Редактор "АП" Нина Рыбик о новогодних подарках и сюрпризах для подписчиков "Астравецкай праўды"

15:22 / 19.12.2012
1

Перафразіраваўшы правадыра сусветнага пралетарыяту, можна сказаць, што Новы год, пра які так доўга марылі тыя, хто ўсё яшчэ верыць у цуд, і з пэўнай доляй суму чакаюць скептыкі і песімісты… ну, пакуль яшчэ не адбыўся, але набліжаецца з незваротнай непазбежнасцю. А значыць, час не толькі набываць навагоднія падарункі і шампанскае, але і падводзіць сякія-такія вынікі. І прыдумваць, якімі сюрпрызамі вы будзеце здзіўляць сваіх родных і блізкіх на свята і пасля яго (спадзяемся, што гэтыя сюрпрызы будуць толькі радаснымі і прыемнымі, іншых ім і без таго хапае.)


Па вопыце ведаю, што імі, гэтымі вынікамі работы ў кожнай арганізацыі і галіне, будзе стракацець практычна кожны студзеньскі нумар нашай газеты. Мы ж вырашылі  крыху абагнаць час і падвесці іх крыху раней – не ў мільёнах рублёў і працэнтах, якія – маем такое падазрэнне – не асабліва цікавяць нашых чытачоў, а ў тых справах, якія напрамую тычацца іх і ажыццяўляліся часта пры іх непасрэдным удзеле.


Дык вось, адыходзячы высакосны 2012 насуперак прыкметам быў дастаткова ўдалым для “Астравецкай праўды”. Наша газета стала пераможцам двух рэспубліканскіх творчых конкурсаў – на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і  супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой. А таксама заняла першае месца ў абласным спаборніцтве раённых газет – гэта не кажучы ўжо пра асабістыя перамогі нашых журналістаў у розных абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсах.



Гэтыя перамогі не проста пацешылі самалюбства, але і далі канкрэтны штуршок для далейшага развіцця: да прыкладу, за прэмію, атрыманую за перамогу ў абласным спаборніцтве, рэдакцыя набыла даволі прыстойную відэакамеру, і цяпер тыя з нашых чытачоў, якія любяць чытаць “Астравецкую праўду” не толькі ў друкаваным выглядзе, але час ад часу заходзяць на яе сайт, могуць даведацца пра адметныя падзеі з жыцця раёна з дапамогай невялікіх відэафільмаў – такі вось правобраз будучага раённага тэлебачання, якое – марым і спадзяемся – неўзабаве ў нас таксама з’явіцца.


А самая першая і галоўная наша з вамі, шаноўныя чытачы, перамога:


наша дружная сям’я не зменшылася, колькасць нашых падпісчыкаў калі нават і прайшла нейкую “ўнутраную ратацыю”, тым не менш засталася на ранейшым узроўні і нават крыху павялічылася.


Гэта азначае, што ў нас, як і ў сапраўднай сям’і ці ў адданых сяброў, бываюць моманты шчырасці і задаволенасці адно адным, здараюцца непаразуменні – але мы ўсе пры ўсім тым разумеем: “нам не жыць адзін без аднаго”. І гэта радуе больш за ўсё.


Тым больш, што ведаем: цяпер, дзякуючы інтэрнэту, нас чытаюць не толькі ў Астравецкім раёне і нават не толькі ў Беларусі, але і далёка за межамі краіны. Дарэчы, не толькі выхадцы з Астравеччыны. Многіх чытачоў прыцягвае на наш сайт тэма будаўніцтва атамнай электрастанцыі, якой на старонках газеты таксама надаецца вялікая ўвага – і спецыяльны праект “Беларуская атамная”, што кожны месяц рыхтуецца сумесна з ААТ “НІАЭП”-ЗАТ “Атамбудэкспарт”, аналагаў якому няма не толькі ў Беларусі – яскравае таму пацвярджэнне.


Ну што, можна ўжо хопіць пра дасягненні і перамогі? Пахваліліся ўжо, здаецца, дастаткова – можа, нават залішне, могуць абвінаваціць у нясціпласці… Хоць, зрэшты, як гаварыў нехта з вялікіх, сціпласць упрыгожвае тады, калі няма іншых упрыгожанняў (жарт, у якім, як заўсёды – толькі доля жарту).


Цяпер пра сюрпрызы, якія чакаюць нашых чытачоў у наступным годзе – гэта куды больш прыемна і для вас, і для нас.


Першае, пра што часцей за ўсё пытаюцца нашы чытачы: ці атрымаюць яны ў наступным годзе традыцыйны каляровы каляндар? Летась з-за вядомых падзей, якія ліхаманілі краіну на працягу ўсяго года і нанеслі адчувальны ўрон эканоміцы ўсіх без выключэння арганізацый, мы вымушаны былі адмовіцца ад гэтага навагодняга падарунка, чым нямала засмуцілі сваіх сяброў. Сёлета ж нагоды для такіх засмучэнняў няма, і таму з радасцю (усё ж прыемная рэч – рабіць падарункі!) паведамляем:


прыгожы каляровы каляндар на наступны год нашы чытачы атрымаюць з першым нумарам газеты ў будучым годзе.


Гучыць як далёкае далёка, а на самой справе гэта адбудзецца ўсяго праз нейкіх два тыдні.


Больш таго: у новым годзе прыгожым і каляровым будзе не толькі навагодні каляндар, а кожны суботні, а таксама святочны нумар газеты і спецыяльныя яе праекты.


Дзякуючы садзейнічанню нашага асноўнага заснавальніка – раённага выканаўчага камітэта – і падтрымцы нашых пачынанняў Гродзенскім аблвыканкамам удалося ажыццявіць сваю даўнюю мару: з новага года “Астравецкая праўда” будзе друкавацца ў поўным колеры – прыкладна такой, як спецыяльны выпуск, прысвечана выставе-кірмашу “Паўночны вектар Гродзеншчыны”:  менавіта пасля той паўнаколернай газеты чытачы нас закідалі пытаннямі: “Цяпер Астравецкая праўда” заўсёды будзе такой прыгожай?” Нарэшце мы, не хаваючы вачэй, зможам адказаць ім: так! І хоць не кожны нумар і не ўсе старонкі, але ж гэта – яшчэ адзін грунтоўны крок у нашым развіцці і, як прынята гаварыць, “у задавальненні патрэб і пажаданняў спажыўцоў” – ух,  і хто ж толькі прыдумвае гэтыя казённыя словы…


Прычым – падазраём, што гэта найбольш парадуе нашых чытачоў – і каляровы каляндар, і паўнаколерную газету ў першым паўгоддзі тыя з вас, хто своечасова аформілі падпіску, будуць атрымліваць па ранейшай цане.


А хто яшчэ не паспеў гэта зрабіць, маюць у запасе некалькі апошніх дзён адыходзячага года – спяшайцеся, каб не спазніцца.


Дарэчы, наконт падпіскі. Добрая навіна ёсць і для тых, хто настолькі прывык да камп’ютара, што пачынае і заканчвае свой дзень ля экрана манітора і ўсе навіны чэрпае з усюдыіснага інтэрнэту.


Цяпер прыхільнікі “Астравецкай праўды” могуць чытаць любімую газету і ў электронным варыянце.


І не толькі на нашым сайце, дзе, зразумела ж, з-за шэрагу прычын змяшчаецца не ўся інфармацыя і з некаторым спазненнем, а ў дзень выхаду газеты і нават напярэдадні, у PDF-фармаце. Для тых, каму гэтыя словы ні аб чым не гавораць, патлумачу: гэта значыць – бачыць усе старонкі газеты ў тым выглядзе, у якім яны назаўтра будуць надрукаваны.  Для гэтага трэба аформіць падпіску на электронны варыянт газеты – яна, дарэчы, каштуе танней, чым друкаваная. Пералічыць любым зручным для вас спосабам на разліковы рахунак рэдакцыі № 3015019890018 ЦБУ №417 г.  Астравец ф-ла №423 г.  Смаргонь ААТ «АСБ Беларусбанк» код 504, УНН 500018258 ці аплаціць у нашым рэкламным аддзеле 9800 ці 29400 рублёў (кошт электроннай падпіскі на месяц ці на тры), пераслаць у рэдакцыю копію квітанцыі і паведаміць свой электронны адрас – і быць у курсе ўсіх падзей, што адбываюцца ў раёне, нават не адкрываючы паштовай скрынкі. Думаецца, асабліва парадуе такая магчымасць тых нашых чытачоў, хто жыве за межамі раёна ці нават Беларусі, але хоча ведаць аб усім, што адбываецца на радзіме – менавіта па іх настойлівых просьбах і неаднаразовых прапановах мы і адкрываем электронную падпіску на нашу газету. Хоць, магчыма, гэтае новаўвядзенне прыйдзецца даспадобы і жыхарам раёна.


Ну што ж, з навагоднімі падарункамі, здаецца, усё. Хоць, зрэшты, будуць яшчэ некаторыя… Але гэта ўжо – сюрпрыз. І тычыцца ён не ўсіх чытачоў, а толькі асобных з іх. Таму выпісвайце, чытайце – і чакайце: магчыма, “сюрпрыз” спяшаецца менавіта да вас…


Але аб гэтым – крыху пазней, “пад ёлачку”…


Ніна РЫБІК.