Калядныя ўспаміны. Свята з пахам сена і хвоі

09:08 / 07.01.2018
Самыя радасныя, светлыя ўспаміны дзяцінства  звязаны з вялікімі хрысціянскімі святамі – Ражаством Хрыстовым і Пасхай Гасподняй. Усё незабыўнае:  чаканне падзеі, клопаты з нагоды, традыцыі…

Ах, якія тады, у 60-я гады мінулага стагоддзя, былі зімы!  Снежныя! Ад варотцаў да ганку хадзілі, бы па тунелю, вярхушкі штыкетніку ледзь віднеліся з высачэзных гурбаў. Дзятва выкопвала ў сумётах звілістыя хады і гуляла ў вайну, хованкі… 
Праўда, напярэдадні Каляд дзяўчаткі часцей сядзелі па хатах – памагалі  рыхтавацца да свята. У гэтым быў асаблівы, сялянскі падтэкст: пад наглядам матуль ды бабуль   яны вучыліся быць гаспадынямі…
* * * 
Ёлку ў нас дома ставілі перад Ражаством. Напярэдадні тата прыносіў з лесу невялічкую, пушыстую прыгажуню. Яна  абсыхала ў сенцах, потым яе замацоўвалі ў  спецыяльнай крыжавінцы  на табурэтцы перад акном. І па хаце разносіўся церпкі пах хваіны. У суседзяў, настаўніцкай сям’і, ёлка зіхацела бліскучымі цацкамі ўжо перад Новым годам, мне моцна хацелася такую і ў такі ж час – але тата  даводзіў, што рана, бо да Ражаства з дрэўца пачне ападаць ігліца, а да старога Новага года асыплецца зусім… Падарунак ад Дзеда Мароза, атрыманы ў школе, дома  «рэвізаваўся»: адбіраліся цукеркі ў самых прыгожых, бліскучых абгортках, пячэнінкі, якія потым нанізваліся на ніткі і вешаліся на ёлку.  Цацкі ўсе самаробныя – папяровыя ланцужкі, ліхтарыкі, сняжынкі… Яшчэ былі нейкія цікавосткі з саломкі, але назвы іх не памятаю. Калі пачала хадзіць у школу і ў доме з’явіліся сшыткі з жоўтымі, зялёнымі, блакітнымі, ружовымі вокладкамі – цацкі на ёлцы таксама сталі каляровымі. У справу ішлі і квяцістыя ніткі, што заставаліся пасля ткання дываноў.

kak-ukrasit-elku-originalno-idei-dlya-novogodnej-krasavicy-8.jpg

Ах, як цяжка было выцерпець, не сарваць цішком цукерачку з галінкі… Часам зрывала, канечне, а ў фанцік загортвала складзеную ў некалькі столак паперку. Штукарства не заставалася незаўважаным - і ласай да смакаты дачушцы даводзілася моцна чырванець.
* * * 
У Сачэўнік, па-вясковаму – на Куццю, мама з ранку завіхалася на кухні. У печы ўжо булькатала ў чыгунку  кіслая капуста з грыбамі, у другім варылася пярловая каша – будучая куцця, яшчэ ў адным – узвар з сушаных яблыкаў або ягадны кісель… А потым печ рыхтавалася прыняць у сваё чэрава патэльню з ламанцамі. Гэта  тонка раскатаныя качалкай, як на дамашнія локшыны, тонкія бліны з поснага цеста. Пасля таго, як спякуцца, іх яшчэ падсушвалі на паперы на печы. Перад святочнай вячэрай  іх ламалі на кавалачкі і залівалі ў місцы падсалоджаным макавым малаком, як і куццю. Гэта былі дзве асноўныя святочныя стравы. Цяпер мы, гаспадыні, не «замарочваемся» выпечкай, а ламаем купленыя ў магазіне маленькія абараначкі. 

Спаконвеку лічылася, што страў на стале ў Сачэўнік павінна быць 12. Абавязкова  крышыўся яшчэ вінегрэт, запраўляўся алеем селядзец з цыбуляй, ставіліся салёныя грыбочкі, гурочкі, смажаная рыба…Ой, ды не памятаю, што яшчэ…

Татавым клопатам была покуць: ён адцягваў вялікі драўляны стол, ставіў паміж ім і сцяной лаву, клаў на яе абярэмак духмянага сена. Гэтае сена тата адбіраў яшчэ летам, адклаў на гарышчы у куточак, каб у належную пару пакласці пад абрус на калядны стол і на покуць. Як цудоўна яно пахла ў гэты зімні сцюдзёны – летам, сенажаццю, сонцам!  Чыгунок з куццёй, пасля таго, як з яго ўзялі трошкі для запраўкі макавым малачком, ставілі ў сена пад абразы і накрывалі святочным рушніком. 

1013614823.jpg

Неяк я спытала: навошта сена на стол кладзецца? Тады ўпершыню мама расказала мне пра Немаўлятка Ісуса Хрыста, які нарадзіўся ў хляве і, спавіты, быў пакладзены ў авечыя яслі-кармушку – ад таго і пайшла традыцыя.

Калядныя вечары мне ўзгадваюцца марозныя, ясныя. Безліч зорак на небе, месяц зіхаціць... А ў хаце ярка  гарыць лямпа – шкло выцертае чыста-начыста, запраўлены новы кнот. Светла-светла! Тата чытае ўслых «Ойча наш», мы з мамай прамаўляем малітву аднымі вуснамі.  

Сямейка наша невялічкая – тата, мама ды я. Але на куццю заўсёды стараліся запрасіць адзінокую суседку Барысіху – калі хто  іншы раней яе не клікаў. Была яна ўдавой, мужа Барыса разам з некалькімі вяскоўцамі расстралялі немцы напрыканцы вайны. Цётка не тутэйшая,  не вельмі здольная да сялянскай працы. Затое цудоўна вязала пруткамі і шыдэлкам, вышывала і нават крыху шыла – блюзку якую або спадніцу. Я памятаю толькі яе самую, дарослыя дочкі павыязджалі па вярбоўках. Пазней адна з іх падкінула маці малога сыночка. Так у мяне з’явіўся сябар па гульнях – Толік, на  пару гадоў маладзейшы, ціхмяны хлапчук.  Зразумела, для сябе адной Барысіха святочнай вячэры не ладзіла, па гасцях хадзіць саромелася. Але ж як можна  на  Каляду адной заставацца? А ў нас цётцы было прытульна.

weihnachten10.jpg

Пасля вячэры  стол не прыбі­раўся – лічылася, што ўначы прый­дуць святкаваць душы памерлых родзічаў… Мы з мамай і госцяй уладкоўваліся ля печкі, прыціскаліся спінамі да цёплага яе боку. Тата ставіў на шырокую, уласнаручна змайстраваную табурэтку торбачку з ляснымі арэхамі, клаў зручны лёгкі малаток. І – хрась ды хрась арэшак,   уецца  стужкай ланцужок успамінаў… 

А назаўтра хата ўжо поўнілася гасцямі – прыязджалі татавы браты з сем’ямі. 
* * * 
Наша вёска Забагонне ў Зэль­венскім раёне стаяла воддаль ад  Божых храмаў. Адна царква, парафіяльная, знаходзілася   за  12 кіламетраў – у Ваўкавыскім раёне, другая – за 11, у  райцэнтры, ды плюс тры кіламетры да шашы. Калі набіралася  багамольцаў, з вечара пасылалі ганца да калгаснага брыгадзіра, каб даў падводу. Выдзяляў  пад вялікім сакрэтам: у той час за такія рэчы па галоўцы не пагладзілі б. Ехалі ў парафіяльную царкву. Пакідалі сані  на ўездзе – у гаспадароў першай жа хаты, у храм ішлі пешшу. Ведаю гэта больш з аповедаў родных. Мяне, сямігадовую, у Зальвянскі храм завезла мама ўжо перад  самай школай – да першай споведзі і прычасця.  І строга загадала нікому нічога не расказваць. 

119407022_00.jpg

Кепска жыць далёка ад храма. Хоць і молішся ў хаце, а не напаўняецца душа, не ўзвы­шаецца…

Вось і ў згадках маіх пра святкаванне Ражаства Хрыстовага больш народных традыцый, вясковага ўкладу жыцця, чым духоўнасці і веры. На ўсё дзяцінства, юнацтва, маладосць расцягнулася мая адарванасць ад Бога. Прыкра.  Паспець бы дайсці да Яго... Прыняўшы ў сэрца  Божае Немаўлятка, узрадавацца,  Збавіцелю, прайсці з Ім па сцежках Яго  ўзрастання, сталення, з горкімі слязьмі праводзіць на Галгофу. А ў кожнага з нас – свая Галгофа, свой цяжкі крыж… Данесці б!  І дачакацца найвялікшага Свята – Светлага Хрыстовага Уваскрэсення.

А сёння – Хрыстос Нараджаецца! Славім Яго!



Текст: