Інтэлектуальныя гульні: Волак і Вісек не паддаюцца

08:30 / 20.10.2011

Штогадовы турнір па інтэлектуальных гульнях сярод каманд раённых цэнтраў і малых гарадоў на кубак Волака і Вісека набірае абароты. Калі ў першым, 2000-га года, удзел прынялі 13 каманд, то сёлета ўжо 29 – 20 дарослых і 9 дзіцячых. Разам з імі сінхронна ігралі “Што? Дзе? Калі?” па інтэрнэце ўмоўна малыя гарады Украіны, Расіі, Ізраіля, Канады, краін Прыбалтыкі. Для пераможцаў сярод іх арганізатары зацвердзілі спецыяльны дыплом.


Адкрыўся чэмпіянат – арганізатары назвалі яго фестывалем – урачыстым прывітаннем прадстаўнікоў мясцовай улады Ваўкавыска і інтэлектуальна-забаўляльным шоу, якое бліскуча правёў бяззменны куратар спаборніцтваў за Кубак і іх ідэйны натхняльнік, уладальнік Крыштальнай савы Леанід Клімовіч.



КАМАНДЫ

Падобна, інтэлектуальная моц Беларусі знаходзіцца зусім не ў сталіцы, а ў малых гарадах і раённых цэнтрах. Прынамсі, на ваўкавыскі фестываль эрудытаў прыехалі сапраўды славутыя і вопытныя каманды. Чатыры дарослыя і дзве дзіцячыя прыбылі з Гродна. Па дзве тых і другіх прадстаўлялі горад Ліду. Моцную шасцёрку юных эрудытаў прыслалі Баранавічы, дарослую – горад Горкі Магілёўскай вобласці. Загартаваныя ў інтэлектуальных баях калектывы знатакоў, якія ўжо “засвяціліся” на брэйн-рынгу ў сталіцы і выдатна паказалі сябе на іншых турнірах, прадстаўлялі горад Дзяржынск Мінскай вобласці. Былі шасцёркі зборныя – з двух гарадоў ці райцэнтраў. Наш паўночны рэгіён прадстаўлялі смаргонская “Оксна”, ашмянская “Гасіла” і астравецкія дарослая “Астра” і дзіцячая “Астрон” з гімназіі ды рэдакцыйны “Востраў шанцавання”. Праўда, па збегу прычын і абставін апошняя змагла адправіць на турнір толькі трэць свайго складу, у Ваўкавыску дадаліся два “легіянеры”. Таму капітан Павел Іваноўскі зарэгістраваў каманду пад новай назвай – “Астравыск”. Настроіліся змагацца ўчатырох, але няйначай як па Божаму промыслу да нас далучыўся малады бацюшка – айцец Аляксандр, святар аднаго з ваўкавыскіх храмаў. Ён стварыў сваю каманду маладых інтэлектуалаў “Благавест”, якая добра сябе пазіцыяніравала на інтэлектуальных спаборніцтвах, але для ўдзелу ў чэмпіянаце не сабралася. Бацюшка прыйшоў “пахварэць” за землякоў, а апынуўся ў крэсле іграка. На жаль, толькі на адзін вечар – назаўтра, у нядзелю, ён мусіў быць на багаслужэнні.



ГУЛЬНЯ

У абавязковай праграме ў першы дзень (дакладней, вечар) фестывалю былі заяўлены гульня “Рызыкуй!”, “Тройка”, адборачны тур – для дарослых, “Свая гульня” – для дзяцей і, нарэшце, “Тройка” — фінал для васьмі каманд. Для “Астравыска”, нягледзячы на “нешчаслівы” нумар – трынаццаты, усё складвалася няблага. Рызыкавалі і штрафных балаў нахапалі дастаткова, таму і выйшлі на 18-е месца. Лепш “рызыкавала” “Астра” – на 12-м. У “сваяку” нашы юныя знатакі занялі чацвёртае месца.
З “Тройкай” наша каманда сутыкнулася другі раз і ўжо ведала, што гэта за выпрабаванне. Тым не менш, у васьмёрку фіналістаў “Астравыск”, набраўшы 143 ачкі, прабіўся! Праўда, у фінале нам трапіўся надзвычай моцны, натрэніраваны і эрудзіраваны сапернік – гродзенская каманда “Скідзельскія буракі”, асобныя гульцы якой выступалі на брэйн-рынгу і зраўняцца ў хуткасці рэакцыі з імі было цяжка. Зрэшты, такому саперніку прайграць не сорамна.
Самае напружанае спаборніцтва чакала нас на другі дзень – турнір эрудытаў “6х6” і “Што? Дзе? Калі?”, галоўная, заліковая гульня. Складалася яна з трох тураў, па пятнаццаць пытанняў у кожным. На пытанні першых двух сінхронна адказвалі па інтэрнэце замежныя ўдзельнікі турніру, трэці ж гулялі суіскальнікі Кубка Волака і Вісека. Няблага справіўшыся з “эрудыткай” і першым турам ШДК, у двух наступных “Астравыск” стаў дапускаць памылкі. Далі аб сабе знаць незгулянасць і колькасная непаўната каманды, бо чым больш ігракоў, тым больш версій адказаў і адзін з іх, верагодна, будзе правільны. Ды і пытанні шаноўны Леанід Клімовіч падабраў адно ў адно – закавырыстыя. Абсалютнай “труной” стала пытанне з заменай слоў пра немцаў, якія часцей за іншых турыстаў падаюць скаргі ў суд на нядобрасумленныя турыстычныя агенцтвы. Адна скарга ўвязвала ў адно прэтэнзіі наконт брудных вокнаў і нахабных мышэй у гатэлях. Трэба было адгадаць, што мелася на ўвазе пад словамі “брудныя” і “нахабныя”. Аказалася, турысты скардзіліся на тое, што ў адчыненыя вокны заляталі лятучыя мышы. Такая версія не прыйшла ў галаву ні адной з каманд.
“Астравыск” найгорш адчуваў сябе ў трэцім туры. У выніку – 15-е каманднае месца, у “Астры” – 17. На восьмым з дзевяці апынуліся “Астроны”. Зрэшты, каманду юных астраўчан усё роўна можна павіншаваць з паспяховым выступленнем – сярод дзіцячай “дзявяткі” проста не было слабых каманд, таму што не было прадстаўнікоў райцэнтраў – толькі гарадскія дружыны.
Не хацелася б суцяшацца банальшчынай кшталту “галоўнае – не перамога, а ўдзел”, але ў дадзеным выпадку ўсё менавіта так. Сустрэцца на інтэлектуальным рынгу і памерацца сіламі з такімі “асамі”, як лідскія “Ушэльцы”, гродзенскія “Скідзельскія буракі”, дзяржынская “ЧК”, ваўкавыскія “Крэмень”, “Белая лошадка”, лідская “Гербера” (“Лакафарба”), шчучынская “Ківікарнацыя”, мы лічым за гонар. Ды і горацкі “Залаты слон” аказаўся зусім не прастаком, хаця ў гульнях першага дня асабліва не вызначаўся. Праўда, каманды-госці з іншых абласцей гулялі па-за залікам. Кубак Волака і Вісека застаўся на Гродзеншчыне – яго павезлі дадому “Скідзельскія буракі”.
Словам, мы атрымалі жаданую порцыю адрэналіну, пазнаёміліся з цікавымі людзьмі і яшчэ раз выпрабавалі свае інтэлектуальныя сілы. Ну і выдатна!


Таіса СЯМЁНАВА.