Как "вытащить" детей из гаджетов?

12:18 / 19.07.2017
9

– Цёця, цёця! – гучна паклі­каў жанчыну, што ішла па вуліцы, хлапчук гадоў сямі.

– Ты мяне? – здзівілася тая – хлопчык быў незнаёмы. – Што здарылася?

– Цёця, а як вас завуць? – пацікавіўся ветлівы хлопчык.

– Бабуля Маша, – адказала «цёця», якая, маючы чатырох унукаў, не лічыла патрэбным «маладзіцца».

– Бабуля Маша, ці не маглі б вы мне даць два рублі? – перайшоў да справы малы.

– Навошта табе?

– Я хачу на горцы паскакаць. А грошай не маю…

Бабуля дала хлапчуку рубель – і той, узрадаваны, што хоць палову адведзенага часу пагойсае на надзіманай горцы, кінуўся да яркага монстра, што заклікаў дзяцей пакуляцца-пагуляцца…

Гэта было некалькі тыдняў назад. А зараз гэты монстр ляжыць пакрыўджаны, здуўшы свае яркія круг­лыя бакі. І батуты, што стаялі побач з ім, некуды зніклі…. У прадпрымальных «дзядзькоў», якія ведалі, што дзіцячыя забавы – бяс­пройгрышны варыянт для «высмоктвання» грошай з бацькоўскіх ды бабуліных-дзядулевых кашалькоў, з’явіўся сур’ёзны канкурэнт. Адміністрацыя новай для нашага горада ўстановы – гасцініцы Sun-Hotel – абсалютна неабачліва з кропкі гледжання тых, хто ўсё ў жыцці разглядае з патэнцыяльнай выгадай, абсталяваў каля гатэля дзве дзіцячыя пляцоўкі. Яны практычна ніколі не пустуюць, хіба толькі ноччу ці раным-раненька: там заўсёды, нават у ветранае ці дажджлівае надвор’е, мноства дзяцей – нехта скача на батутах, нехта гушкаецца на арэлях ці скачваецца з горак….

А нядаўна суседка расказала, якое цудоўнае свята зрабілі для дзяцей супрацоўнікі гэтага гатэля: запрасілі клаунесу, якая прапанавала дзецям мноства гульняў і забаў, частавалі іх – вы не паверыце: абсалютна бясплатна, гэта значыць дарма! – піцай, сокам і іншымі прысмакамі. І на развітанне падарылі кожнаму з малышоў фігурку з каляровага павет­ранага шарыка. Радасці дзяцей не было мяжы!

Слухаючы гэтыя захопленыя расповеды, назіраючы за гульнямі дзяцей на пляцоўцы ля гатэля, я ўсё не магу вырашыць: чаго больш – радасці ці засмучэння адчуваю. З аднаго боку, я радуюся за дзяцей і іх бацькоў: нарэшце і на іх вуліцы з’явіўся хоць невялічкі пробліск свята! І, прызнаюся, мне нават не шкада прадпрымальнікаў, чые незапатрабаваныя надзіманыя горкі сумна ляжаць непадалёк…

А з іншага – мне сумна і прыкра, што зрабіў гэтае даб­ро для нашых дзяцей чужы чалавек, замежны інвестар. А мы? Ну чаму ў нас, колькі б ні скардзіліся маладыя бацькі ды бабулі-дзядулі, дзецям па-ранейшаму няма дзе проста выйсці пагуляць? І не трэба ківаць на абсталяваныя ўсім неабходным двары ў новых мікрараёнах – там жывуць у асноўным будаўнікі, якія на свае «вахты» прыязджаюць без дзяцей і нават без жонак. А дзеці са старога горада ў другі мікрараён не пойдуць на арэлях гушкацца: бацькі не пусцяць – і правільна зробяць. Вось і застаецца ледзь не адзіным месцам для прагулак мамачак з каляскамі – лесапарк, для першых крокаў малышоў – гарадскі сквер, а для крышку большых – дзіцячая пляцоўка каля гасцініцы Sun-Hotel…

…Неяк падчас аднаго з семінараў журналісты наведвалі Свіслач – гарадок, меншы за Астравец, тым больш – без нашых сонечных перспектыў. І я па-добраму пазайздросціла тамтэйшай дзятве, што гуляла ў цёплы летні дзень на спецыяльнай пляцоўцы: засыпанай жоўтым пяском, каб локці-каленкі аб асфальт, падаючы, не пазбіваць, абсталяванай арэлькамі-качалкамі, альтанкамі, горкамі – не надзіманымі, за кожную хвіліну карыстання якімі трэба грошы плаціць, а самымі звычайнымі; турнікамі, фігуркамі казачных персанажаў – тут усё, чаго пажадае дзіцячая душа! І, як падказалі мне калегі, абсталявана гэтая пляцоўка за грошы Еўрасаюза ў рамках рэалізацыі чарговага праекта, якія мы так і не навучыліся распрацоўваць…

А мы тым часам скардзімся, што дзяцей не адцягнуць ад тэлевізара ды камп’ютара. Дык чым жа іх ад гэтых шкодных гаджэтаў адцягнуць? Хіба што гульнёй у карты…

Ніна РЫБІК.

ostrov-red.rybik@tut.by

Текст: Нина Рыбик