«А навошта працаваць? Мне і так добра!» – Па такому прынцыпу жыве частка нашых грамадзян

09:11 / 16.11.2017

У нашым грамадстве шмат працоўных дынастый – настаў­нікаў, медыкаў, хлебаробаў, лесаводаў. Гэта абумоўлена многімі фактарамі: дзеці, міжволі знаходзя­чыся ў асярод­дзі працоўных клопатаў бацькоў, выбіраюць сабе тую ж прафесію; бацькі жадаюць, каб дзеці прадоўжылі іх справу жыцця; гены пальцам не расціснеш…

IMG_4173.jpg


Але, калі прыгледзецца і прааналізаваць, то ў грамадстве можна ўбачыць не толькі працоўныя дынастыі, а, так бы мовіць, сацыяльныя. Да прыкладу, дынастыі маці: дочкі добрай матулі наўрад ці калі-небудзь кінуць сваіх дзяцей, якія б абставіны ні склаліся. Цяжка ўявіць, што сын «рукастага» бацькі не ўмее трымаць малаток. І ў жанчыны-чысцёхі і акуратысткі нават дарослыя дзеці не патэпаюць у вулічным абутку ў спальню… Нездарма ж старэйшыя людзі раяць маладым, выбіраючы спадарожніка жыцця, прыгледзецца да яго родзічаў і найперш – да бацькоў: яблык ад яблыні рэдка адкочваецца вельмі далёка… Хоць дзеля справядлівасці трэба сказаць, што і гэтак здараецца – але гэта тэма зусім іншай размовы.

Ёсць, на жаль, і адваротныя прыклады: супрацоўнікі міліцыі раскажуць пра «дынастыі» зладзеяў, а выхавацелі дзі­цячых дамоў – пра трэцяе пакаленне маці-зязюль, дзяцей якіх выхоўвае дзяржава. І тыя, і другія, як правіла, з’яўляюцца прадстаўнікамі яшчэ адной «дынастыі» – алкаголікаў.

Дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Іосіфавіч Ждановіч неяк расказваў пра адну такую «дынас­тыю». Жывуць яны непадалёк – у суседняй вёсцы – ды і па абавязку службы ён ведае ўсе тры пакаленні гэтай шматлікай сям’і: больш за сто чалавек налічваецца ў гэтай «дынастыі». І ў гэтай сотні ніводнага – уявіце сабе: НІВОДНАГА! – прадстаўніка, які хоць бы паспрабаваў вырвацца з жыцця «на дне»: падобна, ім там добра і камфортна. А зусім прапасці не дасць дзяржава – яна ў нас сацыяльна-арыентаваная, гуманная.

І не трэба шукаць у маіх словах іронію ці сарказм: вельмі добра, што наша дзяржава клапоціцца пра кожнага свайго жыхара, незалежна ад таго, хто ён і які ён. Кожны грамадзянін мае права... – і далей чытайце Канстытуцыю.

Але так атрымліваецца, што права маюць усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь – а «няньчыцца» дзяржава найбольш і найперш з прадаўжальнікамі тых самых сацыяльна небяспечных «дынастый», пра якія я гаварыла вышэй.

Скажам, жывуць у вёсцы па суседству жанчына, якая ўсё жыц­цё ад цямна да цямна на ферме прападала, і мужчына, які калі-нікалі, як гарэлка скончыцца, выходзіў на работу ў паляводчую брыгаду. Думаеце, у старасці іх пенсія будзе моцна адрознівацца?

Працаўніца і на пенсіі будзе рупіцца, каб пасадзіць агарод, выгадаваць кабанчыка ці хоць бы курэй завядзе, каб было што з’есці, а невялікую пенсію зэканоміць – бо трэба ж і дроўцаў на зіму купіць, і балон газу заказаць, і за электрычнасць заплаціць. А сусед, прапіўшыся, прыйдзе да яе прасіць бульбіну ці яйка, і калі тая не дасць, то, не доўга думаючы, украдзе: у штотыднёвых міліцэйскіх зводках такіх прыкладаў больш чым дастаткова.

А сельсавет, той жа цэнтр сацыяльнага абслугоўвання на­сельніцтва і іншыя дзяржаўныя службы павінны паклапаціцца, каб дровы былі не толькі ў руплівіцы – зрэшты, пра яе думаць не абавязкова, яна сама пра сябе паклапоціцца, а найперш – у гэтага прадстаўніка «дынастыі» лайдакоў. Ну не замярзаць жа жывому чалавеку ў хаце! У крайнім выпадку, адправяць яго на сацыяльны ложак у Міхалішкі, дзе і накормяць, і апрануць – не менш і не горш, чым тую адзінокую жанчынку, калі той па волі лёсу таксама выпадзе там апынуцца. Бо калі, крый божа, з гэтым лайдаком нешта здарыцца – замерзне п’яны пад плотам ці ўстроіць пажар, укуліўшыся ў ложак з непатушанай цыгарэтай, ці печ у яго разваліцца, электраправодка «заіскрыць» – ва ўсім будуць вінаватыя… Не, не сам лайдакаваты гаспадар, не яго дзеці ці ўнукі, якія часта з’яўляюцца дастойнымі прадстаўнікамі той жа «ды­нас­тыі» – а дзяржаўныя служачыя: гэта яны не даглядзелі, не пракантралявалі, не ўбе­раглі…

Вось і атрымліваецца, што высакароднае імкненне нашай дзяржавы і мясцовай улады забяспечыць кожнаму грамадзяніну нашай краіны годнае і бяспечнае існаванне спараджае сацыяльнае ўтры­манства.

– А нашто мне працаваць? – выскаляўся неяк адзін такі яшчэ не прадаўжальнік, але ўжо пачынальнік «дынастыі» лайдакоў – прычым свядомы, «ідэйны», якога ў адпаведнасці з вядомым «дэкрэтам аб дармаедах» спрабавалі прымусіць працаваць. – Я што, пайду гарбаціцца за сто долараў? Яшчэ чаго! Ад работы коні дохнуць… Мне і так добра. Пакуль матка корміць. Не стане яе – дзяржава паклапоціцца, з голаду памерці не дасць. Не турбуйцеся, пенсію налічаць, можа, нават большую, чым тым, хто рабіў, як вол! Вунь мая матка за ўсё жыццё ні разу ў адпачынку не была – а што яна сёння мае? Вось яна за мяне і адпрацавала за свой век – а я за яе адпачну, гы-гы-гы…

І самае крыўднае, што ў цынічных словы гэтага гіцаля ёсць толіка праўды. І немалая…
Не, я не ведаю адказу на пытанне: што трэба зрабіць, каб знішчыць ці хоць бы не памнажаць сацыяльнае ўтрыманства – і каб пры гэтым усе людзі мелі магчымасць годна жыць. Мне толькі здаецца, што дзяржава, як і бацькі, павінны клапаціцца найперш пра нямоглых, дзяцей, інвалідаў, састарэлых. А дарослыя і здаровыя самі павінны думаць, што пад’есці, чым заплаціць за камунальныя паслугі – і, галоўнае, дзе і як працаваць, каб забяспечыць свае патрэбы. Бо калі мы і надалей будзем няньчыцца з такімі вось гіцалямі, то дынастыі алкаголікаў і лайдакоў будуць толькі множыцца.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Юрый Горыд