Памяць прывяла...

17:00 / 02.11.2017
На старых могілках нікога няма.

Ветрык ледзь дыхае. Ад яго подыху пакалыхваюцца мятлічкі высокіх травінак. Уся прастора, парослая старымі лапушыстымі клёнамі і кустамі дзікай калючай ружы ды язміну, пасаджанымі калісьці рукамі сваякоў пахаваных тут людзей, драмала.

549223.jpg


Надмогільныя грудкі ўжо зраўняліся з зямлёю. Толькі сям-там выступаюць камяні-помнікі з пакрыўленымі, вывіхнутымі ці зламанымі крыжамі. Чыгунныя таблічкі, дзе-нідзе захаваныя, параслі мохам. Пыл гадоў сто разоў асядаў на гэтыя пліты. Колькі дажджоў пралілося на гэтую святую зямлю!

Каб прачытаць надпіс на таблічцы, трэба ачысціць яе ад бруду – і тады адлітыя з металу літары ажываюць. І некаторыя таблічкі ачышчаны. Падумалася: мусіць, нехта шукае сваіх далёкіх продкаў?

graveyard-banner-1024x685.jpg

І праўда: здалёку данеслася: «Касю, ідзь ту. Я зналязлэм». Нясмела іду на голас: не аказацца б нежаданай госцяй для жанчыны і дзяўчынкі гадоў дзесяці. Але чужаземка, шукаючы вачыма Касю, заўважыла мяне і паклікала.
Зямлісты мох з таблічкі, якая трымалася на камені, напалову ўрослым у зямлю, ачышчаны. Надпіс сведчыць «Karol Lojka. z. 74 L…».

– Тут ляжаць мае прапрадзед і прапрабабка. Мы шукалі іх магілы некалькі дзён. Хочам увекавечыць іх памяць, каб засталася надалей… Брат паехаў заказваць помнік. Вырашылі, што, калі не знойдзем камень на магіле сваіх родзічаў, паставім помнік на гэтых старых могілках, – растлумачыла на польскай мове жанчына гадоў пяцідзесяці. Ды вось пашанцавала: знайшлі!

Яна расказала, што ў час вайны іх вёску Пруды, як і іншыя ў наваколлі, немцы спалілі, людзей вывезлі ў Германію. Цяпер сям’я жыве ў Бразіліі.

– Там я нарадзілася. Там пахаваны мае бацькі і бабуля. А тут магілкі нашых родзічаў. І дзеда ў вайну тут пахавалі. Мы з мамай прыязджалі сюды яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя. А зараз вось я ўнучку прывезла – каб ведала, – падзялілася жанчына.
Падумалася: як жа людзі шануюць свой род! З далёкага замежжа, з-за акіяну прыехалі – адшукалі, ушанавалі…

А ў нас – ці на кожнай магілцы ў дзень Усіх Святых загараецца свечка ўдзячнай памяці?


Яна ГАЛІНА, г. Астравец.


Текст: Главный администратор