"Среда размышления". Прарок у сваёй краіне

17:00 / 14.10.2015
6
Светлана Алексеевич Нобелевский лауреатАдна з галоўных навін апошняга тыдня, якая ўзарвала інтэрнэт: беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

Падзея ў многіх планах з прыстаўкай “упершыню”.
Гэта першы па-сапраўднаму беларускі “Нобель” – Нобелеўскія прэміі Жарэса Алфёрава і іншых ураджэнцаў Беларусі, якія атрымалі іх у розных галінах навукі, але як грамадзяне іншых краін, наша нацыянальнае самалюбства, вядома, цешаць, але трэба прызнаць: да Беларусі яны маюць досыць умоўнае дачыненне.
Упершыню самай прэстыжнай узнагароды ўдастоена так званая “дакументальная проза” – не элітная літаратура, не “высокі штыль”, не вытанчаная паэзія, а не непрычасаная, часам жорсткая, грубая праўда жыцця, “намаляваная” простымі, без літаратурнай афарбоўкі, словамі, якую не пісьменнік прыдумаў, а расказалі непасрэдныя ўдзельнікі драматычных падзей.
Упершыню лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры стала журналістка. Прызнаюся: мяне гэта цешыць асабліва – з карпаратыўнай, так бы мовіць, салідарнасці. А яшчэ тое, што працоўная біяграфія Святланы Алексіевіч пачыналася ў звычайных раённых газетах на маёй роднай Гомельшчыне. Але гэта ўжо асабістае…
Рэакцыя на прысуджэнне гэтай прэміі ў інтэрнэце і ў СМІ таксама калі не ўпершыню, то непараўнальна з мінулымі гадамі стала вельмі бурнай і неадназначнай. І не толькі ў роднай Беларусі, суседніх і не чужых нам і Святлане Алексіевіч Расіі і Украіне, але і ўвогуле ў свеце. Прычым рэакцыя розная, часам палярная: ад шчырых віншаванняў і слёз радасці – нарэшце! Наша! Беларуска! Які гонар, якое шчасце! – да спроб ачарніць, прынізіць, недаацаніць гэтую ўзнагароду Алексіевіч і ўвогуле яе творчасць. Прычым з усіх пазіцый.
“Прыдворная” літаратура не можа дараваць ёй тое, што Алексіевіч не ў іх “сонме одапісцаў”.
“Прафесійныя” пісьменнікі не могуць змірыцца з тым, што та кую ўзнагароду аддалі “нейкай там журналістцы”…
“Свядомыя” скрыгацяць зубамі: піша па-руску, да таго ж не пра Вялікае княства Літоўскае, дзе, па меркаванню многіх, адзіна і існавала Беларусь, а пра “чырвонага чалавечка”, дзіця савецкага часу, выцягваючы на свет божы ўсіх яго “тараканаў” і “шкілетаў”, – дык якая яна “наша”?
Тым часам Расія на той жа падставе – піша ж па-руску! – залічвае гэтую Нобелеўскую прэмію ў сваю скарбонку: беларусам не трэба – нам прынадабіцца. Ды і Украіна не супраць прыдачыніцца да славы нобелеўскай лаўрэаткі: Святлана Алексіевіч нарадзілася ў Івана-Франкоўскай вобласці.
Такіх людзей, як Святлана Алексіевіч, заўсёды любяць – і не любяць адначасова. Адны называюць яе “бліскучым майстрам мастацка-дакументальнай прозы”, іншыя характарызуюць яе творчасць як “спекулятыўна-тэндэцыйную журналістку”. Гэта – калегі і крытыкі.
А той, хто чытаў яе кнігі “У вайны не жаночы твар”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Чарнобыльская малітва”, “Апошнія сведкі”, “Час сэканд-хэнд” – незалежна ад таго, пагаджаецца ён з тымі высновамі, якія напрошваюцца пасля перагортвання апошняй старонкі маналогаў-споведзяў герояў, – вымушаны прызнаць: гэта – адкрыццё! І колькі б да таго ні чыталі, ні слухалі, ні ведалі мы пра жанчыну на вайне, пра Чарнобыльскую трагедыю, пра афганскую вайну, кожная старонка гэтай непрыхарошанай “праўды жыцця” адкрывае новы пласт свядомасці, прымушае ўбачыць тое, чаго не заўважаў раней ці на што глядзеў праз шоры стэрэатыпаў і штампаў… Яе кнігі з душы кожнага, хто чытае іх сэрцам, здзіраюць большы ці меншы ахоўны слой “фіялетавасці”– і прымушаюць голым непрыкрытым нервам дакрануцца да чужога болю і невядомай ці малавядомай праўды. І калі не прыняць, то адчуць іх – абавязкова! За гэта – за аднойчы здзёрты налёт абыякавасці, за праўду, за шчырасць, за ўменне не падладжвацца пад кан’юнктуру – яе шчыра любяць і паважаюць чытачы не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце – выдаваліся яе творы больш як у двух дзясятках краін. Менш за ўсё, як гэта ні прыкра, у роднай Беларусі... У пэўнай ступені Святлана Алексіевіч – той самы “прарок у сваёй Айчыне”, якога, як сцвярджаюць, не існуе.
І разам з тым такіх людзей, як Святлана Алексіевіч, як Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, якіх яна называе сваімі літаратурнымі настаўнікамі, любіць цяжка – прынамсі, пакуль яны жывыя… Потым, калі іх не стане, з прарокаў, якіх некалі лічылі шарлатанамі і не хацелі слухаць, пачынаюць маляваць іконы і ляпіць помнікі – яны ўжо не змогуць сказаць: не прыпісвайце мне таго, што я не гаварыў, не рабіў, не думаў… А пакуль яны жывыя, пішуць, гавораць, даюць інтэрв’ю, зрабіць гэта цяжка.
Хоць усё ж спрабуюць. Інтэрнэт зараз перапоўнены вырванымі з кантэксту цытатамі Святланы Алексіевіч, словамі, сказанымі ўчора ці некалькі гадоў таму, з нагоды атрымання Нобелеўскай прэміі ці зусім іншых, часам перакручанымі, “падтасаванымі” пад бачанне таго ці іншага блогера ці журналіста: кожнаму хочацца “падсілкавацца” словамі нобелеўскага лаўрэата для пацвярджэння нейкай уласнай высновы – ці наадварот, выставіць яе ў не вельмі прывабным святле.
Пагэтаму хочацца параіць: людзі, не чытайце інтэрнэт – чытайце Алексіевіч! Каб мець сваё ўласнае ўяўленне. Каб самому, з дапамогай яе кніг ці насуперак ім, знайсці адказ на пытанне, якое, па ўласнымі прызнанні Святланы Алексіевіч, цікавіць яе больш за ўсё: колькі ў чалавеку – чалавека? І як абараніць гэтага чалавека ў чалавеку?

-------------------
Ніна РЫБІК.