Велікодныя развагі пра шчасце

13:43 / 19.04.2017

Як правядзеш Вялікі пост – з такой радасцю ў душы і Вялікдзень сустрэнеш – прыкладна так сказаў у перадсвяточным інтэрв’ю айцец Георгій.

Працягваючы гэтую думку, можна сказаць: па тым, як вы святкавалі галоўнае хрысціянскае свята, можна без варожкі сказаць, наколькі вы шчаслівы чалавек, ці дружная ў вас сям’я… Прычым многія не ўсведамляюць свайго шчасця, лічаць, што яны – «як усе», а іншыя, наадварот, перакананы – ці іншых спрабуюць пераканаць? – што ў іх усё «о’кей». А на самой справе…

…У Вялікую суботу ручаінкі людзей са святочна ўбранымі кошыкамі з велікоднымі прысмакамі ўвесь дзень і позна ўвечары цягнуліся да касцёлаў і царквы. І не трэба быць вялікім псіхолагам, каб адно па абліччы іх, па святлу вачэй – ці яго адсутнасці – вызначыць, наколькі светлае і радаснае будзе ў чалавека свята і якая атмасфера пануе ў яго сям’і…

…Здалёк вітаецца знаёмая вясковая жанчына. Выгляд у яе стомлены – вядома, клопатаў перад Вялікаднём шмат: усё прыбраць, нагатаваць на вялікую сям’ю. А вочы ну такія шчаслівыя – проста выпраменьваюць радасць! Пэўна ж, у гэтай жанчыны таксама здараюцца праблемы, непаразуменні, хваробы. Але ў святую нядзельку збярэцца ў роднай хаце ўся яе вялікая сям’я, сядуць родныя за стол, пахрыстосуюцца, павіншуюць адзін аднаго, разам з’ядуць асвечанае яйка і куліч, пагамоняць, пажартуюць, паўспамінаюць – і забудуцца ўсе тыя непрыемнасці. А застанецца толькі гэтая вось светлая радасць, што панесла яна з храма разам з кошыкам са «свянцонкай». Бо ішла яна сюды найперш за гэтай радасцю і благадаццю.

Нехта сустрэў свята ў адзіноце – але гэта не азначае, што ў смутку: даўно вядома што адзін на адзін з самім сабою чалавек не адзінокі, асабліва калі побач з ім – Бог. І няма больш горкай і прыкрай адзіноты, чым адзінота сярод людзей, якія лічацца блізкімі і роднымі – няхай нікому не давядзецца спазнаць яе смак…

А вось у гэтых усё, здаецца, добра: выйшлі ўдваіх з дарагой машыны, прыгожа, з густам апранутыя. А пакуль прайшлі дзесяць метраў да варот храма, мо пяць разоў саграшыць паспелі – і не заўважылі таго…

«Можа, у іх усё добра, можа, гэта стыль жыцця такі», – спрабую пераканаць сябе, міжволі чуючы за спіной іх буркатню на ўсё і ўсіх ды лаянку. Але не верыцца…

– А мы, якое б надвор’е ні стаяла і якія б абставіны ні перашкаджалі, заўсёды ўсёй сям'ёй ідзём сустракаць Вялікдзень у царкву, на ўсяночнае богаслужэнне, – расказвае знаёмая. – І дзеці заўсёды з намі, нават калі маленькія былі. Калі не пройдзеш хрэсным ходам вакол храма, не пачуеш, як абвяшчаюць вялікую радасць званы, не пачуеш радасны шматгалосы водгук «Ваісціну ўваскрос!» на вітанне бацюшкі «Хрыстос уваскрос!» – то быццам бы і не свята, якім бы багатым стол ні быў…

А я згадваю, якая вялікая і дружная ў іх сям’я, як яны заўсёды цягнуцца адзін за адным – і ў горы, і ў радасці, і не толькі родныя, а стрыечныя, траюрадныя, дзядзькі, цёткі, пляменнікі… Пэўна, і ў іх сям’і рознае здараецца, але заўсёды жыве ўсведамленне, што ўсе яны – радня!

Праўда, ёсць і такія, для каго менавіта багата накрыты стол – галоўная прыкмета свята, прычым кожнага: Новага года, Восьмага сакавіка, Дня Перамогі. Вялікдзень адрознівае ад любога іншага толькі прысутнасць на святочным стале фарбаваных яек ды кулічоў. Нехта нават памятае, што яны павінны быць асвечаны ў царкве ці касцёле – таму і прыйшлі яны сёння, мо раз у год, да храма. А крыху пазней чуюцца вясёлыя разухабістыя песні, п’яны рогат і мат-перамат з адчыненага акна. І што з таго, што свята толькі заўтра? 

Усё неабходнае – гарэлка, закуска і нават фарбаваныя яйкі на стале – значыць, можна пачынаць!

«Чытаць мараль», вучыць,што такое добра і што такое дрэнна, не ўваходзіць у мае планы. Але я ведаю шмат прыкладаў, калі такія вясёлыя шумныя застоллі – не абавязкова велікодныя! – становяцца калі не прычынай, дык спрыяльным асяроддзем, у якім высяваюцца і даюць дружныя ўсходы прычыны многіх сямейных бед.

І так хочацца верыць, што разам са светлай велікоднай радасцю ў нашых дамах і кватэрах назаўжды прапішуцца мір і згода, пашана адзін да аднаго – і любоў, якая і ёсць Бог. Таго ўсім і жадаю ў гэтыя святочныя дні.

Ніна Рыбік.

Текст: Нина Рыбик