Каманда інтэлектуалаў “Magnum ignotum”

09:51 / 26.09.2011

Працягваем знаёміць нашых чытачоў з удзельнікамі раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях.
Адна з каманд, якая разам з рэдакцыйным “Востравам шанцавання” стаяла ля вытокаў інтэлектуальнага руху ў раёне, прымала непасрэдны ўдзел у арганізацыі ўсіх турніраў і сёлетняга чэмпіянату, — “Magnum ignotum”. І наша сённяшняе знаёмства – з імі, інтэлектуаламі з райвыканкама.


— Віктар Збігневіч, пазнаёмце, калі ласка чытачоў з удзельнікамі вашай каманды.
Віктар Свіла:
Трэба зазначыць, што склад каманды практычна не змяніўся з першай гульні. Сёння, на жаль, адсутнічае адзін з самых моцных нашых ігракоў – начальнік агульнага аддзела Валянціна Іванаўна Дземеш, якая ў камандзе з самага пачатку. Не прапусціла ніводнай гульні і Святлана Уладзіміраўна Родзь з упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва. Пачынала разам з ёй і супрацоўніца гэтага ж аддзела Алена Станіславаўна Дукевіч, але потым з-за шэрагу прычын ёй давялося прапусціць некалькі гульняў, і на замену прыйшла спецыяліст ідэалагічнага аддзела Кацярына Леанідаўна Лянкевіч, якая ўжо трывала прапісалася ў камандзе. Заўсёды ў асноўным саставе начальнік аддзела эканомікі Андрэй Віктаравіч Зорка. Мой галоўны памочнік ва ўсіх арганізацыйных пытаннях Аляксандр Яўгенавіч Клімчэня.
Аляксандр Клімчэня: І, вядома ж, наш капітан і ідэйны натхняльнік, без якога нічога б не было, — намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
—Як узнікла і як фарміравалася ваша каманда?
Святлана Родзь: Ну як? Звычайна: партыя сказала: “Трэба!” — камсамол адказаў: “Ёсць!”. Віктар Збігневіч паставіў задачу: трэба прыняць удзел у інтэлектуальным турніры – мы і пайшлі.
Віктар Свіла: На самой справе было так. Калі мы з вамі вырашылі па прыкладу Ашмян арганізаваць першы інтэлектуальны турнір у раёне, было пэўнае апасенне: ці збяруцца каманды? Справа ж новая, незнаёмая. Вось тады і вырашана было выставіць і каманду райвыканкама – так бы мовіць, для масавасці.
Андрэй Зорка: На пешым часе мы нават збіраліся разам, трэніраваліся… Цяпер, на жаль, на гэта не хапае часу.
— А не было апаскі, якая, ведаю, стрымлівае ад удзелу ў інтэлектуальных гульнях многіх: а раптам зоймем апошняе месца, скажуць тады: вось якія там “разумнікі” сядзяць у райвыканкаме…
Віктар Свіла:
Як гэта часта бывае, страх прыйшоў потым, калі ўявілі, што такое і сапраўды магло б быць – гульня ж ёсць гульня, і існуе мноства фактараў, якія ўплываюць на яе поспех ці няўдачу. А спачатку ні пра што такое не думалі. На шчасце, згулялі нядрэнна – і ў першым турніры, і ў наступных, і ў сёлетнім чэмпіянаце трымаемся ў тройцы лідэраў, хоць гульні і сапраўды былі розныя – і больш удалыя, і менш – як, напэўна, і ва ўсіх. Ну ды няўдачы таксама патрэбны – сёння, падобна, усе ўжо “перахварэлі” дзіцячымі хваробамі кшталту падазрэнняў, што вось, маўляў, каманда райвыканкама зараней ведае правільныя адказы – таму і трымаецца сярод лідэраў…
— Можа, ужо рассакрэціце назву вашай каманды? І адкуль яна ўзялася? Што азначае “Magnum ignotum”?
Віктар Свіла:
Ды які тут сакрэт? Кожны, каму гэта цікава, можа адкрыць інтэрнэт, набраць лацініцай гэтыя два словы – і даведацца адказ. Варыянты, праўда, могуць прапаноўвацца крыху адрозныя, але на самой справе “Magnum ignotum” азначае “вялікае невядомае” – прыкладна тое ж, што і “tera inkognita”. Некаму, магчыма падасца, што назва з прэтэнзіяй на “вялікае”, але тут ключавое слова – “невядомае”. Аб ім у працэсе гульні мы і спрабуем даведацца.
Андрэй Зорка: Калі ўпершыню ўзнікла пытанне пра назву каманды, прапановы былі розныя. Але Віктар Збігневіч у нас – знаўца і прыхільнік лацінскіх прыказак і фразеалагізмаў, ён і выбраў гэты выраз. На ім і спыніліся ўрэшце.
Віктар Свіла: Дарэчы, назва нашай галоўнай інтэлектуальнай гульні – “Што? Дзе? Калі?” – таксама частка вядомага лацінскага выразу: следчым трэба было адказаць на некалькі пытанняў, каб разабраць справу “па костачках”: Што? Дзе? Калі? Якім чынам? З чыёй дапамогай?
— Ведаю, што многіх нашых інтэлектуалаў у гульню прывялі дзеці – мяне, у прыватнасці, вашу Валянціну Іванаўну Дземеш, Вольгу Тадэвушаўну Лябецкую з гімназіі. У вас, Віктар Збігневіч, наколькі я ведаю, дзеці таксама актыўныя ўдзельнікі інтэлектуальных гульняў?
Віктар Свіла: Ну, пра Валянціну Іванаўну гаварыць не буду – у яе і сапраўды дачка, пакуль вучылася ў школе, была актыўнай удзельніцай інтэлектуальных гульняў. У мяне ж гэта было крыху па-іншаму, хоць дачка і сапраўды гуляе ў розных турнірах, і ў тэлевізійным брэйн-рынгу неаднойчы прымала ўдзел, прадстаўляючы там Ашмянскі раён.
Напэўна, усе мы ў свой час любілі глядзець па тэлебачанні вельмі папулярную ў свой час перадачу “Што? Дзе? Калі?” з непаўторным Уладзімірам Варашылавым: “хварэлі” за знатакоў, спрабавалі самі “падняць” пытанні… Калі ў Ашмянах быў арганізаваны першы турнір, я пайшоў на гульню ў якасці гледача – паназіраў, таксама “ўзяў” нешта з пытанняў. Але думкі прыняць удзел самому не ўзнікла і тады.
А мой асабісты ўдзел у інтэлектуальных гульнях адбыўся дзякуючы вам, Ніна Аляксееўна: калі вы задумалі арганізаваць падобны турнір у Астраўцы, тады і з’явілася, як я ўжо гаварыў, жаданне паспрабаваць свае сілы. Так вось і атрымалася…
Аляксандр Клімчэня: І мяне ў інтэлектуальныя гульні таксама прывялі вы, Ніна Аляксееўна – так і запішыце! Неяк мы ехалі разам у Гродна, і вы па дарозе так захоплена расказвалі пра турнір у Ашмянах, у якім прымалі ўдзел…
— Як размяркоўваюцца ролі ў вашай камандзе? Хто за што адказвае? І хто прымае рашэнне?
Святлана Родзь: Ну хто? Вядома ж, капітан!
— Што, Віктар Збігневіч такі аўтарытарны капітан – як сказаў, так і будзе?
Андрэй Зорка: Ну не! Вельмі часта капітан мяняе сваю версію на іншую…
Віктар Свіла: Здараецца, што сваю правільную на чужую няправільную…
Андрэй Зорка: І усё ж часцей за сталом капітан выбірае правільную версію, незалежна ад таго, хто яе падаў. Мы ж – каманда!
— Ваша каманда ў раённым інтэлектуальным руху з самага пачатку. Ці адчуваеце вы яе рост? І ўвогуле – ці аказваюць інтэлектуальныя гульні нейкі ўплыў на паўсядзённае жыццё? Ці варта працягваць падобныя турніры і чэмпіянаты? І што, магчыма, на вашу думку, у іх варта было б змяніць?
Віктар Свіла:
Не магу сказаць, што мы поўнасцю задаволены сваёй гульнёй. Пакуль што камандны пошук правільнай версіі здараецца не так часта, як хацелася б: ведаем – адкажам, не ведаем – “у пралёце”. Хоць, зрэшты, пытанняў, разлічаных выключна на веды, на эрудыцыю, не люблю – нецікавыя яны. Але ж форму адказу трымаць навучыліся – і гэта добра. Бо раней здараліся выпадкі, калі аддавалі ачкі менавіта па гэтай крыўднай прычыне.
Але я заўважыў, што ўдзел у інтэлектуальных гульнях увогуле дапамагае ў жыцці і рабоце. Часта здараецца, што пры мінімуме інфармацыі неабходна прыняць правільнае рашэнне – і трэба ў сціслы тэрмін сканцэнтравацца, пралічыць магчымыя варыянты і выбраць найлепшы. Мы неяк абмяркоўвалі гэта з капітанам медыцынскай каманды Уладзімірам Часлававічам Мажэйкам – і прыйшлі да высновы, што людзі, які займаюцца інтэлектуальнымі гульнямі, і ў паўсядзённай працы вызначаюцца творчым падыходам да справы. Канешне, прасцей дзейнічаць па інструкцыі – але ж іх на ўсе выпадкі жыцця пры ўсім жаданні не напішаш, і часта для вырашэння пытання патрабуецца творчы, неардынарны падыход – і тут вельмі дапамагаюць нашы інтэлектуальныя трэніроўкі.
З таго, што не вельмі падабаецца на нашых гульнях, назваў бы залішні, на мой погляд, “разгул дэмакратыі”: усе гэтыя выкрыкі, каментарыі з месцаў, неабгрунтаваныя спрэчкі… Павінен існаваць своеасаблівы кодэкс паводзін – і ігракоў, і вядучага, і журы. Калі нехта не згодзен з рашэннем журы, то існуе пэўны парадак падачы апеляцыі – у нас жа кожны бяжыць да стала і пачынае даказваць сваю правату. Мне здаецца, што ў будучым добра было б мець незалежны савет экспертаў, які б разглядаў падобныя спрэчныя пытанні і прымаў рашэнне.
А працягваць інтэлектуальныя спаборніцтвы ў раёне, вядома ж, патрэбна – мне здаецца, што з гэтым пагодзяцца ўсе, хто хоць раз прыняў у іх удзел – гэта па-добраму зацягвае. Тое, што дарослыя людзі раз у месяц ахвяруюць сваім вольным часам, збіраюцца разам і захоплена шукаюць адказы на пытанні, сведчыць, што ім гэта цікава. Толькі, магчыма, час ужо нам самім вучыцца іх арганізоўваць і праводзіць. Вядома, дзякуй вялікі Ларысе Каханоўскай, што з яе дапамогай і наш раён далучыўся да інтэлектуальнага руху, але ж нельга ўвесь час спадзявацца на іншых і больш таго – залежаць ад іх.
— Ну што ж, будзем спадзявацца, што пры вашым удзеле і з вашай падтрымкай усё так і атрымаецца. А пакуль – поспехаў вашай камандзе – зрэшты, як і ўсім іншым. Бо даўно і не толькі намі адзначана, што ў інтэлектуальных турнірах важны не столькі канчатковы вынік, колькі сам працэс.
Каманда“Magnum ignotum”:
Згодны!


Гутарыла Ніна РЫБІК.