Островецкие школьники играли в ЧГК

17:39 / 13.01.2013

Пра тое, што дарослая палова насельніцтва Астравеччыны ўжо падсела на інтэлектуальную іголку, гаворана не раз і не два. А нядаўна стала зразумела, што і дзеці ўсур’ёз зацікавіліся гэтай складанай, але і цікавай гульнёй.


Тое, што папулярнасць гэтай інтэлектуальнай гульні сярод дзяцей у  нашым раёне расце,  паказаў раённы турнір 15 абласнога асінхроннага турніру сярод дзіцячых каманд па гульні “Што? Дзе? Калі?”, які напрыканцы снежня прайшоў у Астраўцы. Школьнікі маглі заявіцца на гульню ў трох узроставых катэгорыях: малодшыя ювеналы – вучні 7 класаў, старэйшыя ювеналы (8-9 класы) і юніоры (10-11 класы).
Арганізатарамі раённага дзіцячага турніру сёлета  сталі Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”. Праходзіў турнір на базе дзіцячай школы мастацтваў.
Паказаць свой розум і спрыт рашылася ажно 18 школьных каманд, ім неабходна было адказаць на 36 пытанняў, прадстаўленых Беларускай лігай інтэлектуальных каманд.
Ва ўзроставай катэгорыі “юніоры” зарэгістравалася шэсць каманд – “Астрон” з гімназіі №1, “Інтэлектуалы” з Дайлідскай школы, “Ведаем як” з Міхалішкаўскай СШ, “Пеледа” з Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання, “Алімпікус” з Рытанскай школы і “Маналіт” з СШ №1.
Старшых ювеналаў прадстаўлялі: “Логас” і “Ост” з гімназіі №1, “Совушкі” з Мальскага НПК, “Шанс” з Гервят, “Новае пакаленне” з Гудагайскай СШ, “Шырокі спектр” з Варнянскага НПК і “Энергія” з СШ №1.
І пяць каманд вырашылі заявіць пра сябе ў самай малодшай катэгорыі – гэта “Здаравякі” з Мальскага НПК, “Шторм” з Гервяцкай школы, “Дзеці Эйнштэйна” з Падольскага НПК, “Пазітыў” з СШ №1 і “Умка” з Альхоўскай школы.
Незразумелым, прынамсі для мяне, і як вынік непад’емным для дзяцей  стала і тое, што ўсім, незалежна ад узросту,  неабходна было адказваць на аднолькавыя пытанні, якія былі не такімі і лёгкімі.
У выніку 17 пытанняў аказаліся “грабамі” – гэта значыць на іх ні адна каманда не дала правільнага адказу. Хаця, калі б рабяты былі больш уважлівымі, то палову з іх маглі б узяць.
Так, ніхто не даў правільнага адказу на пытанне пра Гару Крыжоў, што знаходзіцца непадалёк ад літоўскага горада Шаўляй, якая  афіцыйна  ў 1923  годзе была прызнана каталіцкай святыняй. Артыкул у “Камсамольскай праўдзе” пра гэтую гару называўся “Аднясу сваё сэрца на Гару Крыжоў”.  Што ў назве гэтага артыкула было схавана за словам “сэрца”?  – гучала пытанне. “Душу, грахі, жыццё, веру” – адказвалі рабяты, і, на жаль, ніхто не здагадаўся, што несці  трэба было – гора.
Толькі гімназічны “Астрон” даў правільны адказ на пытанне  пра культурны цэнтр з пляжам, які размяшчаецца ў паўднёвым прыгарадзе Лос-Анджэлеса, і пра каблукі, якія французская рэвалюцыя аб’явіла па-за законам, як сімвал грамадскай няроўнасці.
Толькі каманда “Пазітыў” з СШ №1 дала правільны адказ на пытанне пра сцяг з выявай кола, што вісіць каля штаб-кватэры ААН, і належыць не дзяржаве, а народу  і, менавіта, цыганам.
Як потым стала зразумела, многія каманды проста чапляліся за нейкае слова, а не паглыбляліся ў сэнс пытання,  і такім чынам стараліся проста здагадацца, што ж там утойваецца за тым самым пытаннем.
Так, напрыклад, было з пытаннем, у якім неабходна было назваць слова, якое атрымала грамадзянства ад Максіма Багдановіча. Гэтае ж слова славянскага гучання жыве ў беларускай мове замест слова Венера і вядома, як адзін з беларускіх брэндаў. Рабяты называлі “Алеся” “Світанак”, “Гарызонт” і толькі каманда “Логас” з гімназіі №1 здагадалася, што гэтае слова – мілавіца.
Напэўна, ажыятажам ставораным сродкамі масавай інфармацыі аб канцы света, можна патлумачыць адказ, які далі амаль усе каманды на пытанне “пра звышдалёкі міраж, які ў чэрвені 1815 года з’явіўся ў бельгійскім горадзе Верв’е”. Да чаго  рыхтаваліся тыя, каго ўбачылі людзі ў небе? Правільны адказ – да бітвы пры Ватэрлоа, а зусім не да канца света, як падумала большасць каманд.
Затое амаль ўсе далі правільны адказ пра навагоднія цацкі, якія ў 1935 годзе вырабляліся з нарыхтовак прадназначаных для вырабу электрычных лямпачак. Усе школьнікі далі правільны адказ пра знакамітую “Кацюшу”, якая праславілася ў Вялікую Айчынную вайну.
Па выніках, якія скрупулёзна падлічвалі члены журы, атрымалася што лепшай сярод юніораў стала каманда “Астрон” з гімназіі №1 – рабяты заваявалі І месца, на другім месцы ў гэтай узроставай катэгорыі апынулася каманда Міхалішкаўскай СШ “Ведаем як”.
Сярод старшых ювеналаў першае месца заваяваў гімназічны “Логас”, другое месца таксама за гімназістамі – “Ост”, трэцяе – у “Шанса” з Гервяцкай школы.
Складаней за ўсё было малодшым ювеналам. Тут першае месца журы не вызначыла – вельмі мала правільных адказаў далі сямікласнікі, якія ўдзельнічалі ў турніры нараўне са старшакласнікамі. Другое месца журы прысудзіла  камандзе “Пазітыў” з СШ №1, і трэцяе падзялілі каманды “Шторм” з Гервяцкай школы, “Дзеці Эйнштэйна” з Падольскага НПК і “Умка” з Альхоўскай СШ.
Ужо ў другой палове студзеня лепшыя каманды Астравеччыны прымуць удзел у сінхронным чэмпіянаце рэспублікі па гульні “Што? Дзе? Калі?”, які пройдзе ў Ашмянах.


Алена ЯРАШЭВІЧ.



Паварушым звілінамі:

–    Первое упоминание об этом «Синем поезде» относится к 1883 году. В первую мировую войну он трудился, вторую мировую – не пережил. В 1974 – воскрес на экране, а в 1982 – восстал из мёртвых. А под каким названием он вошёл в историю?


–    Известная нам всем история. Дело происходило в лесной зоне. В месте дислокации одного героя оказался, к сожалению, и второй, Первый слишком высоко оценил себя, чем не замедлил воспользоваться второй. В результате, чего не удалось сделать первому?


–    Обычно на торжествах принято расставлять столы буквой «П» или «Т». А какое событие побудило расставить столы латинкой «L»?