"Среда размышления". Студенчество не только дарит весёлое время, но и многому учит

12:08 / 25.01.2017
16977712Мінуў не адзін год, як існаванне перайшло на новы ўзровень. Іншыя праблемы, каштоўнасці, імкненні і радасці захапілі ў свае абдымкі і вядуць па разнастайных сцяжынках жыцця. Але і зараз я часта ў сне вяртаюся ў мінулае – невялікі пакой №49 на другім паверсе будынка па вуліцы са смешнай назвай "БЛК". І, здаецца, вось-вось хтосьці пастукае ў дзверы і ўсунецца ўскудлачаная галава: “Сорак дзявятая, у вас адкрывалкі часам няма?” Студэнцтва…

Сёння свае імяніны адзначаюць не толькі Тані-Танюшы-Таццяны. Гэты дзень святкуюць і прадстаўнікі вясёлай і няўрымслівай нацыі – студэнты.

“Ну што, падзелішся з чытачамі, як адзначалі дзень студэнта?” – падміргнула на планёрцы галоўны рэдактар.

І памяць хутка адматала стужку гадоў назад. Дзіўна, але толькі цяпер я задумалася, што студэнцкія гады дораць не толькі вясёлы і запамінальны час, але і многаму вучаць – і зараз я зусім не пра філасофію, педагогіку ці асновы літаратурнай работы.

Самастойнасць. Падаваць дакументы мы паехалі са стрыечнай сяс-трой – абедзве ў Гродне ўпершыню: ні знаёмых, ні сяброў, ні праважатых. Затое я і зараз упэўнена, што найлепшы навігатар – уласны язык.

Здаваць экзамены паехала ўжо адна. Як і зараз, усе абітурыенты хваляваліся, а вось шматлікіх груп падтрымкі бацькоў з бутэлечкамі валяр’янкі і шалёнымі вачыма, што нервова шукаюць у інтэрнэце прахадныя балы, не было.

Камунікабельнасць. За гады студэнцтва я ўпэўнілася, што язык – не толькі цудоўны навігатар, але і найлепшы сродак стасункаў. Менавіта з яго дапамогай, а не праз лайкі і рэпосты, мы знаёміліся і знаходзілі новых сяброў. Але асаблівае майстэрства і вышэйшы пілатаж “размоўнага жанру” дэманстравалі падчас экзаменаў – калі веды прыкульгвалі на абедзве нагі, а здаць хацелася як мінімум з першага разу – і, пажадана, “выцягнуць” на стыпендыю.

Кемлівасць. У студэнцкім інтэрнаце замест мабільных тэлефонаў мы выкарыстоўвалі “батарэйную сувязь” – умоўным кодам перастукваліся з суседзямі.

Мы мачылі ў малацэ выкарыстаныя талончыкі на праезд, прасавалі іх – і прабівалі другі раз.

А пра тэхналогіі напісання, месцах хавання, метадах “транспарціроўкі” і спосабах даставання шпаргалак наогул можна пісаць дысертацыю!

Прыемныя новаадкрыцці. Мая сяброўка, хоць і вырасла ў вёсцы, ніколі не любіла сала. Аднак падчас зімняй сесіі, умінаючы яго з часнаком ды прыкусваючы марынаванай капустай, шчыра шкадавала, што дзевятнаццаць гадоў ігнаравала гэты хатні далікатэс.

Звышмагчымасці. Напісаць канспект, прачытаць кнігу, зрабіць даследаванне ў курсавой за адну ноч? Ды лёгка! Пара літраў кавы, булачка, стымулюючае пасопванне суседкі, любаванне світанкам – і справа ў капелюшы. Чым старэйшы курс – тым большыя магчымасці.

Удзячнасць. Студэнту заўсёды не хапае двух рэчаў: адной ночы перад экзаменам і грошай. Як вырашалася праблема першага дэфіцыту, чытайце вышэй. А з другім… На старэйшых курсах мы падпрацоўвалі, дзе і як маглі. Аднойчы, калі стаялі на Скідзельскім рынку і да хрыпаты заклікалі пакупнікоў наведаць магазін касметыкі, міма праходзіла прадавец піражкоў. Зірнуўшы на нас, пасінелых ад холаду, спытала: “Студэнты?” Убачыўшы ў адказ дружнае ківанне працягнула адзін на дваіх – але вялікі! – піражок з капустай і грыбамі. Ніякія заморскія стравы не маглі спаборнічаць з ім па смакаце!

Сапраўднае сяброўства. Дадому ездзілі рэдка – у лепшым выпадку раз у месяц. І калі ішоў другі тыдзень грэчкавай “дыеты” – акрамя яе нічога не было, а ў кашальку гуляў вецер, у дзверы ўсоўваецца галава сябра-аднакурсніка: “Ну што, сорак дзявятая, пайшлі баляваць – я з дому блінчыкі з мясам прывёз”.

Пералік, чаму навучыла нас студэнцтва, можна працягваць бясконца. Толькі ёсць і адмоўны момант: яно хутка і заканчваецца. А цаніць тыя непаўторныя моманты пачынаеш ужо пасля.

Як мы святкавалі дзень студэнта? Ды мы не толькі святкавалі – мы весела, дружна і запамінальна пражывалі кожны дзень студэнцкага жыцця!

Марына БАРОК.