Шчасце “белага матылька”: можна, але не трэба
11:22 / 30.06.2018
1
Заканамерна, што ў СМІ, у сацыяльных сетках цяпер з’яўляецца шмат матэрыялаў і постаў, прысвечаных гэтым падзеям. Большасць з іх – з успамінамі пра сваіх продкаў: дзядоў, прадзедаў, што ваявалі і не вярнуліся з вайны ці не дажылі за сённяшніх светлых дзён.
Але сустракаюцца і іншыя. «Забудзьцеся! – параіў нехта дзяўчыне, якая спрабавала 22 чэрвеня перадаць у сацыяльных сетках сваім сябрам і знаёмым сімвалічную свечку памяці. – Забудзьцеся пра тую вайну, пра таталітарызм, пра Сталіна, пра смерць, кроў, жахі. Жывіце сённяшнім днём. І будзьце шчаслівыя!»
Якое харошае пажаданне, праўда? Жыць сённяшнім днём – і быць шчаслівым, тут і зараз! Не «замарочвацца», як кажуць маладыя. Не «парыцца». Навошта нам негатыў, перажыванні, якія нясуць кіно і кнігі пра вайну, успаміны тых, хто яшчэ жыве і мае што расказаць, ад якіх – мароз па скуры і камяк у горле? Лепш паглядзець якую камедыю, схадзіць на дыскатэку ці «патусавацца» з сябрамі ў бары ці на прыродзе. Навошта помніць тое, што было даўным-даўно? Лепш – забыць…
Магчыма, сучасныя падлеткі, для якіх Вялікая Айчынная вайна – усяго толькі некалькі старонак са школьнага падручніка па гісторыі, да таго ж не вельмі добра вывучаныя, змогуць забыць – бо і не помнілі, і не ведалі.
Але як забыць мне тое, аб чым расказвала светлай памяці матуля? Як яна, 15-цігадовая дзяўчынка, якая пасля таго, як раскулачылі і саслалі ў Сібір бацькоў, жыла са старэйшай хворай сястрой-салдаткай, дапамагаючы ёй гадаваць дзіця, уцякла ў лес, калі ў вёску ўжо заходзілі немцы і паліцаі. Як глядзела з узлеску, як загарэлася адна хата, другая, трэцяя, іхняя – і ўсё сяло. Ці можна было ёй забыць трэск аўтаматных чэргаў і перадсмяротныя крыкі людзей, калі немцы расстрэльвалі і скідвалі ў агульную магілу тых, хто не паспеў ці не схацеў уцячы ў лес: старых, дзяцей, жанчын? Выкрасліць з памяці яе расповеды аб тым, як сядзелі яны ў лесе ў самаробных куранях, зробленых з галінак ламачча з 22 мая па 22 лістапада, пакуль не прыйшла Чырвоная Армія, голыя, босыя, галодныя, баючыся распаліць вогнішча, каб не заўважылі дым і не наляцелі карнікі; як, баючыся, ішлі ў вёску, каб знайсці на папялішчы які чыгунок і зварыць пустую поліўку з грыбоў і шчаўя; як зімой пяклі з мёрзлай бульбы бабонікі – і якія яны былі смачныя…
Як забыць вайну майму 90-гадоваму бацьку, у якога ў партызанскім атрадзе Каўпака загінуў старэйшы брат? Як забыць яму успаміны свайго бацькі, які ваяваў, трапіў у палон – і дамоў, да пяцярых дзяцей, якія гэты час выжывалі як умелі і маглі, вярнуўся толькі ў 1947 годзе? Ці зможа ён забыць сваіх бабулю і дзеда, якія стараліся замяніць асірацелым унукам рана памерлую маці – і былі расстраляныя разам з іншымі 160 аднавяскоўцамі? Як яму забыць тую зямлянку, якую ён, падлетак, капаў, як умеў, калі выйшлі з лесу – і надышла зіма; тую першую печ, якую майстраваў, каб неяк перазімаваць; тую хацінку, якую ён, дзіця, склаў для сябе і сясцёр у першае лета пасля вызвалення?
А я, іх дачка, мае сястра і брат, нашы дзеці і ўнукі – ці маем мы маральнае права ўсё гэта забыць і, як настойліва раяць псіхолагі-аптымісты, быць шчаслівымі?
Не, я не заклікаю штодня і штоночы аплакваць ахвяр той вайны – ды, напэўна, і яны, тыя ахвяры, таго б не хацелі. Яны гінулі і паміралі дзеля таго, каб іх нашчадкі былі шчаслівымі.
Шчаслівымі – але не беспамятнымі. Каб яны радаваліся жыццю – і памяталі, што так, як сёння, было не заўсёды. Што была вайна, і, як бы сёння ні стараліся перавесці стрэлкі на таталітарызм і сталінізм, – не Сталін яе распачаў. Што былі голад, кроў, смерць, пакуты. І не трэба пераключаць канал, шкадуючы сваю нервовую сістэму, калі гэта паказваюць на экране.
Мне здаецца, што можна – і трэба! – быць шчаслівым, ведаючы і памятаючы ўсё гэта. І тады шчасце будзе больш каштоўным, усвядомленым, чым шчасце «белага матылька», якому здаецца, што цёплае сонца, гарачая вада з крана, удосталь смачнай ежы і цікавых забаў – гэта было і будзе заўсёды…
І тады мы будзем больш шанаваць і берагчы сваё шчасце.