЫБІК.