Поколение игрек – не такие, как мы

16:17 / 18.07.2019
У мяне ёсць знаёмыя з катэгорыі «сябры маіх дзяцей – мае сябры». Прыгожыя і разумныя маладыя людзі, закаханыя адзін у аднаго. Ведалі адзін аднаго са студэнцкай лаўкі, але пажаніліся досыць позна нават па сучасных мерках – пасля трыццаці. Жылі і працавалі ў Беларусі, Чэхіі, у Маскве, зараз перабраліся некуды ў расійскую глыбінку. У іх сямейная фірма, якая дазваляе зарабляць грошы ў любой кропцы свету, дзе ёсць інтэрнэт, трое дзяцей і прага да падарожжаў. Яны ўжо аб’ехалі паўсвету – і за тыя гады, што засталіся ім да старасці, плануюць аб’ехаць астатнюю палову. У маім разуменні Сяргей і Ліда, якія выраслі ў беларускай правінцыі, – тыповыя прадстаўнікі таго самага пакалення ігрэк, пра якое апошнім часам так шмат гавораць.

Пакаленне Y, дзеці міленіума, міленіялы – так называюць маладых людзей, якія нарадзіліся ў перыяд з 1980 па 2000 год. Старэйшыя з іх ужо дарослыя, даўно размянялі «трыццатнік», малодшыя нядаўна закончылі школу. А асноўныя прадстаўнікі пакалення – тая самая моладзь, якая заўсёды была непадобнай на пакаленне сваіх бацькоў. 

У чым жа асаблівасць міленія­лаў?

Найперш у тым, што практычна ўсе яны непарыўна звязаны з новымі лічбавымі тэхналогіямі: прадстаўнікі пакалення Y могуць выйсці з дому без пашпарта, кашалька, нават без штаноў – толькі не без смартфона! І га­джэт у іх руках – гэта не толькі і не столькі мабільны тэлефон ці любімая «цацка». Для іх гэта рабочы інструмент, невычэрпная крыніца інфармацыі, запісная кніжка, тэлефон, фотаапарат, відэакамера, кашалёк – словам, усё, увесь свет, які змяшчаецца ў кішэні! 

Старэйшае пакаленне можа колькі заўгодна крытыкаваць гэткую «смартфоназалежнасць», насміхацца з маладых, што яны жывуць у віртуальным свеце і не ўмеюць нармальна размаўляць і глядзець адзін аднаму ў вочы, – ад гэтага нічога не зменіцца. Гэта як надвор’е: можна на яго скардзіцца хоць круглыя суткі – яно будзе такім, як ёсць. Так і прывязанасць пакалення Y да гаджэтаў: яе трэба зразумець – і прыняць. Пажадана, калі не стаць упоравень, то хоць бы ісці ў тым жа накірунку. Можна, канешне, і не прымаць – але ў гэтым выпадку існуе рызыка апынуцца са сваімі дзецьмі ці ўнукамі на розных полюсах.

Яшчэ адна асаблівасць гэтага пакалення – іх нежаданне «замарочвацца», абцяжарваць сябе дадатковымі клопатамі і турботамі. Яны не спяшаюцца ствараць сем’і, бо гэта адказнасць і трывалы якар,  а міле­нія­лы прагнуць «вольнага палёту». 

Пакаленне Y не спяшаецца абза­водзіцца нерухомасцю і, адпаведна, не прывязваецца да месца працы: адзіны за ўсё жыццё запіс у працоўнай кніжцы – гэта не пра іх. Навошта браць крэдыт, які трэба выплачваць усё жыццё, каб купіць кватэру ці пабудаваць дом у горадзе, дзе, магчыма, заўтра не зможаш знайсці работу, якая адпавядае тваім запатрабаванням? Прасцей арэндаваць жыллё, а калі ўмовы працы, зарплата ці патрабаванні кіраўніцтва перастануць задавальняць –  паехаць туды, дзе знойдзецца новая работа і новае жыллё.  У сённяшнім мабільным свеце месца жыхарства даўно перастала быць вызначальным фактарам пры працаўладкаванні.

Пакаленне Y увогуле не схіль­нае назапашваць матэрыяльныя каштоўнасці, адкладваць на ўсялякі выпадак! Яны жывуць сённяшнім днём. Зарабілі – патрацілі: на падарожжы, моднае адзенне, сучасныя гаджэты, смачную ежу, забавы. А часам патрацілі і не зарабіўшы: шырока распаўсюджаная сістэма хуткіх крэдытаў дазваляе атрымаць тое, што хочацца, тут і зараз.

А што будзе заўтра? Міленіялы падумаюць пра гэта заўтра. Ці ўвогуле не падумаюць, бо значная частка з іх да старасці застаецца інфантыльнымі дзецьмі, за якіх усе праблемы вырашаюць бацькі.

У многіх заходніх краінах ужо б’юць трывогу: пакаленне Y, якое сёння – тут, а заўтра – там, якое нішто нідзе не трымае, у якога ўсё часовае, – вельмі ненадзейная будучыня для любой дзяржавы. На такіх членаў грамадства нельга спадзявацца, разлічваць як на працоўны рэсурс, плацельшчыкаў падаткаў, электарат. А на што ж і на каго тады спадзявацца? Будучыня наступае нават не заўтра – сёння. 

…Вядома ж, не ўсе, хто нарадзіўся на мяжы стагоддзяў, адпавядаюць абагуленай характарыстыцы пакалення Y – кожны чалавек індывідуальны і непаўторны. Але пры тым кожны, хоча ён таго ці не, нясе ў сабе рысы свайго пакалення. І, думаю, чытаючы гэтыя нататкі, большасць прыгадала не аднаго міленіяла.

Я не раблю высноў – добра яны жывуць ці дрэнна, правільна ці не – не мая гэта функцыя і мэта. Проста я разумею – і хачу, каб зразумелі іншыя: пакаленне  Y існуе – і з гэтым трэба лічыцца. 

І памятаць, што за пакаленнем Y прыйдзе іншае, якому таксама дадуць нейкую наз­ву. Якое будзе гэтак жа непадобна да сваіх бацькоў-міленіялаў, як тыя – да нас.  І якое таксама будзе, свядома ці не, змяняць гэты свет – усе разам і кожны паасобку.

Хочацца спадзявацца, што да лепшага…

Текст: Нина Рыбик