Кому нужен набор кастрюль за 1,5 тысячи долларов?

09:35 / 25.09.2019

Нина Рыбик побывала на презентации «чудо посуды третьего поколения», чтобы понять, на какую «наживку» цепляют доверчивых покупателей новоявленные остапы бендеры.

Клюнула!

Напачатку я ў такіх выпадках спрабавала ветліва адхіліць запрашэнне, спаслаўшыся на недахоп часу ці занятасць у азначаны дзень і гадзіну. Потым, калі мне гэта надакучыла, даволі рэзка тлумачыла, што мяне не цікавяць ні каструлі, ні пыласосы, ні падушкі. Калі прапановы сталі асабліва частымі і настойлівымі, дастаткова груба прасіла выкрасліць мой тэлефонны нумар з усіх рэестраў і ніколі не звяртацца з падобнымі прапановамі. 


Але аднойчы падумала: я ж журналістка – чаму б мне не паўдзельнічаць у падобнай «прэзентацыі» і не паспрабаваць разабрацца, на які ж «кручок» чапляюць арганізатары падобных «лахатронаў» у большасці сваёй інтэлігентных, адукаваных, разумных людзей, пераконваючы іх аддаваць шалёныя грошы, якіх у іх няма, за рэчы, якія ім не патрэбны? 

Адкуль ведаюць?

Прымаючы чарговае запрашэнне, пацікавілася, адкуль у арганізатараў мой нумар тэлефона. Сказалі, што яго паведаміў нехта з маіх знаёмых. Магчыма, і так – на знаёмых, назваўшы нават іх прозвішча, спаслаліся некалі і «тэсціроўшчыкі» якасці вады, якія гадоў пяць таму, «занепакоеныя» тым, што вада ў нашай водаправоднай сетцы не проста не чыстая, а «шкодная» для здароўя, прыйшлі ў маю кватэру і цэлы вечар «пудрылі мазгі», спрабуючы «ўцюхаць» цуда-фільтры для яе ачысткі ўсяго за 2 000 долараў. І гэта з неймавернымі зніжкамі, якія дзейнічаюць толькі сёння, выключна для мяне – з-за таго, напэўна, што ў мяне вельмі прыгожыя вочы і дрэнная вада… 

Але той факт, што некаторыя арганізатары падобных прэзентацый тэлефануюць па ўсіх нумарах – на мабільны (калі ў тэлефоне дзве сімкі – то на абедзве), на хатні, рабочы – дае падставы меркаваць, што ў іх ёсць базы як стацыянарных, так і мабільных тэлефонаў. Адкуль? На гэтае пытанне ў мяне няма адказу, толькі падазрэнні, якія з-за іх бяздоказнасці агучваць не буду.

Праводзілі-наказвалі

Даведаўшыся, куды і чаму я збіраюся, калегі, адобрыўшы ў цэлым ідэю, тым не менш, ведаючы мой падатлівы і даверлівы характар, устрывожыліся.

– Толькі грошы з сабой не бярыце! – параіла адна. – А то я таксама неяк зайшла з сяброўкай на падобную прэзентацыю «толькі паслухаць» – а выйшла з анучкай для мыцця вокнаў за 20 долараў. Анучка цудоўная, слоў няма – але ж якія грошы!

– Не, лепш пашпарт пакіньце! – параіла другая. – Звычайна «развод» там больш сур’ёзны, чым на 20 долараў.

– А можа, ваша прысутнасць неабавязковая?  Потым распытаецеся, як усё адбывалася, – параіла выйсце з патэнцыяльна небяспечнай для майго кашалька сітуацыі выйсце трэцяя.

Але мы  не шукаем лёгкіх шляхоў! Да таго ж я збіралася пайсці на выпрабаванне не адна, а з каляжанкай – абачлівай, памяркоўнай, якая заўсёды ўсё прадумвае-пралічвае, – і была ўпэўнена, што, калі нават «паплыву», яна не дазволіць мне «ўляпацца» ў неабдуманую дарагую пакупку.

Тым не менш, калегі праводзілі мяне на рэдакцыйнае заданне ўстрывожанымі позіркамі…

Як усё адбывалася

Я крыху прыпазнілася і калі ўвайшла ў залу, дзейства ўжо пачалося: каля трыццаці чалавек захоплена слухалі расповед пра перавагі шарсцяных коўдраў і падушак перад звычайнымі. Каляжанка мяне да таго часу ўжо зарэгістравала і падала квіток, які я тут жа засунула ў сумку, стараючыся нічога не прапусціць, каб зразумець, у чым прыкол: на якую ж «нажыўку» клююць людзі? 

Пасля прэзентацыі коўдраў і падушак сталі расказваць пра перавагі кухоннага посуду трэцяга пакалення: гаваркія харызматычныя маладыя людзі, заклікаючы ў сведкі людзей з залы, дэманстравалі, як хутка награюцца каструлі і патэльні,  як імгненна і смачна яны вараць-смажаць-запякаюць нават без алею, як лёгка мыюцца… 

Усё было цудоўна-пера­ка­нальна – пакуль не прагучала цана цуда-посуду: 6 250 рублёў (на хвіліначку: гэта больш за 3 тысячы долараў!) Пасля гэтага твары ў людзей выцягнуліся… Але тут жа прагучала прыемная навіна: толькі сёння і дзеля нас – зніжка ў тысячу рублёў! Карыстайцеся момантам!


Далей пачалася індывідуаль­­ная «апрацоўка» ўдзельнікаў прэ­зентацыі: кожнага запрашалі да століка і расказвалі пра перавагі новага посуду. Галоўным аргументам быў той, што неабавязкова грошы плаціць зараз жа, можна аформіць крэдыт усяго пад 1,2% гадавых на любы прымальны тэрмін. Галоўнае: падпісаць усе дакументы тут жа, не выходзячы з залы.

Але нават пасля гэтага, наколькі я зразумела, жадаючых стаць шчаслівымі ўладальнікамі цуда-каструль і патэльняў не знайшлося.

Паколькі я свой рэгістрацыйны квіток так і не дастала з сумкі – па праўдзе кажучы, проста забылася, то мне пашанцавала: мяне на індывідуальную гутарку не паклікалі.

Падарункапад

І тут пачалося галоўнае: падарункапад! Шасці «шчасліў­чыкам», квіткі з прозвішчамі якіх выцягнула ўдзельніца прэзентацыі – быў абяцаны цэлы россып каштоўных падарункаў. Па-першае, залатая картка са зніжкай на набор посуду яшчэ на 1 600 рублёў: кошт камплекта з чатырох прадметаў знізіўся амаль напалову – да 3 650 рублёў. А ў дадатак – тая самая шарсцяная пасцель, а яшчэ – бесправадны пыласос, камплект суперскіх нажоў, паравы прас… 


У шчасліўчыкаў кружылася галава ад удачы, астатніх паддуш­вала жаба: чаму ж не я… Для таго, каб абдымкі яе былі не такімі ўдушлівымі, арганізатары налева і направа раздавалі суцяшаль­ныя прызы – тыя самыя прасы… 

А тых, каму «пашанцавала» – у іх ліку апынулася і мая каляжанка, – зноў паклікалі на індывідуальную размову. Толькі на хвілінку яна вярнулася да мяне, каб пацікавіцца, ці маю я з сабой грошы, – і, даведаўшыся пра суму, што ляжала ў маім кашальку, махнула рукой і вярнулася да стала, дзе ўжо былі раскладзены паперы…

Хто не выйграў – таму пашанцавала!

Канца дзейства я не дачакала­ся – яно зацягнулася даўжэй, чым я разлічвала, а мяне чакалі справы. Пазней даведалася галоўнае: усе гэтыя шматлікія прызы «шчасліўчыкі» атрымлівалі толькі пры адной умове: трэба было набыць той самы набор посуду трэцяга пакалення за 3 650 рублёў. Каляжанка, «запаўшы» на адзін з выйграных прызоў, падпісалася на ўсё… 

Дагавор і крэдыт аформілі тут жа. Усе шматлікія падарункі даставілі разам з іх шчаслівай уладальніцай дахаты. Памахалі ручкай… 

І толькі тады жанчына ўсвя­до­мі­ла, што цяпер будзе цэлы год са сваёй пенсіі плаціць за каструлі, якія ёй і дарма не патрэбны – чаго-чаго, а посуду ў яе хапае. 

Затое зможа бясплатна спаць на дарагой і карыснай пасцелі, прыбіраць кватэру новым пыласосам, карыстацца антыбактэрыяльнымі нажамі, якія не трэба заточваць… 

І думаць: усё гэта і сапраўды было ёй так неабходна? 

У чым падман?

А няма яго, падману, усё – па праўдзе! Прадукцыя, якую прапаноўваюць на падобных прэзентацыях, як правіла, са­праў­ды валодае тымі якасцямі і характарыстыкамі, пра якія расказваюць менеджары. Іншая справа – ці каштуе яна тых грошай, за якія яе прапаноўваюць, і ці сапраўды яна так жыццёва неабходна, што за яе людзі гатовы аддаць усе свае зберажэнні і нават улезці ў крэдыт? 


Але ніхто нікога ж не прымушае, рукі не выкручвае і пальцы ў дзверы не шчэміць: чалавек сам прымае рашэнне, сам, у цвярозым розуме і добрай памяці (хоць часам у гэтым можна ўсумніцца) ставіць подпіс пад дагаворам… 

Як кажуць у наро­дзе: бачылі вочы, што куплялі, цяпер хай не плачуць.

Што за нажыўка? 

Мне здаецца, я зразумела, на што «купляюць» даверлівых людзей маркетолагі – у таленце ім дакладна не адмовіш! – падобных прэзентацый: на так любімую ўсімі «халяву», на шматлікія зніжкі і падарункі. Адзін мой знаёмы ў свой час таксама «падпісаўся» на даражэнны посуд толькі таму, што ў падарунак да яго ішлі нажы, міма якіх ён прайсці не мог.

Зразумець, што кошт гэтых скідак і падарункаў першапачаткова закладзены ў цану тавару, у той момант цяжка: шчаслівы ад неверагоднай удачы чалавек дрэнна аналізуе сітуацыю. Часу на роздум і на тое, каб параіцца з некім, хто за межамі залы і яшчэ «не заглынуў кручок», не даюць: «апрацоўка» кожнага ідзе тут і зараз! «Куй грошы, не адыходзячы ад касы». 

А ўжо потым, калі чалавек зразумее, што тыя каструлі і падушкі не каштуюць аддадзеных за іх грошай, а галоўнае – што яму гэта зусім непатрэбна, ужо «позна піць баржомі»: усё зроблена, і зроблена законна.

Як не трапіць на кручок

Не думайце, што людзі, якія трапляюць «на кручок», дурнейшыя за вас: няма ніякай гарантыі, што, апынуўшыся на падобнай прэзентацыі, вы не выйдзеце адтуль з наборам чаго-небудзь вельмі карыснага і якаснага, але асаблютна вам непатрэбнага, і з дагаворам, згодна з якім будзеце гэта ўсё аплачваць дзясяткі месяцаў. Таму лепш за ўсё не хадзіце туды! Усё, што вам сапраўды патрэбна, сёння можна купіць за рэальную цану – да прык­ладу, тыя фільтры для вады, якія мне некалі спрабавалі «ўцюхаць» за 2 000 долараў, прапаноўваюць у інтэрнэт-магазінах за 200-300 рублёў.


Калі вы ўсё ж вырашылі схадзіць «проста паслухаць», купіўшыся на абяцанне, што «ўсе, хто прыйдзе, атрымае падарункі», – не бярыце з сабой ні грошай, ні тым больш пашпарт. Калі нават на нешта «запалі» – зрабіце «званок сябру»: некалі я так уратавала суседку-пенсіянерку ад дарагой неабдуманай пакупкі. Ці паабяцайце падпісаць дагавор заўтра-паслязаўтра. Але я больш чым упэўнена: арганізатары на гэта не пойдуць, бо ведаюць, што заўтра вы да іх не вернецеся.

А ўвогуле – будзьце пільнымі: нашы грошы нам надта дорага дастаюцца, каб, як герой адной дзіцячай казкі, закопваць іх на полі цудаў у вядомай краіне, у якую мы ўсе час ад часу трапляем.


Р.S. А каляжанка мая, аду­­ма­ў­шыся, карыстаючыся Законам аб правах спажыўцоў, дзякуючы сваёй настойлівасці, рашучасці і кампетэнтнасці, усё ж вярнула непатрэбны ёй посуд – але гэта каштавала ёй нямала часу і нерваў.


Текст: Нина Рыбик