Да пошли бы вы! В интернет!

11:40 / 31.01.2018

В очередной раз мы с вами, уважаемые читатели, встретились на безграничных просторах интернета. На это раз, чтобы поговорить о нем, любимом, без которого большинство не мыслим своей жизни. Да-да, о нем самом, об интернете…

…Дзіўная ўсё ж штука – інтэрнэт. Напэўна, толькі лянівы не ганіць яго за дрэнны ўплыў на дзяцей і моладзь, за тое, што ён крадзе наш час, і ўвогуле – там можна пабачыць ТА-КО-Е!!! 

І пры тым ужо мала хто можа абысціся ў паўсядзённым жыцці без камп’ютара і інтэрнэта – нават людзі сталага веку просяць дзяцей і ўнукаў навучыць іх карыстацца сучаснымі гаджэтамі ці запісваюцца дзеля гэтага на спецыяльныя курсы, разумеючы, што калі без паштовай скрыні пражыць сёння можна, то без электроннай – вельмі цяжка! Там, у інтэрнэце, наша любімая музыка, і паслухаць яе тады, калі нам захочацца, па-іншаму амаль немагчыма: радыёлы, магнітафоны, радыёпрыёмнікі замяніў камп’ютар. Там нашы любімыя кнігі: незалежна, калі і дзе яны былі выдадзены і ці ёсць запаветны томік у бібліятэцы, яны чакаюць нас у зручны час, нават у выглядзе радыёспектакляў, якія можна слухаць, прасу­ючы бялізну ці перабіраючы пруткамі… Там самыя лепшыя, самыя сучасныя ці тыя, ад якіх заходзілася сэрца ў далёкай маладосці, кінафільмы. Там падрабязныя інструкцыі і майстар-класы да нашых новых і старых захапленняў. Там некалі страчаныя на жыццёвых скрыжаваннях і новыя сябры, і родзічы. Там  тавары і паслугі, там навіны, газеты, радыё і тэлебачанне. Там зараз – усё! 

pozdniy_vyihod_na_pensiyu-kartinka.jpg

Можна колькі заўгодна наракаць на тое, што віртуальная рэальнасць замяняе людзям жывыя стасункі. Гэта сапраўды так: нядаўна ў кафэ была сведкай, як кампанія маладых лю­дзей, зага­дзя замовіўшы столік, з’еўшы піцу і выпіўшы сок, дружна ўваткнулася кожны ў свой смартфон… 

Але ад таго, што мы будзем заламваць рукі і прычытаць, як сеціва губіць людзей, сітуацыя не зменіцца. Адмовіцца ад камп’ютара і інтэрнэта – усё роўна, што вярнуцца ў пячору: можна, канешне, паспрабаваць, там і тут з’яўляюцца людзі, якія выбіраюць жыццё «на ўлонні прыроды» – але і на гэтым улонні яны шукаюць доступ у інтэрнэт. 

1463592666_image-20150813-21428-41bf0j.jpg

Інтэрнэт – гэта хоць і віртуальная, але рэальнасць, і адмаўляць яе, адмаўляючыся ад камп’ютара, усё роўна што спрабаваць замарудзіць бег часу, спыніўшы гадзіннік, ці спрабаваць пазбавіцца праблемы страусіным метадам, засунуўшы галаву ў пясок. Інтэрнэт сам па сабе не добры і не дрэнны – як не добры і не дрэнны нож, агонь, грошы: яны такія, якімі мы іх робім сваімі ўчынкамі, і не самі па сабе, а з нашай дапамогай ён становіцца зброяй у руках ці то анёла, ці то д’ябла.

Таму падазраю, што на пытанне, з якога я пачала гэты свой артыкул, большасць чытачоў адкажа, што навіны яны даведваюцца адусюль. Канешне, калі хочацца ан-лайн быць у курсе ўсіх падзей, то гаджэт вам у рукі: з інтэрнэтам у хуткасці не паспрачаецца нават радыё і тэлебачанне. Але ж хуткасць вельмі часта прыводзіць да памылак, і не толькі арфаграфічных: у пагоні за тым, каб быць першымі, рэпарцёры не хочуць ці не паспяваюць удакладніць, пераправерыць факты, лічбы, цытаты, а некаторыя свядома даюць недакладную, так званую «фэйкавую» інфармацыю. 

Старая добрая газета ў гэтым сэнсе – больш надзейная крыніца інфармацыі, ужо хоць бы таму, што пад кожным артыкулам, вялікім ці малым, стаіць подпіс журналіста, які адказвае за кожнае напісанае слова, і калі што не так – а не памыляецца, як вядома, толькі той, хто нічога не робіць, – то, вядома ж, атрымае «на арэхі» не толькі ад рэдактара, але і ад чытачоў – а гэта найбольш балюча. У інтэрнэце ж можна схавацца за нікам – і гаварыць, што заўгодна: так і робяць некаторыя нашы чытачы, часцей за ўсё не абцяжарваючы сябе «аўтарызацыяй». Інтэрнэт дае ім такое права і магчымасць – а з сумленнем заўсёды можна дамовіцца…

1353933549.jpg

Пра інтэрнэт увогуле і СМІ ў інтэрнэце ў прыватнасці зараз гавораць шмат – пра гэта ў тым ліку ішла размова і на медыя-кластары, якія дзейнічае ў Гро­дзенскай вобласці, з удзелам рэдактараў усіх газет вобласці. Якой павінна быць газета, каб яе выпісвалі і чыталі нават тыя, хто штодня, а то і па некалькі разоў на дзень заходзіць на яе сайт? Якім павінен быць сайт, каб ён не капіраваў газету, а дапаўняў яе? Што трэба ведаць і ўмець журналісту, каб паспяваць за нашым хуткаплынным жыццём – і пры гэтым не ператварацца ў «падстаўку да дыктафона»: умець не толькі аператыўна даносіць да чытача весткі аб тым, «хто, што, дзе, калі, як», але і рыхтаваць артыкулы, якія людзі чытаюць і перачытваюць, шукаючы і знахо­дзячы ў іх адказы на свае пытанні, дапаўненне да сваіх думак, асэнсаванне ўласных пачуццяў? 

Хочацца спадзявацца, што журналісты «Астравецкай праў­ды» адпавядаюць тым крытэрыям, пра якія ішла гаворка на пасяджэннях медыя-кластара, падчас якіх шмат слушных парад па развіццю і ўдасканаленню сайтаў газет журналістам даў дацэнт Інстытута журналістыкі Белдзяржуніверсітэта Аляксандр Градзюшка. І незалежна ад таго, як ацэніць нашу працу кіраўніцтва, чытачы ў чарговую падпісную кампанію зноў паставяць нашай рабоце станоўчую адзнаку і выдадуць крэдыт даверу, выпісаўшы «Астравецкую» на наступныя месяц, квартал, паўгоддзе. 

...А пасля гэтага ўсё роўна зойдуць на сайт, каб аператыўна даведацца, што ж новага адбылося ў раёне, падтрымаць удзельнікаў таго ці іншага конкурсу, праверыць свае сілы ў новай гульні ці прыняць удзел у апытанні. 

І мы з вамі, шаноўныя чытачы, будзем сябраваць і надалей!


Текст: Нина Рыбик