А які ён, Астравец?

10:48 / 23.05.2018
Я адношуся да тых новых жыхароў горада, якія з’явіліся ў Астраўцы, дзякуючы будаўніцтву Беларускай атамнай электрастанцыі. Як і большасць прыезджых, жыву ў адным з дамоў новага мікрараёна. Як і большасць жыхароў Астраўца, цешуся прыгажосцю тутэйшых мясцін, лічу лебедзяў з мосціка на востраве закаханых. І кожны дзень хаджу на працу. Нехта пасля заканчэння будаўніцтва плануе пакінуць Астравец, нехта застанецца працаваць тут і надалей, а некага, хто сам пра гэта яшчэ не ведае, яшчэ толькі прывядуць сюды жыццёвыя шляхі. 

DJI_0003_MOV_snapshot_06_48.jpg

Карэнных жыхароў і прыезджых аб’ядноўвае месца жыхарства – Астравец. І няважна, надоўга ты трапіў сюды ці не, хочацца ведаць, што гэта за горад, якая ў яго гісторыя, чым ці кім ганарацца яго жыхары?
Пражыўшы ў Астраўцы амаль год, я пачала задаваць сабе гэтыя пытанні. 

Я нарадзілася на Віцебшчыне, мая малая радзіма – Шаркаў­шчынскі раён. Ён адносіцца да самых бедных раёнаў рэспублікі: у раённым цэнтры няма ніводнага прадпрыемства. Але я ганаруся сваім краем, людзьмі, якія там жылі, чые імёны праславілі Беларусь і засталіся ў памяці многіх.
Да прыкладу, Язэп Драздовіч – самабытны мастак-вандроўнік. Іван Сікора– селекцыянер, які вывеў новыя, прыдатныя да доў­гай зімоўкі яблыні. У яго гонар у вёсцы Алашкі на Яблычны спас ладзіцца свята, куды прыязджаюць не толькі з Шаркаўшчыны і раёна, а з усёй вобласці і нават з замежжа. Эліэзэр бэн Іегуда адрадзіў іўрыт – мову малітваў, якая стала дзяржаўнай мовай Ізраіля.

70.jpg


 Пра гэтых знакамітых лю­дзей і цікавыя падзеі з гісторыі Шаркаўшчыны ведае кожны мясцовы жыхар і той, хто зацікавіўся гэтым рэгіёнамі. Каб пра гэта даведацца, не трэба лезці ў архівы ці інтэрнэт – дастаткова прачытаць шыльды на цэнтральнай вуліцы.

Суседняя Глыбоччына таксама памятае і шануе сваю гісторыю. Кожны падарожнік, які чытае білборды, зможа даведацца, што тут нарадзіў­ся Ігнат Буйніцкі, які заснаваў беларус­кі тэатр; Вацлаў Ластоўскі– літаратар, гісторык, палітык; Баляслаў Лапыр– знакаміты селекцыянер, які напачатку мінулага стагоддзя вывеў холадаўстойлівыя сар­ты-гібры­ды вішні і чарэшні з салодкімі, сакавітымі, вялікімі пла­дамі. У яго гонар у Глыбокім што­год праходзіць Вішнёвы фестываль, які ў мінулым годзе займеў ста­тус міжнароднага.

1499244958_1485571902595ca99e4700a9.98079058.jpg

Упэўнена, што Астраўцу таксама ёсць чым ганарыцца, што ёсць у яго гісторыі людзі, якія ўнеслі свой уклад ў агульную скарбонку беларускага народа. Толькі хто яны, чым знакамітыя?

Нехта скажа: пачытай у кнізе «Памяць», пашукай у інтэрнэце, схадзі ў музей… Але кніга «Памяць» не ляжыць у продажы – я цікавілася, каб нешта знайсці ў інтэрнэце, трэба ведаць, што шукаць, а музея ў Астраўцы няма… Канешне, той, хто шукае – знойдзе. А таму, хто не шукае, не грэх і падказаць: новых людзей у Астраўцы зараз шмат, і хай бы яны ведалі, што не ў правінцыю глухую прыехалі, а ў край са сваёй гісторыяй.  

Текст: