Гордость Островецкого района: поезд жизни Валентины Комар

10:04 / 22.04.2017

333.jpgНяма нічога больш устойлівага, чым часовае, і прамежкавы, на першы погляд, эпізод становіцца неўзабаве галоўнай стужкай жыцця – гэтая аксіёма неаднаразова апраўдвала сябе. Упэўнілася ў гэтым на сваім вопыце і галоўны бухгалтар аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Леанардаўна Комар, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару.

Чаму выбрала эканамічны шлях прафесійнага жыцця, жанчына не разумее да гэтага часу. “Збег абставінаў, супадзенне ці ўсё ж наканаванне?” – на пытанне, якое і сама сабе задавала неаднойчы Валянціна Леанардаўна не можа адказаць адназначна і цяпер, толькі з усмешкай паціскае плячыма. У школе ёй заўсёды падабаліся і даваліся дакладныя прадметы. Напэўна, гэта і прадвызначыла месца будучай вучобы і спецыяльнасць: эканамічны факультэт Ашмянскага тэхнікума.

– Ніколі ў мяне нават у думках не было, што буду працаваць бухгалтарам, – расказвае Валянціна Леанардаўна. – Ведаю, што дзіцячыя мары – усяго толькі наіўныя фантазіі, але мне заўсёды падабаліся цягнікі і я ўяўляла сябе правадніцай. У прыгожай, адпрасаванай форме назіраю за незнаёмымі і рознымі па характары пасажырамі і любуюся маляўнічымі пейзажамі за акном – усё гэта паўставала ў думках такім рамантычным і цікавым. У выніку мара так і засталася марай – прыгожай, недасягальнай і ад гэтага яшчэ больш чароўнай. Цягнікі падабацца не перасталі, але тады, у юнацтве, я зрабіла іншы выбар: пасля заканчэння Варнянскай сярэдняй школы паступіла ў Ашмяны на эканаміста.

І ўсё ж нейкую частку жыцця Валянціна Леанардаўна правяла на чыгунцы. У Ашмянскі тэхнікум яна ездзіла на аўтобусах. А вось у Маскву, дзе вырашыла прадоўжыць вучобу, каб атрымаць вышэйшую адукацыю завочна, жанчына дабіралася менавіта на цягніках.

– Два гады працавала эканамістам у Белдзяржстраху, – расказвае Валянціна Леанардаўна. – А затым у пошуках работы вырашыла часова ўладкавацца галоўным бухгалтарам тады яшчэ ў аддзел культуры. Падкрэсліваю – часова. (Усміхаецца) Ды праўду кажуць: “Хочаш рассмяшыць Бога – падзяліся планамі”. Мая “часовая” праца працягваецца ўжо 23 гады.

Так пачаліся для жанчыны культурна-бухгалтарскія будні. Валянціна Леанардаўна прызнаецца, што спачатку было цяжкавата: новыя абавязкі, вялікі аб’ём работы, адказнасць і нагрузкі. Але Валянціна Леанардаўна адчувала падтрымку начальніка аддзела культуры Дануты Францаўны Чарнушэвіч, якая ўзяла яе на працу, а таксама калег “па цэху” – і паступова дэбет сышоўся з крэдэтам, работа наладзілася і прыносіла задавальненне.

– Псіхолагі раяць пасля 5-7 гадоў змяняць род дзейнасці. А я з гэтым сцвярджэннем не зусім згодна: за гэты час настолькі прывыкаеш да работы, што на іншым месцы сябе і ўявіць можаш. Дарэчы, працоўнае месца ў мяне цікавае: з аднаго боку лічбы і справаздачы, а з другой – танцы і спевы. (Усміхаецца). Мы за нашых супрацоўнікаў перажываем і падтрымаць іх на ўсе канцэрты ходзім. А як жа па-іншаму – адна каманда!

Вестку, што яе партрэт будзе павешаны на раённую Дошку гонару Валянціне Леанардаўне прынеслі калегі – жанчына ад такой навіны спачатку разгубілася.

– Адразу нават не паверыла – за якія такія заслугі? У раёне ёсць куды больш годныя людзі, чыя праца бачная і патрэбная людзям: хлебаробы, урачы, будаўнікі, настаўнікі. А затым задумалася: не сыдзецца дэбет з крэдэтам – будзе штраф, не атрымае работнік зарплату – і не выйдзе назаўтра ў поле, не будзе інфармацыі аб даходах і расходах – і парушыцца сістэма. Выходзіць, хоць работа бухгалтараў і непрыкметная, але неабходная людзям. Прыемна гэта ўсведамляць і прыемна, што гэта разумеюць і адзначаюць іншыя
Текст: