Что лучше: купить или вырастить?

16:31 / 16.10.2017

Скажыце, вы хадзілі ў мінулую суботу на кірмаш? Праўда, хораша было? І хлеба хапіла, і відовішчаў. Ну, мо і не так цікава прайшла абарона панадворкаў, як некалі, калі ля калгасных (назавём нашы КСУПы больш звыклым усім словам) цэлыя імправізаваныя спектаклі ладзіліся – але, тым не менш, кожны жадаючы і страўнік, і душу змог пацешыць…

кошык.JPG



І з пустымі рукамі, здаецца, ніхто з кірмашу не пайшоў: вярталіся хто з бульбай, хто – з капустай, яблыкамі, морквай, буракамі, хто – з тушонкай ці мясам, кветкамі ці саджанцамі… Зрэшты, дзеля таго ж і ідуць на кірмаш – каб купіць, чаго не стае. У каго “ўсё сваё”, у агародзе ці хлеўчуку вырашчанае, той, напэўна, і не пайшоў у гэты дзень у лесапарк, на канапе паляжаў ці, хутчэй за ўсё, знайшоў працу ля хаты. Ці завітаў сюды выключна за песнямі і добрым настроем. Ну, як у той песні – “чаму ж мне не пець, чаму ж не дудзець, калі ў маёй хатачцы парадак ідзець?”
Вось пра гэта самае: ці варта вясну, лета і восень “гарбаціцца”, каб мець на стале, у склепе, у халадзільніку “сваё” – і хочацца сёння паразважаць.

Многія помняць, як у “ліхія 90-ыя”, не кажучы ўжо пра даўнешыя часы, літаральна кожны лапік урадлівай зямлі быў заняты, а за суседскія межы ці “нічыйную” палянку з сакавітай травой нежартоўныя сваркі паміж суседзямі ўспыхвалі. І тлумачылася гэтая прага зямлі не нейкай асаблівай любоўю да сельскай працы: голыя паліцы магазінаў і цэны, якія раслі не па днях, а па гадзінах – у літаральным сэнсе слова! – прымушалі кожнага вырашаць сваю асабістую “харчовую праграму” і думаць, чым і як накарміць сям’ю.

А зараз жа ўсё можна купіць, на любы смак і кашалёк: хочаш – ліверную каўбасу, хочаш – доктарскую, хочаш – сыравяленую ці “пальцам пханую”. Агуркі, памідоры, яблыкі, грушы – усё можна набыць круглы год, свежае і прыгожае. І не трэба стаяць днямі на кухні, стругаючы да закатваючы салаты-марынады.

Зручна? Так! Добра? Ну канешне ж! Дарагавата, кажаце? Ну дык лепш папрацаваць, зарабіць – і купіць, што хочаш, а ў вольны час у вандроўку нейкую выбрацца, з сябрамі сустрэцца ці проста адпачыць – гэта больш выгадна і карысна, чым на градках спіну гнуць, варожачы: засушыць ці залье, трапіць пад замаразкі ці “пад туман”, уродзіць ці не, сам збярэш ці сусед-алкаголік “дапаможа”?
Так сёння разважаюць многія, асабліва маладыя, якія з калькулятарам у руках даказваюць нявыгаднасць падсобнай гаспадаркі. Спрачацца з імі цяжка: ёсць у “жалезабетонных” аргументах рацыя.

Дык чаму ж тады нам так хочацца свайго, хатняга? Чаму на самых шыкоўных застоллях спачатку знікаюць з талерак скрылёчкі ружовага, з праслоечкай, сала, кумпячок з перламутравым адлівам на разрэзе, квашаная капуста і “бачкавы” агурок – а ўжо потым прысмакі з супермаркетаў? Чаму нарасхват малако і тварог ад “свойскай” каровы ці козачкі, чаму бульбу хочацца купіць хай сабе і не самую вялікую, але “людскую”, чаму ў агурка ці памідора, што вырас на сваёй градзе, і смак іншы, і водар? Чаму, нягледзячы на тое, што сёння ўсё можна купіць, рупяцца на сваіх ці бацькавых агародах, на сотках ды ў хлеўчуках не толькі вяскоўцы, але і многія гараджане? Дурні яны, ці што, адпачыць не хочуць?

Нехта з іх у адказ на гэтае правакацыйнае пытанне таксама возьме ў рукі калькулятар і падлічыць, колькі сямейны бюджэт эканоміць ці нават зарабляе на гэтых амаль што незаўважных кропу ды пятрушцы, аблыках-ападках ды агурках з кабачкамі. Можа, у іх калькулятары нейкія іншыя, чым у тых, хто даказвае нявыгаднасць гэтай справы – але і іх аргументы таксама выглядаюць пераканаўчымі!

А калі ўзгадаць, колькі хімічных апрацовак і падкормак “мінералкай” атрымалі вырашчаныя на інтэнсіўных тэхналогіях бульба і цыбуля, праз колькі трубаў, фляг і цыстэрнаў прайшло малако, з якога зрабілі “магазінны” тварог ці смятану, калі разаб’еш на патэльню яечка ад хатняй і “камбінатаўскай” курыцы, якія адрозніваюцца нават колерам, не кажучы ўжо ні пра што іншае – то выгада цяжкай працы дзеля таго, каб на стале была ўласная прадукцыя, становіцца больш яскравай.

У Еўропе зноў вяртаюцца да дзедаўскіх метадаў вырошчвання прадуктаў харчавання на чыстай арганіцы, без усялякіх хімічных дабавак – але каштуе такая экалагічна чыстая прадукцыя, пазначаная на паліцах магазінаў спецыяльнымі значкамі, дорага – нашмат даражэй, чым вырашчаная па прамысловых інтэнсіўных тэхналогіях, і зразумела, што даступная яна далёка не кожнаму.

У нас жа пакуль наадварот: не самыя багатыя, але працавітыя людзі хутчэй з эканоміі, чым ад свядомага выбару сходзяць на кірмаш за відовішчамі – а, вярнуўшыся, звараць рассыпчастай бульбы, накладуць поўную місу хрумсткай капуты, калі ёсць магчымасць, то адрэжуць скрылік сала ці нальюць кубак сырадою – і смачна, а галоўнае – карысна павячэраюць. Ну амаль што як еўрапейскія мільянеры!

Толькі жадаючых “гарбаціцца” на агародах і ў хлявах становіцца ўсё менш, і тых, хто жыве па прынцыпу “хоць не ўедна, затое ўлежна”, – усё больш.

Што ж, кожны выбірае па сабе. І дзякуй працаўнікам, якія на восеньскім кірмашы і не толькі дапамагаюць нам набыць тое, што мы не змаглі ці не схацелі вырасціць самі. Кажаце, не вельмі смачнае, у мамы ці бабулі было лепшае? Дык паспрабуйце вырасціць сваё – можа, будзе смачней… Ну ці працуйце і зарабляйце столькі, каб, набываючы прадукты, глядзець не на цэннік, а на якасць…

Прадбачу, што мае разважанні і высновы некаму пададуцца спрэчнымі. Ну што ж, давайце паспрачаемся – чакаю вашых водгукаў у каментарыях на сайце!





Текст: Нина Рыбик