Виктория Томашевич надеется, что ее молодость никогда не закончится

16:14 / 30.06.2019
Маладыя гады – гэта не толькі вялікія мары і перспектывы, але і магчымасці – лічыць урач прыёмнага аддзялення Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Вікторыя Тамашэвіч.

IMG_5692.jpg

На размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Вікторыя папрасілася ў Астравецкі раён – па-першае, нарадзілася ў суседніх Ашмянах, па-другое, яе, як і многіх іншых маладых спецыялістаў, вабілі перспектывы маладога горада.
– Працую ў цікавай і нават экст­рэмальнай тэрапеўтычнай службе, – расказвае дзяўчына. – Мая работа дзяжурнага ўрача звязана не з планавым прыёмам пацыентаў, а з экстраннай дапамогай. Гэта патрабуе ўмення хутка і правільна прымаць рашэнні. А дзейнічаць у рэжыме «тут і зараз» вельмі адказна.
Прафесію Вікторыя выбрала ў школе, калі супаставіла свае магчы­масці, улюбёнасць у біялогію і хімію, «прыправіла» іх прыемнымі – не ў многіх яны такія! – дзіцячымі ўспамінамі пра людзей у белых халатах.
На пытанне, маладосць дапамагае ў рабоце або ўскладняе яе, Вікторыя адказвае:
– Мне дапамагае. Маючы ў арсенале запас тэорыі, ты хочаш рэалізаваць яе на практыцы. А для гэтага трэба быць смелым, таму што ад тваіх рашэнняў залежыць жыццё чалавека. Маладосць –  гэта фантан,  які дае ўпэўненасць і падштурхоўвае рухацца ўперад, набірацца вопыту. І гэтай невычэрпнай энергіяй, пакуль яна існуе, трэба абавязкова карыстацца – і на рабоце, і ў вольны ад яе час.
Праявіць творчыя здольнасці, на­пра­віць бурлівую энергію маладосці ў патрэбнае рэчышча Вікторыі Та­ма­шэвіч дапамагае вялікі  актыўны калектыў бальніцы. 
– Удзельнічаць у акцыях, турзлётах, спартыўных мерапрыемствах, КВЗ, танцаваць, спяваць – бясконцы паток прапаноў не дае расслабіцца і засумаваць. І гэта, безумоўна, добра, – лічыць малады спецыяліст Тамашэвіч. – Асабліва калі ёсць жаданне гэтым займацца.
Планаў на далёкую перспектыву дзяўчына не будуе – лічыць, што жыць трэба сённяшнім днём, каб паступова, крок за крокам, здзяйсняць маленькія мары, якія і прывядуць да жаданых далёкіх.
А яшчэ Вікторыя Тамашэвіч ўпэўнена, што маладосць не мае тэрміну і залежыць ад таго, наколькі чалавек адчувае сябе маладым, і верыць, што ў яе жыцці гэты фантан бадзёрасці, энергіі, жадання быць у цэнтры падзей ніколі не перасохне. 

Текст:
Фото: Ольга Хотянович