Реализованная мечта Эдуарда Свирида

15:41 / 11.05.2017

IMG_9304.jpgШмат гадоў таму назад сямікласнік Рытаньскай васьмігадовай школы паклаў у паштовы канверт некалькі спісаных няроўным почыркам лістоў са школьнага сшытка і адправіў яго на адрас рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда”. З кароткай заметкі, якая неўзабаве з’явілася на старонках “раёнкі” паводле гэтых лістоў, і пачаўся мой звілісты шлях ў журналістыку.

У часы майго піянерска-камсамольскага юнацтва “крэмзанне” паперы юнакамі і дзяўчатамі было даволі распаўсюджаным заняткам. Лісты ў газету ў 70-ыя – 80-ыя гады мінулага стагоддзя ў пэўным сэнсе замянялі сёняшнія сацыяльныя сеткі. Праз газету можна было падзяліцца думкамі, выказаць сваё меркаванне, расказаць аб тым, што хвалюе, апублікаваць нованароджаны верш…

Надрукаваны ў газеце артыкул ці нават кароткая заметка падвышалі ўласную самаацэнку і аўтарытэт сярод аднакласнікаў. Ды і ў адносінах с супрацьлеглым полам прозвішча пад газетным артыкулам служыла дадактовай перавагай. Асабліва калі ў подпісу, акрамя прыналежнасці да школы, ўдакладнялася – “юнкор”. Гэта значыць – “юны карэспандэнт”. Мне таксама вельмі хацелася быць юнкорам -- але мае дзіцячыя творы гэтага статусу чамусьці ні разу не ўдастоіліся.

Тым не менш, бадай што з той першай заметкі ў “Астравецкай праўдзе” ў мяне з’явілася ўсвядомленая мара -- стаць журналістам. Стосы сшыткаў ахвяраваліся на “чарнавікі” артыкулаў, нарысаў і апавяданняў. Некаторыя з іх адсылаліся у рэдакцыі раённай і піянерскіх газет, а неакторыя – і такіх было большаць -- пасля уласнай рэцэнзіі адпраўляліся ў скрынку стала ці ў сметніцу.

У выніку на час заканчэння школы і выбару прафесіі груз надрукаваных матэрыялаў, з якім, на маю думку, можна было стукацца ў дзверы журфака, аказаўся даволі сціплы і, ў спалучэнні з асабістай сціпласцю, якая межавала з падлеткавымі комплексамі, стаў галоўнай перашкодай на шляху да мары.

І ўсё ж яна мяне не пакінула. Не скажу, што кожны дзень я прачынаўся з думкай аб журналістыцы -- але час ад часу рука цягнулася да чыстага аркуша паперы і аўтаручкі, каб напісаць аб тым, што хвалявала, не давала спакою, уяўлялася цікавым не толькі мне, але і іншым.

Так ужо ў дарослым жыцці з’явіліся гістарычныя нарысы пра маёнтак Турлы і мястэчка Варняны, нарысы аб лёсах лётчыкаў з разбомбленага ў першы дзень вайны аэрадрома ў Міхалішках, развагі аб чарговай школьнай рэформе і вайне ў Іраку.

Магчыма, гэтае маё педагагічнае і журналістскае суіснаванне працягвалася б і надалей, калі б аднойчы ў Міхалішкаўскую школу, якую я на той час ўзначальваў, не завітала галоўны рэдактар “Астравецкай праўды” Ніна Аляксееўна Рыбік. Між іншым, ужо развітваючыся, паскардзілася на кадравы голад і пацікавілася, ці няма ў мяне на прыкмеце творчых людзей, якія маглі б стаць супрацоўнікамі газеты? Я разгублена паціснуў плячыма -- але не паспеў яшчэ асесці пыл з-пад колаў рэдакцыйнай машыны, зразумеў, што лёс дае мне шанс.

Тым не менш, ад гэтага азарэння да лёсавызначальнага рашэння прайшло больш за два гады сумненняў і разваг. Урэшце напярэдадні чарговай сустрэчы з галоўным рэдактарам “раёнкі”, я падумаў: “Альбо сёння, альбо ніколі!”. І пры сустрэчы амаль з парога “выпаліў”, што знайшоў нарэшце “творчага” кандыдата для працы ў газеце, і гэты кандыдат – я!

Так на пятым дзясятку гадоў лёс усё ж прывёў мяне ў журналістыку. І хоць маё прафесійнае журналістскае жыццё было зусім нядоўгім, я ніколі не пашкадаваў аб гэтым павароце ў сваім жыцці!

Я удзячны лёсу за тое, што ён звёў мяне з сапраўднымі прафесіяналамі -- Нінай Аляксееўнай Рыбік і Таісіяй Сямёнаўнай Сяменавай, якія дапамаглі мне спасцігнуць азы журналістскага майстэрства.

IMG_9303.jpg

Удзячны за творчыя спрэчкі Ганне Чакур!

Удзячны за падтрымку, за добрыя словы Надзеі Сівец, Еўдакіі Ходас, Марыне Мацкевіч, Антону Мальшэўскаму, Наталлі Харытонавай…

І, канешне, удзячны чытачам, героям сваіх матэрыялаў, якія надавалі сіл і натхнення!

Помню і і бясконца люблю ўсіх вас, хто дапамог спраўдзіцца маёй мары!

Са святам, з Днем друку!

Ваш Эдуард Свірыд, член Беларускага саюза журналістаў

Текст: