Нататкі вясковай настаўніцы

11:28 / 19.09.2018
Гэтыя кароткія нататкі – сумныя, смешныя, філасофскія, але такія праўдзівыя – прынесла ў рэдакцыю вясковая настаўніца, якая не схацела, каб называлі яе імя. 

   – Вясковыя дзеці – асаб­лівыя, – з цёплай усмешкай расказала яна. – Яны шчырыя, непасрэдныя, з прыроднай мужыцкай кемлівасцю і хітрынкай. І жыццё ў іх, гэтаксама, як і ў вясковых настаўнікаў, асаблівае… Магчыма, вас зацікавіць. 
    Нас зацікавіла! Можа, нехта з вясковых настаўнікаў захоча прадоўжыць гэтыя нататкі, расказаць нешта з падгледжанага-падслуханага на ўроках ці перапынках? Чакаем вашых допісаў.

s1200.jpg


 Настаўніца купіць!

Так званыя «СОПаўскія» сем’і, прызнаныя сацыяльна небяс­печнымі, дзе бацькі зло­ўжы­ваюць спіртным, не займаюцца выхаваннем дзяцей, – сапраўдны біч для школы. За дзяцей з тых сямей поўнасцю адказваюць настаўнікі – а гора-бацькі яшчэ і «правы качаюць», калі што якое.

 Адна з такіх матуль сустрэла ў краме настаўніцу сваёй дачкі. І, падбадзёраная прапушчаным перад тым кілішкам-другім, стала выказваць прэтэнзіі:
– Як вы там нашых дзяцей вучыце? Мая Віялета аніяк не хоча ў школу ісці! Чаму? Можа, яе там крыўдзяць? Ці на ўроках нецікава? 
– Я магу растлумачыць, чаму, – сумна ўздыхае настаўніца. – Таму, што вы яе да школы зусім не падрыхтавалі. У вашай дачкі няма ні фламастараў, ні каляровых алоўкаў, ні пластыліну, ні прыгожага ранца, як у іншых дзяцей, – вось яна і не хоча ісці ў школу, саромеецца.
– Як гэта не падрыхтавала? – абураецца матуля. – Я ж ёй просты аловак купіла, нават два!
Пакупнікі, што былі ў краме, рассмяяліся. 
Калі настаўніца выйшла з мага­зіна, падпітая маці злосна буркнула:
– Настаўніца зарплату атрым­лівае, і не такую, як я, – вось хай і купляе тыя фламастары, калі ёй трэба! А мне дайце паўта­рач­ку піва! – звяртаецца да пра­даўшчыцы.

 Чужая цёця

Настаўніца першакласнікаў кожны дзень нясе на ўрок жменю цукерак – каб заахвоціць дзяцей, выдае тым, хто асабліва вызначыўся, «прэмію».

Аднойчы і Лёшка, хлопчык з сацыяльна небяспечнай сям’і, які ніколі не прыносіць з хаты ніякіх прысмакаў, атрымаў тую «прэмію». Ідзе па калідоры шчас­лівы, на хаду цукерку разгортвае. Насустрач – дырэктар.
– Адкуль у цябе цукерка? – пытае строга.
– Цёця дала… – спалохана адказвае хлопчык.
– Якая цёця?
– Ну, тая што ў нас па класу ходзіць і ўвесь час нешта гаворыць.


Запісала Тамара РАБІНКІНА.


Текст: Главный администратор