Во дворе – красота. А что за забором?

14:20 / 28.03.2019
Кожную вясну, калі сыходзіць снег, дзіву даюся: колькі смецця ён пад сабой хаваў! Здаецца, вуліцы горада перад зімой былі чыстымі – а тут!.. Шкляныя і пластыкавыя бутэлькі, пачкі ад цыгарэт і ўсялякай-усялячыны, акуркі – чаго тут толькі няма. 

І кожную вясну, не паспеюць растаць гурбы, работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі пачынаюць месці, зграбаць, збіраць… Куды ні павярніся – убачыш аранжавую камізэльку. 

А ты прыбраў сваю планету.jpg

Аднак за чысціню на гарадскіх вуліцах прыватнага сектара яны не адказваюць. І, напэўна, таму кожную вясну можна ўбачыць дзіўную карціну: прыгожы дом, які патанае ў пакуль яшчэ бляклай зеляніне шыкоўных туй і прыгнуўшых да зямлі краснаватае лісце баданаў, аперазаны па перыметру ўчастка роўнымі дарожкамі і дыхтоўным плотам. А пад ім – непрыбраны з восені сухастой, паперкі, бляшанкі з-пад піва…

Калі першы раз праходзіш міма такога дома, думаеш: толькі сышоў снег, зараз зямля падсохне – і гаспадары смецце прыбяруць. Праз тыдзень здзіўляешся: яшчэ не прыбралі?! У трэці ж, калі ўжо і сонца прыпякае, і трава зелянее, гатовая ад сораму за гаспадароў сама прыхаваць тое смецце, пачынаеш сумнявацца, што ў гэтым доме ўвогуле нехта  жыве. Але вунь вялікі сабака, прасоўваючы нос паміж металічным штакетнікам, падглядвае за прахожымі, і дзеці гушкаюцца на арэлях, і гукі пыласоса, якія чуюцца з пакояў, пацвярджаюць, што гаспадыня дома…

Упэўнена, што б ні рабілі ўлады, работнікі ЖКГ, санстанцыі і лясгаса, «зялёныя» і проста актывісты, не будзе чысціні і парадку, пакуль мы, кожны з нас, не навядзе яго ў сваіх галовах. Бо, як казаў прафесар Прэабражэнскі з «Сабачага сэрца» Булгакава, «разруха» пачынаецца менавіта там! Чалавека нельга навучыць, калі ён не хоча вучыцца, – хоць вы лістоўкі з заклікамі яму  кожны дзень у паштовую скрыню кідайце ці з рупарам вакол дома хадзіце. Ён сам павінен адчуць сябе гаспадаром не толькі сваёй, адгароджанай высокім плотам тэрыторыі, але і таго, што за ёй, і далей – на вуліцы, у горадзе. І сам павінен зразумець, што кожная падабраная ім паперка – хай у сябе пад вокнамі – гэта маленькая, але вельмі патрэбная частачка адной вялікай справы.

Схавалі .jpg

Сорамна за такіх гаспадароў «за высокім плотам». У асноўным гэта тыя, хто, можна сказаць, сядзеў са мной за адной партай, слухаў тых жа настаўнікаў, разам са мной чысціў снег і прыбіраў агарод адзінокім ветэранам, мыў шыбы, калоў і складваў дровы састарэлым і нямоглым. Здавалася, усіх нас аднолькава вучылі думаць не толькі пра дзень сённяшні і клапаціцца не толькі пра сябе, а быць адказнымі за ўсё, што навокал, і не толькі на адлегласці выцягнутай рукі... 

Мабыць, толькі здавалася…
Навошта ехаць за сотні кіламетраў, каб палюбавацца прыгожымі і чыстымі мясцінамі?! Іх і ў нас хапае! І ўсё што трэба, каб гэта ўбачыць і адчуць захапленне ад роднага краю, – не чакаць, пакуль прыйдзе дворнік з вядром, каб сабраць чужое смецце, а зрабіць гэта самому. 

Текст:
Фото: Елена Ярошевич