Хочаш, каб жыла родная мова? То гавары па-беларуску!

08:47 / 21.02.2018
IMG_7990.JPGСёння дзень роднай мовы. Віншуем вас, шаноўныя беларусы – тыя, хто яшчэ не забыўся, што такое “дзякуй” і “добры дзень”!

Для некага гэтае свята – нагода ў чарговы раз паўздыхаць-панаракаць, што вось, маўляў, не шануем мы родную мову, не беражом…

А можа, нагода зрабіць хоць адзін, хоць маленькі крок да адраджэння роднай мовы? Свой асабісты пасільны ўнёсак?

Гэтак, як робяць яго гаспадары і прадаўцы крамы «Піўны Гетман» – не самай, на першы погляд, беларускамоўнай установы. І тым не менш: пакупнікоў самых розных нацыянальнасцей тут абслугоўваюць выключна па-беларуску. І, як сцвярджаюць прадаўцы, на гандлёвым абароце вядзенне бізнесу па-беларуску ніяк не адбіваецца. Наадварот, па словах супрацоўніка крамы Пятра Ляховіча, ёсць людзі – як правіла, грамадзяне суседніх Расіі і Украіны, якія спецыяльна прыходзяць сюды, каб паслухаць прыгожую сакавітую беларускую мову.

На жаль, беларусаў сярод такіх, уздыхае Пятро, няшмат. Наадварот: калі нехта высакамерна, «праз губу», патрабуе «Разговаривайте на нормальном языке!» – як кажуць, «да бабкі не хадзі»: гэта наш, местачковы, «рюский», які, вядома ж, «большы каталік, чым Папа рымскі»…


…Падчас лютаўскага дня інфармавання, які праходзіў у Астраўцы, да нас прыехаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі. Здавалася б, чыноўнік значнага рангу і тэма выступлення вельмі сур’ёзная – вынікі мінулага года ў
Гродзенскай вобласці. І як пры гэтым прыгожа, расказваючы пра гэтыя самыя вынікі, ён гаварыў пабеларуску! Міжволі заслухаешся. І становіцца не на словах, а на справе зразумела, што «мова наша такая ж людская»...

mova.jpg

Заразны не толькі дрэнны прыклад, але і добры. І Эдуард Іванавіч Свірыд, які потым расказваў пра справы Беларускай АЭС, адзначыў, што атамная энергетыка не вельмі добра перакладаецца на беларускую мову, але пасля Аляксандра Людвігавіча ён проста не мае маральнага права гаварыць паруску – і прадэманстраваў, як цудоўна можна расказваць пра будаўніцтва Беларускай АЭС на роднай мове. І пайшла ланцуговая рэакцыя…

А я падумала: ну што нам перашкаджае запусціць яе кожнаму ў сваім асяродку? Сярод сяброў, калег, родных? Ну чаму мы заўсёды дзейнічаем па прынцыпу «як людзі з намі размаўляюць, так і мы з імі»? А можа, яны таксама чакаюць, калі з імі нехта загаворыць па-беларуску, каб адказаць гэтак жа…

…Неяк да мяне ў госці завіталі расіяне. Падчас чаяпіцця мне патэлефанаваў нехта са знаёмых, з кім я звычайна размаўляю пабеларуску. Пагаварылі…

Калі закончылі размову, расіяне захоплена сказалі:

– Якая прыгожая беларуская мова! І чаму вы, беларусы, яе саромеецеся? Мы тут не так даўно, і першае, што зрабілі, калі прыехалі ў Астравец, – купілі беларускую кніжку, каб разумець мову народа, з якім нам давядзецца побач жыць і працаваць. А пазней сталі вучыць мову разам з дачкой, якая займаецца ў гімназіі. Дарэчы, веданне, хоць і павярхоўнае, беларускай мовы вельмі дапамагае нам у вандроўках па Еўропе: у Польшчы, Славакіі, Сербіі, ведаючы беларускую мову, можна абысціся без перакладчыка.

Ну што тут скажаш? Толькі сакраментальнае: што маем – не беражом, страціўшы – плачам.

То, можа, не варта бяздумна нішчыць тое, што пакуль яшчэ маем?

… У рэдакцыі гэты тыдзень вырашана аб’явіць тыднем беларускай мовы.

Гавары са мной па-беларуску!


Текст: Нина Рыбик