РАДАНІЦА – ад слова “радавацца”. І ад слова “род”

14:13 / 17.04.2018

Раданіцу ў народзе называюць Пасхай памерлых: праз тыдзень пасля Уваскрэсення Хрыстова, у аўторак, людзі ідуць на могілкі, каб падзяліцца радаснай навіной са сваімі роднымі, блізкімі, сябрамі, якія даўно ці нядаўна адышлі ў лепшы свет, расказаць ім, што Хрыстос уваскрос – і тым самым даў надзею на уваскрэсенне ўсім нам. І таму Раданіца – дзень не смутку, а светлай пасхальнай радасці, якая перапаўняе душы ўсіх хрысціян: Хрыстос уваскрос! Сапраўды уваскрос!

560632.jpg

У гэты дзень трэба перш за ўсё наведаць царкву і памаліцца за спачын душы сваіх памерлых родзічаў. А затым – калі ёсць такая магчымасць – адведаць іх магілкі. Людзі стараюцца навесці парадак на могілках да свята, але калі нехта па нейкай уважлівай прычыне зрабіць гэтага не змог, то Раданіца – адно з нямногіх святаў, у якое не лічыцца грахом працаваць, тым больш – прыбіраць могілкі.

IMG_20180417_141440.jpg

На месцы спачыну родных і блізкіх прыходзяць і прыязджаюць цэлымі сем’ямі: дзеці, дарослыя, пажылыя – увесь род. Магчыма, і ад гэтага паходзіць слова “раданіца”.

І нават калі дзеці не памятаюць ці нават ніколі не ведалі бабулю, дзядулю ці родзічаў з некалькімі прыстаўкамі “пра-“, што ляжаць пад сціплым магільным грудком ці шыкоўным мармуровым помнікам, гэтая нябачная сустрэча, духоўная повязь з продкамі, са сваім родам вельмі важная – і для памерлых, і для жывых. Бо яна дае такое важнага для кожнага ўсведамленне, што ў гэтым свеце – не сам па сабе, што ты – часцінка свайго роду.

А ён, твой род, – частачка ўсяго народу.

Такое вось роднае, радаснае свята – Раданіца.


 

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик