Родом из СССР: Студенческая практика – школа жизни

11:00 / 17.07.2018
Я вучылася на прырода­знаўчым факультэце Мінскага педінстытута ў 1982-1987 гг. Для мяне гэта былі самыя цікавыя, вясёлыя і бесклапотныя гады.

Летнюю сесію мы здавалі ў маі, а потым на шэсць тыдняў адпраўляліся на палявую практыку. Самай запамінальнай стала практыка на рацэ Сож – выкладчыкі называлі нас «сожжители».

Палявыя работы.jpg

палявыя работы

У палатачным гарадку жыло каля 70 чалавек, падзеленых на брыгады. У нас быў строгі рэжым: пад’ём, зарадка, снеданне, лінейка, палявыя работы, абед, ціхі (мы яго называлі «дохлы») час, камеральная работа, вячэра, лінейка, вольны час, «клуб» – і адбой.

За парушэнне рэжыму пагражала пакаранне. Напрыклад, трэба было замест дзяжурных вымыць усе эмаліраваныя вёдры «да кветачак» – уявіце сабе, як пасля вогнішча ададраць да бляску пасудзіну. Складаная гэта справа (на сваім вопыце пераканалася), бо мыць даводзілася гаспадарчым мылам і пясочкам – пра існаванне «Фэйры» мы тады нават не падазравалі.

Гатуем абед.jpg

гатуем абед

У першай палове дня мы з выкладчыкам адпраўляліся на пэўны ўчастак, складалі та­па­графічны план, вывучалі мі­­не­ралагічны склад парод, вызна­чалі формы рэльефу, збі­ралі гербарыі, назіралі, сістэ­матызавалі…
Пасля абеду кіпела камеральная работа: апрацоўвалі сабраны матэрыял, афармлялі справаздачу – пасля кожнага прадмета трэба было здаць залік. 

А па вечарах мы збіраліся ў «клубе» – на «касцёр». Тут была свая рамантыка:  расказвалі, што цікавага, а галоўнае,  смешнага адбылося за дзень, спявалі, чыталі вершы, «травілі» анекдоты…  Некаторыя вечары былі тэматычнымі – любая з брыгад магла за паўгадзіны скласці сцэнарый, адрэпетыраваць і паказаць свае мастацкія здольнасці.
У нядзелю мы адпачывалі: праводзілі Дзень Нептуна, дні мужчынскага і жаночага футболу, конкурсы інсцэніраваных песень, рыбакоў. 

Свята Нептуна.jpg

Дзень Нептуна

Ежу гатавалі на вогнішчы. Накарміць такую араву было справай няпростай. На абед, напрыклад, варылі тры вяд­ры супу, тры – кашы і столькі ж чаю. Дзяжурная брыгада ўставала раней за астатніх, каб прыгатаваць сняданак. Загадзя складалася меню на дзень – яго трэба было не проста напісаць, а арыгінальна аформіць і даць цікавую назву кожнай страве. Памятаю, як аднойчы  прагучала каманда «Пад’ём!» – бяжым на зарадку міма «кухні» і на хаду чытаем меню, а там на аркушы вялікімі літарамі: 

«Разгрузочный день.
Завтрак – чай!
Обед – чаёк!!
Ужин – чаище!!!».

А за пустым сталом сядзіць дзяжурная брыгада, вогнішча не гарыць – адным словам, ніякіх «намёкаў» на ежу. Студэнты абураюцца, выкладчыкі нічога не могуць растлумачыць… Высветлілася, што дзяжурныя вырашылі пажартаваць: усталі нашмат раней, згатавалі ежу і схавалі яе ў кустах. Смяяліся доўга.

Абед.jpg

абед

Ніводнага дня не абы­хо­дзілася без «прыколаў». Такія сяброўскія вясёлыя адносіны ў нашай вялікай каманды склаліся дзякуючы нашым выкладчыкам: прафесару Барысу Мікалаевічу Гурскаму, дацэнту Марлену Рыгоравічу Каўхута і Наталлі Міхайлаўне Вагнер. Яны сваім прыкладам вучылі нас строгасці і дабрыні, сяброўству і ўзаемадапамозе, уменню выказаць свае думкі і пачуць іншага, давалі майстар-класы добрага гумару і жартаў. Вялікі ім дзякуй за ўсё!

Поход.jpg

паход


На рыбалцы.jpg

на рыбалцы

Алена КАСЦЮК, фота аўтара, аг. Малі.


Текст: Главный администратор