Вершы Станіслава Курылы

12:35 / 17.10.2017

Бульбакапанне

Бульбакапання часам гожым
Зноў стукаюцца да мяне
Ўспаміны, быццам бульба ў кошык
На разаранай баразне.

Яшчэ бульбашык невялікі –
І я з дарослымі стаю
На пульхнай глебе і без ліку
Паклоны бульбе аддаю.

І мне таксама глянуць люба,
І я не менш за ўсіх тут рад,
Што ўрадзіла добра бульба –
Мяшкі пасталі хутка ў рад.

Хоць ные цела ўсё пад вечар
Ды сам стараюся не ныць,
І вельмі шчасліў чалавечак
Перад вячэрай рукі мыць.

І, бульбе дзякуючы, мара
Збылася – усім сабрацца нам.
Над бульбаю дыміцца пара,
Нібы над ворывам туман.

– У гэтым годзе дзякуй Богу –
Размову мама завяла, –
А летась бульбачка, як боб той,
На гліне мылкаю была.

А зараз сыпкая на дзіва,
Як пірагі, наш хлеб другі!..
Бульбакапання час. Дзяцінства.
Ўспаміны б'юцца ў берагі.


Захапленне

Ты і раней была – не наглядзецца,
Ды і цяпер – вачэй не адарваць.
І куды гады змаглі падзецца,
Каб сябе прывабнай захаваць?
І як яны цябе не зачапілі?
Абмінулі, пэўна, лёс з бядой,
Прыгажосцю вечнай адарылі –
Каб была заўсёды маладой.
Як табе пашчасціла з’явіцца
З Божым дарам 
дзіўнай прыгажосці?
З іншымі ці зможаш падзяліцца
Тым сакрэтам вечнай маладосці?
Ашчаслівіў лёс з табой сустрэцца,
Захаплення сіл няма хаваць:
Ты й раней была – не наглядзецца,
І цяпер вачэй – не адарваць.

Текст: Главный администратор